«З бадзенеўскага сшытка»

312

"З бадзенеўскага сшытка"Сплываюць гады чародамі,

Сплываюць і не пытаюцца:

Ці гнаўся наўслед за модамі,

Гарбаціўся ці гультаіўся?

 

Адзін веславаў ці параю —

З другою сваёй паловаю, —

Без розніцы там, за хмарамі,

Дзе ўсё незнаёма-новае.

 

А што застаецца? Музыка

Тых дзён, што бруілі ўзрушліва

Ад першай сцяжынкі вузенькай

Да многіх дарог спакуслівых.

Радкоў застаецца мроіва,

Дзе мары блішчаць каралямі,

Радкоў пра духмень садовую,

Пра дні, што сплываюць далямі,

 

Сплываюць, нібы чародамі,

Над вечнасці агародамі…

 

Хай сняцца сны. А добрыя збываюцца,

Пакуль жыццё — суцэльны палігон,

Дзе дабрыня, бывае, забываецца,

Благое — мчыць за намі наўздагон.

 

І ў гэтым коле, гэтай кругабежнасці

Суседзямі — сябры і несябры,

Суседзямі — нягрэшнікі і грэшнікі,

І нават — песняры і хлусняры.

 

І кожнаму нябёсамі адмерана

Жыццёвая няпростая вярста

Ад Берага З’яўлення і да Берага,

Адкуль глядзіць нямая пустата.

 

І ў гэтай кругаверці разняволенай

Валеты так і пруцца ў каралі,

А каралі звяргаюцца ці войнамі,

Ці здрадай — здрайцаў многа на Зямлі.

 

Адно паэты, быццам бы заклятыя,

Загадку свету мкнуцца разгадаць

І ў гэтым прад усімі вінаватыя —

Іх зорны час закончыўся, відаць.

 

І толькі ў снах бывае, што збываюцца

Іх мары, як нябесны плытагон

Вяшчуе: “Дабрыня не забываецца…”

Хаця жыццё — суцэльны палігон…

***

Мінае дзень. Мінае незваротна.

І, будзь ты самы найчароўны маг,

Як ні ўсміхайся светла-бесклапотна —

Прыходзіць час пытанняў і разваг.

 

Ці ўсё зрабіў? Ці ўсё, што ёсць, ад Бога?

Ці ўсё аддаў, ужо немаладзён,

Ці больш узяў пакункамі ў дарогу,

Вярнуць паабяцаўшы цягам дзён?

 

Ці вольны свет? Ці думцы ў ім так вольна?

Як мудрасць ёсць, чаму ж ліецца кроў?

Чаму паэт, нібы ізгой бяздольны,

Ахвярай стаў для хціўцаў-махляроў?..

 

Пытанняў шмат. Хай час на іх адкажа.

Сплывае дзень. Спяшаецца-бяжыць…

Пакуль гады — не цяжкая паклажа,

Патрэбна жыць,

Шчэ як патрэбна жыць!

***

Калі б я ведаў пра ўсё на свеце:

Дзе дождж начуе, не плача вецер,

 

Дзе песні-гулі снуюцца мройна,

Душы — шчымліва, наўсцяж — спакойна, —

 

Я паляцеў бы на крылах-марах

У край дзівосны, у край бясхмарны,

 

Каб толькі песціць радкі-радочкі

Пра маладыя дзянькі і ночкі,

 

Пра асцярогу пачуццяў першых,

Што ажываюць адно што ў вершах

 

І незямное нясуць адхланне:

Якое ўсё-ткі было каханне!..

 

Калі б я ведаў пра ўсё на свеце:

Дзе дождж начуе, не плача вецер…

***

Па-ранейшаму верыцца

І, як колісь, наіўна здаецца,

Што ўсё добрае вернецца,

А напісанае — застанецца.

 

Па-ранейшаму верыцца,

Што не ўсё прадаецца за грошы,

Што для веры і вернасці

Прыйдзе час немінуча-харошы.

 

Па-ранейшаму верыцца,

Што бясследна нішто не знікае

Ні ў далёкай Амерыцы,

Ні ў маім распакораным краі…

 

Па-ранейшаму верыцца…

***

Ад сівой даўніны мудрых думак сувой

Не згубіўся ў вяках і сягоння дарэчы:

“…Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,

А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

 

Не забудзь, хто табе адкрываў новы свет,

Хто вучыў шанаваць і радзіму, і мову.

Пранясі па жыцці гэты сказ-запавет

І сынам перадай як святую замову:

 

“Дзе б ні быў, ні хадзіў ці адзін, ці з сям’ёй,

У апратцы сялянскай ці, можа, у фрэнчы,

Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,

А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

 

І тады Бог даруе правіны твае

І падасца жыццё зразумелым і цэльным.

Толькі думка адна мне заснуць не дае:

Вельмі мала сваіх мы настаўнікаў цэнім.

 

“Дзе б ні быў, ні хадзіў ці адзін, ці з сям’ёй,

У апратцы сялянскай ці, можа, у фрэнчы,

Прад матуляй укленчы, Айчынай сваёй,

А яшчэ прад настаўніцай першай укленчы”.

***

Вячэрняя прахалода.

Спякотлівы дзень, бывай.

Няхай адпачне прырода,

Бадзенеўскі родны край.

 

Ну, колькі ўжо можна парыць?!

А заўтра ж — пад трыццаць пяць!

Адно застаецца: марыць

І вершы ўначы складаць

 

Пра дожджык грыбны-лагодны,

А лепей — каб як з вядра!

Даволі ўжо дзён пагодных:

Грыбная стаіць пара!

 

Ды толькі ж ані грыбочка,

У лес ні пайдзі які,

І дрэвы свае лісточкі

Паскручвалі, бы ў кулькі.

 

Эй, дождж, ты не спі, прачніся!

Эй, сонца, суціш прыгрэў!

Няхай праліецца з высі

Вады выратоўны спеў!

 

Няхай ачуняюць трошкі

Узлескі, лясы, палі

І скажа сваяк мой Лёшка:

“Якія грыбы пайшлі!”.

***

Не адно — дык другое ці трэцяе:

То парэз, то апёк, то укус.

А гарача-спякотнае лецейка

Шчэ сваіх дабаўляе “спакус”.

 

Бо не лашчыць лагоднымі промнямі,

А пячэ, хоць хавайся ў кусты.

Ды і там санцавейнымі поўднямі

Ад цяпла не схаваешся ты.

 

Вось бы вецер узняўся, як чаіца,

Можа б, хмару якую прыгнаў,

Бо і ў студні вада ўжо канчаецца,

Родны стаў — той ад смагі сканаў…

 

Не адно, дык другое ці трэцяе…

Толькі лёс па-другому не звіць.

Эх вы, дні гарачынныя лецейка!

Славіць вас — нібы Бога гнявіць.

***

Да новае стрэчы!

Да казачна-новай вясны!

Усё недарэчы:

Жаданні, і мары, і сны.

 

Усё мімалётна,

А ты паспрабуй затрымай

І студзень сумётны,

І ў квецені сонечны май,

 

І ночы сваволі,

І дзён залатыя віры,

Што столькі патолі

Дарылі — і ты падары

 

Радзіме — адданасць,

Бацькам — дабрыню і любоў,

Сябрам — беззаганнасць

Учынкаў, памкненняў і слоў.

 

А дзецям і ўнукам,

Калі пасачылі цябе,

Пакінь без прынукі

Усё, што нясеш на гарбе:

 

І плуг, і лапату,

І працы сялянскай сакрэт,

І бацькаву хату,

Што сына выводзіла ў свет.

 

І вершы-прызнанні

Радзіме, матулі і ўсім,

Хто ўвечар і ўранні

Цябе ў сваім сэрцы насіў.

 

Скажы ім: “Да стрэчы!

Да казачна-новай вясны!” —

Калі недарэчы

Жаданні, і мары, і сны.

***

Новы дзень распрамляе наросхліст крыло —

І наноў ажываюць сумненні-трывогі:

А ці ўсё, што рабіў, неабходным было,

Мо таптаў не свае, а чужыя дарогі.

 

Мо ў жыцці не пазбег ні дзяльцоў, ні падліз

І пачуцці свае раздаваў без разбору?

Мо прад дужым трымцеў, як асінавы ліст,

А прад слабым свой голаў закідваў угору?

 

Мо залішне маўчаў, абыходзіў бяду,

Лёгкі флірт выдаваў за святыя пачуцці,

Раз апёкшыся, дзьмуў столькі год на ваду,

Па бяспуцці ішоў і не выйшаў з бяспуцця?..

 

Новы дзень распрамляе наросхліст крыло —

І наноў ажываюць сумненні-трывогі:

А ці ўсё, што рабіў, неабходным было,

Мо таптаў не свае, а чужыя дарогі…

***

Навакол — зямная прахалода.

Дождж пайшоў спаволенай хадой.

І сады ўздыхнулі, і гароды,

Дажджавой абмытыя вадой.

 

Ажылі прывялыя ўжо травы,

Кветкі ўверх прыўзнялі галаву,

І дубок маленькі кучаравы

Нібы шэпча некаму: “Жыву!”.

 

Сінява выглядвае з-за хмары,

Бы чакае вызвалення міг.

Хутка сонца зноў загаспадарыць

На абшарах вечнасці сваіх.

Мiкола ШАБОВIЧ.