“Сонечная цеплыня дрэва”

303

“Сонечная цеплыня дрэва”ХІV абласное свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”

10-19 чэрвеня 2015 года

Закрыццё свята-конкурсу — 19 чэрвеня ў 12.30

к. п. Нарач, зялёны тэатр

Культурнае жыццё Міншчыны немагчыма ўявіць без народнага мастацтва, якое з’яўляецца асновай духоўнага існавання нацыі.

Невычэрпнай крыніцай народнай мастацкай спадчыны былі і застаюцца конкурсы, фестывалі і святы, якія штогод набываюць новае гучанне, творчую арыгінальнасць і адметныя рысы. Асабліва запатрабаваным стала свята-конкурс майстроў драўлянай манументальнай скульптуры “Сонечная цеплыня дрэва”, якое ўрачыста вандруе па рэгіёнах вобласці звыш дзесяці год і трывала лідзіруе ў фестывальным календары мерапрыемстваў традыцыйнай культуры.

“Сонечная цеплыня дрэва” праводзіцца штогод з 2002 года і пагас­ціла ўжо ў Смалявіцкім, Крупскім, Валожынскім, Старадарожскім, Вілейскім, Барысаўскім, Слуцкім, Мінскім раёнах.  Як напамінак пра гэта — тэматычныя кампазіцыі драўляных манументальных скульптур, выкананых у розных мастацкіх стылях, што ўпрыгожваюць сёння тэрыторыі названых гарадоў.

Дарэчы, удзел у творчым спаборніцтве можа прыняць кожны, хто валодае тэхналагічнымі і мастацкімі прыёмамі разьбы па дрэве на аснове народных традыцый.

Сёння свята атрымала часовую прапіску на Мядзельшчыне. На дзевяць дзён 12 майстроў са сталіцы, Мінскай і Гомельскай абласцей далі волю сваім задумам і невычэрпнай фантазіі, багатаму ўяўленню і творчаму натхненню. Што з гэтага атрымаецца — пабачым у фінале. А пакуль майстры павінны зрабіць дзве скульптуры, выкарыстоўваючы розныя віды і тэхналагічныя прыёмы мастацкай апрацоўкі драўніны і аздаблення гатовых вырабаў.

У хуткім часе на Нарачы вырасце горад драўляных скульптур… і застанецца ў падарунак раёну. Каб парадаваць вока прахожых, надаць слаўным мясцінам яшчэ большага хараства.

ДАВЕДКА:

Вырабы з дрэва з’яўляюцца найбольш яскравым адлюстраваннем старажытных традыцый, вераванняў многіх народаў. Менавіта ў традыцыйных беларускіх драўляных рэчах выяўляецца натуральная прыгажосць і цеплыня матэрыялу, простыя, канструктыўныя формы. Цудоўныя, надзвычай “жывыя” драўляныя скульптуры яшчэ нядаўна ўпрыгожвалі крыжы на ўездзе ці выездзе з вёскі, мясцовыя касцёлы, каплічкі, могілкі і нават двор і хату майстра. Выконваліся таксама кампазіцыі іншага плана — касцы, жнеі, музыкі, персанажы народных казак, фальклорныя вобразы.