Святло падаючай зоркі

283

Святло падаючай зоркіЁСЦЬ людзі, якія, не наракаючы на складанасці і цяжкасці, трымаюцца за нітачку жыцця, імкнуцца да святла, усеагульнай чалавечай гармоніі. Менавіта такім і з’яўляўся самадзейны паэт з вёскі Куркулі, што на Свіршчыне, Зыдор Вайнілка. Балючы лёс напаткаў нашага земляка. Ён з маленства стаў інвалідам. Цэрэбральны параліч прыкаваў хлапчука да ложка, пазбавіў многіх дзіцячых радасцей. Апошнія гады былі ўвогуле цяжкімі. Тым не менш, З. Вайнілка ніколі не губляў аптымізму, трымаўся, як толькі мог.

Вершы ў Зыдора Вайнілкі самыя розныя: аб жыцці, лесё чалавека, пра тое, якія бываюць у ім самыя шчаслівыя моманты. Сярод іх: “Пра хлеб”, “Дзень Перамогі”, “Даруй”, “Калі б я быў чараўніком”, “Пра вясну, космас і мір”, “Зіма”, “Ручай”, “Пошук сумлення”, “Падаючыя зоркі”, “Дзень нараджэння”… Не так даўно пабачыла свет кніга самадзейнага аўтара, якая выйшла незадоўга да яго смерці. На яе вокладцы, як увасабленне чалавечага ідэалу, прыгажосці, адлюстравана падаючая зорка. З’явілася ж яна паэту ў вобразе дзяўчыны. У выданні змешчаны і партрэт самога Зыдора Вайнілкі, задуменнага, летуценнага. Яго, як і малюнак на вокладцы зборніка, стварыў мастак Алесь Цыркуноў. У кнізе можна ўбачыць і фотаздымак крыжа каля вёскі Куркулі, дзе прайшла значная частка жыцця З. Вайнілкі, а таксама партрэт святога Зыдора з касцёла ў Нястанішках. Нямала і фотаздымкаў мясцовых краявідаў, якія натхнялі паэта, дапамагалі яму пісаць вершы.

Да выдання зборніка Зыдора Вайнілкі маюць дачыненне старшыня Свірскага сельскага выканаўчага камітэта В. І. Субач і дырэктар ААТ “Свір-Агра” Г. Б. Юхно, якія адшукалі сродкі на паперу, афармленне вокладкі. Актыўнае садзейнічанне ў рэдагаванні кнігі аказалі настаўнікі В. Л. Гуйская, А. І. Дунец, вучаніцы Алеся Дрозд, Лізавета Марчанка, Віялета Мядзельская, а таксама былы вучань Алег Рамейка.

“Падаючыя зоркі” — другая кніга самадзейнага аўтара. А першая пабачыла свет у 1999 годзе. Была выдадзена дзякуючы намаганням Я. І. Вайгяніцы, якая тады працавала старшынёй Свірскага пасялковага Савета дэпутатаў, і бібліятэкара Камароўскай сельскай бібліятэкі М. І. Анішчанкі. Яшчэ ёсць адзін неабы¬якавы чалавек, а гэта настаўнік, мясцовы краязнаўца І. П. Драўніцкі. Гэта менавіта ён адшукаў і сабраў творы нашага земляка і паклапаціўся, каб яны былі надрукаваны.

Не ўсім зоркам паэзіі, мастацтва выпадае праявіць сябе ярка, на поўную сілу. Таксама і Зыдору Вайнілку не ўсё ўдалося. Жыццёвыя абставіны наклалі адбітак на яго лёс, далейшае жыццё.

“Даруй, Радзіма, што так позна

Мой голас кволы загучаў”, — пісаў паэт у адным з вершаў і нібы прасіў прабачэння, што не змог нічым праславіцца…

Вельмі добра ведаў земляка былы дырэктар нашай навучальнай установы І. П. Драўніцкі. Ён неяк расказваў:

— На кожны Новы год Зыдору ад школы пастаянна выдзялялі падарункі ад Дзеда Мароза — цукеркі. Адпраўлялі і тады, калі ён ужо выйшаў з вучнёўскага ўзросту. Не хацелі, каб на свята адчуваў сябе самотным. Такім чынам стараліся падтрымаць. Але ў 1979 годзе атрымалі з Куркулёў запіску. У ёй было напісана:

“Прашу больш падарункаў мне не прысылаць, бо ўжо старэю. Мне 27 гадоў”. Тады цукеркі замянілі кніжкамі. Але ўсё роўна віншавалі Зыдора з навагоднім святам.

Так, ёсць аўтары, якія напісалі шмат вершаў — пра Радзіму, прыроду, каханне, чым і запомніліся. Аднак ёсць і такія, што толькі некалькімі творамі маюць дачыненне да велічнага Храма паэзіі.

Вельмі рад, што мой голас пачуты,

Што да сэрцаў людскіх ён дайшоў.

Гэты дом для мяне быў замкнуты,

А цяпер у ім многа сяброў.

Гэты горад, што даў мне прытулак,

Для мяне стаў такім дарагім,

Быццам родны тут кожны завулак,

Нібы я нарадзіўся ў ім…

А піша ў вершы аўтар пра Маладзечна. Менавіта там яму давялося правесці не адзін дзясятак гадоў, з усё большай цяжкасцю пераадольваючы хваробу. Але ён не адчуваў сябе адзінокім. Вершы дапамагалі яму жыць, змагацца з захворваннем. На шчасце, у тую пару на шляху сама¬дзейнага паэта сустрэўся яшчэ адзін чалавек, чулы і мудры — Т. І. Шкадун, якая клапатліва збірала вершы З. Вайнілкі. І ў тым, што яны ўбачылі свет, ёсць заслуга гэтай неабыякавай жанчыны.

Вольга ЛАВЕЦ,

Віялета МЯДЗЕЛЬСКАЯ.

Вучаніцы ДУА “Камароўская СШ”.