Тое, што нас аб’ядноўвае…

98

У ЧАС, калі ў свеце неспакойна, хочацца пагаварыць пра тое, што нас аб’ядноўвае, робіць мірнай, стваральнай нацыяй. “Мір, шчасце, братэрства людзей — вось што патрэбна нам на гэтым свеце!” — сказаў калісьці Марк Твэн і меў рацыю. Гэта каштоўнасці, без якіх у чалавецтва не атрымалася б праіснаваць і стагоддзя.

…Людзі — як сняжынкі зімой: не знойдзецца аднолькавых. Наша ўнікальнасць нас і аб’ядноўвае. Нас аб’ядноўваюць і агульныя каштоўнасці. Не заўсёды яны будуць супадаць у розных людзей і народаў, але знойдуцца і агульныя.

Кожнае жыццё пачынаецца з цёплай усмешкі маці, з далікатных дотыкаў яе пяшчотных рук. З любові! Далей кожнае дзіця робіць першыя крокі па хаце, знаёміцца з членамі сваёй сям’і, інтэр’ерам, падворкам, вуліцай, навакольным светам. Малы чалавек здзяйсняе першыя памылкі, атрымлівае першыя перамогі. Набывае сяброў, а часам і ворагаў. Падобны сцэнарый пражывае амаль кожны чалавек на планеце. Кожны з цеплынёй успамінае моманты свайго маленства. Ці не гэта сапраўднае адзінства?

А што наконт пачуццяў? Хаця б раз у жыцці кожны чалавек ды закахаецца, і адбываецца гэта часцей за ўсё ў маладым узросце. Магчыма, каханне разаб’е камусьці сэрца. Але ніхто не хацеў бы пражыць, адмовіўшыся ад гэтага дарунка багоў, бо нічога не параўнаецца па адчуваннях з палымяным, моцным юнацкім каханнем.

Але не толькі каханне здольнае прымусіць сэрца біцца трохі хутчэй. Шчасце, смутак, гнеў, страх — усё гэта да болю знаёмыя нам эмоцыі, іх адчувае кожны, пакуль жывы. Баімся незразумелага, адчуваем адзіноту, імкнёмся да лепшага, хамім, а пасля просім прабачэння, усміхаемся і плачам, смяёмся — усё гэта мы, людзі, наша еднасць.

Нас аб’ядноўваюць самыя простыя і незаменныя рэчы: зямля, на якой жылі дзяды, жывуць бацькі і жыць нам, Радзіма… Паняцце адначасова канкрэтнае і абстрактнае, бачнае, асязальнае і… няўлоўнае. Радзіма — гэта і песні маці, і першыя таварышы, і першая кніга, і суседзі, і бярозы на ўзлеску каля дома, і шлях у старую хату, і бабуліны бліны, і тое ж першае каханне, і многае іншае…

Нельга забываць і нашу гісторыю. Гісторыя Беларусі поўная гора і слёз, але, магчыма, гэта нас і выратавала. Як нацыю. Людзям лягчэй аб’ядноўвацца для барацьбы з агульнымі ворагамі і праблемамі. Не, гэты шлях быў пройдзены нездарма. Гісторыя — самае каштоўнае, скарб для кожнай краіны. Хто не памятае сваёй гісторыі, асуджаны перажыць яе наноў.

О Беларусь, дзякуй табе, што да гэтага часу ты пакінула ў сабе частку той самабытнай народнай культуры, што стагоддзямі назапашвалі нашы продкі! Ты не затаіла ні на кога крыўды за мінулае і жывеш цяпер у міры з усімі, дзякуй за тое, што ты, Беларусь, працягваеш нас аб’ядноўваць.

Мікіта БАЛЮК, выпускнік гімназіі-інтэрната Мядзела

 

Фота ілюстрацыйнае, pixabay.com