Як Клім пана правучыў

280

Як Клім пана правучыўУ 1996 ГОДЗЕ збірала на Мядзельшчыне вусную народную творчасць. Удалося запісаць казку, мабыць, здаўна папулярную ў нашых мясцінах, але на той час у пісьмовых крыніцах не зафіксаваную. Расказала яе Марыя Паўлаўна Берняковіч з Чорнай Раманаўшчыны тагачаснага Старагабскага сельсавета (нарадзілася ў 1925 годзе ў вёсцы Сівыя, дзявочае прозвішча — Малько, памерла ў 2005). Гэту казку ў дзяцінстве яна чула ад свайго дзядулі.

Можа, нехта засумняваецца, ці варта чытаць такое малым: як-ніяк, ёсць эпізод з нябожчыкам (дык у казках пра Сінюю Бараду ці Хлочыка з ногцік яшчэ не такія жахі сустракаюцца). То як хочаце — казка ж змешчана на краязнаўчай старонцы, а не на дзіцячай.

Тэкт пададзены без апрацоўкі і з адступленнямі ад правілаў сучаснай літаратурнай мовы: фалькларысты заўсёды так робяць, каб захаваць асаблівасці мясцовай гаворкі.

АБ’ЯВІЎСЯ ў ваколіцы вялікі злодзей. Усюды ўсё краў, і ніяк ніхто ня мог яго злавіць. Прачуў пра гэта пан і прыдумаў правучыць Кліма.

— Клім, да пана!

— Слухаю пана.

— Калі ты такі злодзей, украдзі ў мяне са стайні коней.

— Добра, паночку, украду.

Пан узяў, паставіў старажэй каля дзвярэй, спусціў сабак псярню, а Клім гэтым часам зарэзаў барана, узяў бочачку гарэлкі, увярцеў у гарохавіны і пакаціў з гары да стайні. Тут старажы ўспалашыліся, думалі, што Клім коціцца, пачалі глядзець, аж там бочка.

— А брат, гарэлка! — пакаштавалі й давай піць. Ну й так напіліся, што на месцы і ляглі.

А Клім памаленьку да стайні. У той час ні было замкоў — стайня была ні замкнёна. Клім падышоў, гэтыя спяць, падаваў ім у рукі мётлы, граблі. Пайшоў у стайню, асядлаў самага лепшага каня, астатніх за аброці пабраў і паехаў.

Пан устаў і за вушы ўзяўся: і сабакі ёсь, і старажы ляжаць, а стайня расчынена і коней німа.

— Клім, да пана!

— Слухаю пана.

— Ты коней украў?

— Я, паночку.

— Калі ты такі злодзей, украдзі ў мяне з-пад падушкі грошы.

— Добра, паночку, украду.

Пан падлажыў грошы пад падушку, а Клім у гэты час узяў свярдзёлак, пракруціў столь напроць ложка, набраў вады ў бутэлькі і давай ліць. Пан прачнуўся і кажыць:

— А які дождж велькі! — і ўцёк з ложка.

А Клім тым часам схапіў грошы і наўцёкі. Пакуль пан агледзіўся, што дожджу німа, глядзь — і грошай німа.

— Клім, да пана!

— Слухаю пана.

— Ты грошы ўкраў?

— Я, паночку.

— Калі ты такі злодзей, дык украдзі з-пад боку жонку.

— Добра, паночку, украду.

Пан прынёс тапор, паставіў ля ложка, лёг, абняўся з паняй і спіць. Клім пашоў на магільнік, адкапаў мерцвяца, прынёс да акна і пачаў памаленьку вымаць шыбу. А пан пачуў ужо, што нехта лезіць. Ён узяў тапор, і нагатаваўся, і стаіць каля акна. А Клім памаленьку начаў сунуць мерцвяца праз акно галавой. Суніць памаленьку, суніць, а пан злаўчыўся і секануў па галаве — і галава пакацілася. І пачаў крычаць:

— Огня, огня, Кліма засек!

А ў той час ні было ні электрыкі, ні спічак. Нада было агонь высякаць крэсівом. Пакуль слугі высеклі агонь, Клім гэтым часам — у хату, паню на плечы і панёс. Падносіць да балота, а так ікраз із чартом спаткаўся.

— А Клімачка, што ты нясеш?

— Паню.

— Прадай мне.

— Капялюш золата — аддам.

Паню пасадзіў Клім на пень, а чорт паляцеў да бацькі па золата ў балота. А Клім гэтым часам выкапаў ямку, прарэзаў дзірку ў капелюшы і сядзіць — жджэць чорта.

Прыносіць чорт піляну золата.

Клім кажыць:

— Ну, сып.

Чорт як сыпануў, дык толькі забарабаніла золата, а капялюш пусты.

— Ах ты, чарцішча, хочыш, каб я табе паню дарам аддаў! Нясі яшчэ.

Прынёс чорт яшчэ піляну золата, высыпаў. Тут ужо трохі засталося ў капелюшы залатнікоў.

— Нясі яшчэ!

Чорт і трэццюю піляну прынёс. Ну цяпер ужо быў поўны капялюш із коптарам.

— Ну й забірай паню.

Клім выбраў золата ў мяшок, мяшок на плечы, капялюш на галаву й пайшоў.

А пан агледзіўся, што пані німа.

— Клім, да пана!

— Слухаю пана.

— Ты паню ўкраў?

— Я, паночку.

— А Клімачка, аддай!

— Што ж я табе аддам, я чорту прадаў.

— А Клімачка, бяры, што хочыш, ды аддай паню.

Клім узяў калкоў, пянькі, крукі і тапор і пашоў на балота. Калкі пазачэсаваў і ўверх шылаватым паўбіваў у зямлю. І сядзіць, і ўець вяроўкі. Прылятаіць чорт:

— А Клімачка, што ты робіш?

— Ую ценькі-цянёты, буду цягаць чарцей з балота і на гэтыя калкі саджаць, каб аддаў паню.

— Я злятаю да бацькі, папытаюся.

Прыляцеў назад і кажыць:

— Хто вышэй камінь падкініць, тага будзіць і пані.

А Клім гэтым часам злавіў ужо жаваранка.

Кінуў чорт камінь:

— Глядзі, глядзі!

Як кінуў Клім жаваранка — дык ён і за воблакі паляцеў.

Яшчэ паляцеў чорт да бацькі.

— Хто кага абмінець, тага будзіць і пані, — сказаў бацька навыперадкі ляцець.

А Клім гэтым часам злавіў зайца. Прыляцеў чорт.

Клім кажыць:

— Што мне з табой ляцець! У мяне во сынок, трэцці дзянёк, і той цябе абмінець, — і пусціў зайца.

А чорт за ім і крычыць:

— Пастой, параўняімся! Пастой, параўняімся!

Клім кажыць:

— Ну, аддавай пані!

— Яшчэ злётаю да бацькі, папытаюся.

Нясець ад бацькі дзве залатыя булавы, і як кінуў, аж зямля задрыжэла. Кажыць:

— Хто вышэй булаву падкініць, тага будзіць і пані.

Чорт узяў сваю булаву і кінуў уверх. А Клім стаіць і пакрануць сваю ня можыць.

Чорт кажыць:

— Кідай, чаго стаіш!

— Я гляджу, там мае браты на воблаку едуць, як бліжэй пад’едуць, кіну, яны й возьмуць.

Тут чорту стала шкода, згроб ён гэтыя залатыя булавы і дамоў:

— Бацька крычаць будзіць! — пашоў і прынёс яму паню.

Клім узяў на плечы паню і панёс пану. Пан яго яшчэ за гэта наградзіў.

Тут і казцы канец, а хто слухаў — маладзец.