Як школа ратавала кацяня

371
Як школа ратавала кацяняКаця Коваль марыць стаць урачом, дапамагаць людзям. Яна ўпэўнена, што менавіта міласэрнасць і дабрыня ратуюць свет. І нават, калі ў цэнтры падзей усяго толькі маленькае кацяня… Адсюль, зрэшты, і апавяданне.
Першым безабароннае стварэнне на вершаліне старога высачэзнага каштана агледзеў Колька-першакласнік. Ён бег у школу і, бадай, перад самым ганкам пачуў жаласлівае “мяў”. Хлапчанё, вельмі чулае па характары, прыпынілася. Зыркімі вачанятамі стала ўзірацца ў магутнае голле. Там і прыкмеціла спалоханае кацяня. Хто так жорстка пажартаваў над жывёлай, сказаць было цяжка. Складана было ўявіць і выратаванне малога: вышыня крэсліла ўсе надзеі.
Першым руку дапамогі паспрабаваў працягнуць адзінаццацікласнік Улад. Высачэзны, спартыўны, лёгкі… Здавалася, вось ён герой! Аж не. Пазмагаўшыся хвілін колькі з таўшчэзным ствалом, хлопец апусціў рукі: далезці да пункта прызначэння было немагчыма. Яшчэ і званок рушыў планы: урокі, вядома ж, ніхто не адмяняў, а дзятве было яўна не да заняткаў. Цёці Галі, якая ні на хвіліну не парушала школьны распарадак, нават прапанавалі “схібіць”, але ўрок ёсць урок… Затое на наступным перапынку натоўп цікаўных вырас удвая: вестка пра “палоннага” разнеслася з хуткасцю смс-паведамленняў па ўсёй школе. Не папоўнілі гурт зявак, бадай, толькі тыя, хто з вечара не выканаў дамашняга задання: на той момант для іх галоўным было выратаваць сябе.
Тым часам аперацыя пад назвай “дапамажы кацяняці” працягвалася. Дакладней, усяго толькі планавалася. І цяжка сказаць, чым бы казка закончылася, каб не жанчына, якая праходзіла непадалёк. Яна і параіла выклікаць супрацоўнікаў МНС. Дастаць вусатага з каштана спецыялістам каштавала ўсяго-нічога… дзясятка хвілін.
Вучні, акрыленыя агульнай перамогай, не стамляліся дзяліцца добрай навіной з навакольнымі, а Колька, што з першага класа, — патэлефанаваў матулі, і яна дазволіла ўзяць кацяня дадому. Назаўтра ў хлопчыка быў Дзень нараджэння, і няцяжка здагадацца, які з падарункаў аказаўся найлепшым.
Кацярына КОВАЛЬ.
Вучаніца 11 класа ДУА “Свірскі ВПК д/с-СШ”.