Сяброўка — рукадзельніца

255

Раённая газета «Нарачанская зара» шмат піша пра творчых, умелых людзей. Я ж хачу расказаць пра сваю аднакласніцу Дар’ю Яцына. Яна займаецца арыгамі і з задавальненнем наведвае гурток «Рукадзельніца», які працуе пры нашай Свірскай школе пад кіраўніцтвам Інэсы Мікалаеўны Бурдэцкай. 
Напачатку гэтым відам народнай творчасці захапілася мама Дашы. Дзяўчынка, пабачыўшы, якая прыгажосць атрымліваецца з паперы, таксама паспрабавала асвоіць гэта рамяство. Першай яе работай стаў лебедзь. Птушка атрымалася даволі грацыёзная, вытанчаная. Даша парадавалася плёну сваіх рук і паказала работу кіраўніку гуртка. Інэса Мікалаеўна пахваліла яе і прапанавала паспрабаваць зрабіць папяровы кошык. А літаральна праз некалькі дзён, натхнёная настаўніцай, яна працавала ўжо над вазай.
Не так даўно ў школе была наладжана выстава работ маёй аднакласніцы. Сяброўка прадстаўляла там свае працы: і першыя, і больш познія. Яны ўсе цікавыя. Мне асабіста вельмі спадабаўся бусел над гняздом. Здаецца, ён вось-вось узмахне ўвышыні крылом, пакідаючы любую Беларусь, і паляціць у вырай. Далей стаіць арыгінальны снегавік. Ён ніколькі не горшы за таго, што ляпілі зімой хлапчукі ў двары, і сваім выглядам паказвае, што зіме таксама рада дзятва. А яшчэ Даша рабіла на конкурс пажарную машыну. Яна таксама атрымалася вельмі падобная на сапраўдную…
Неяк пацікавілася ў сяброўкі:
— Ці складана рабіць папяровыя мадэлі?
— Ды не, — пачула ў адказ. — Трэба толькі захацець — і ўсё атрымаецца!
— А яшчэ над чым табе б хацелася працаваць? — зноў запыталася я.
— Вельмі хачу зрабіць паўліна — вялікага, прыгожага, — прызналася Даша.
Мне таксама хочацца, каб усё, што задумала Даша, збылося. Каб яе ўмелыя рукі стварылі яшчэ шмат дзівосных работ, якімі б зачароўвалася і яна сама, і навакольныя. А аднакласнікі і іншыя вучні школы, убачыўшы працы дзяўчынкі, таксама ў вольны час заняліся народнымі промысламі. І не абавязкова арыгамі. Ёсць нямала і іншых цікавых і карысных захапленняў.
Анастасія ЛОБАЧ.
Вучаніца 7 класа Свірскай сярэдняй школы.