“Радыё стала другім домам…”

337
 “Радыё стала другім домам…”БЕЛАРУСКАЕ радыё адзначыла сваё дзевяностагоддзе. У лістападзе 1925-га ўпершыню прагучалі словы: “Гаворыць Мінск!” Непасрэднае дачыненне да радыё мае наша славутая зямлячка — народная артыстка Беларусі, ганаровая грамадзянка Мядзельскага раёна і Мінскай вобласці Марыя Захарэвіч. Яе голас добра ведаюць радыёслухачы краіны. Ды і Дзяржаўную прэмію БССР у 1984-ым годзе актрыса атрымала за ўдзел у радыёспектаклях (“Рыбакова хата” паводле Якуба Коласа і “Хамуціус” паводле Аркадзя Куляшова). Па нашай просьбе Марыя ЗАХАРЭВІЧ расказала пра сваю працу на радыё…
“Кожны з акцёраў… ну, калі не марыў, то вельмі хацеў працаваць на радыё”
— Я пачынала працаваць на радыё, яшчэ калі яно знаходзілася па іншым адрасе — не на Чырвонай, а на Рэвалюцыйнай. Там адна студыя была, але неяк спраўляліся, запісвалі ўсё: і паэзію, і пастаноўкі. Для мяне радыё стала другім домам.
 Кожны з акцёраў… ну, калі не марыў, то вельмі хацеў працаваць на радыё. Таму што радыё слухала ўся Беларусь. З ім і ўставалі, і засыналі. І ніколі не выключалі. Людзі слухалі не толькі навіны, але і цудоўныя пастаноўкі, інсцэніроўкі.
 Толькі выходзіў які-небудзь твор беларускай літаратуры — і ўжо, напрыклад,  рэжысёр Соф’я Гурыч рабіла інсцэніроўку, запрашала акцёраў. Многія акцёры раслі на радыё. Яно дазваляла разгледзець іх індывідуальнасць. Таму што ў тэатры акцёр мог не атрымаць за ўсё жыццё такой ролі, якую атрымліваў тут. Вось і ў мяне на радыё былі разнапланавыя ролі: і камедыйныя, і трагедыйныя. І спявала, і вершы чытала.
 Беларуская літаратура, якой мы можам ганарыцца, праслаўляла імёны і акцёраў, і радыёрэжысёраў.
 …Былі, напрыклад, запісы ноччу, таму што не хапала студый. Ніхто ні разу не адмовіўся, ніхто. Працавалі ноччу, раніцай ішлі на рэпетыцыі (ну, было там некалькі гадзін адпачыць). Так хацелася сыграць… Акцёры ж такія людзі, што ім толькі давай працу…
 Цяпер узгадваю тых, каго ўжо няма… У першую чаргу — Соф’ю Гурыч (гэта знакаміты рэжысёр): яна столькі мне дала ў творчым плане. Мы разумелі адна адну не тое што з паўслова — з позірку. Пагляджу: не, нешта не так, трэба спрабаваць інакш… Яна давярала мне самыя складаныя і цікавыя ролі. У Залатым фондзе радыё захоўваюцца сотні прац. Я слухаю іх цяпер, яны гучаць часта — і асаблівай крытыкі не магу на сябе навесці. Таму што мы па-сапраўднаму траціліся ля мікрафона. Разумееце? Калі трэба было плакаць — то плакалі (гэта ж слухач адразу адчувае). Калі трэба было спяваць — спявалі. Цяпер слухаеш — думаеш: “Божа, няўжо гэта я так спявала?”

“Вас разыскивает Юрий Левитан!”

 У савецкі час запісвала вельмі многа перадач на Маскву: у мяне з рускай мовай было ўсё нармальна. І Масква зацвярджала стаўкі, якія мы атрымлівалі на радыё. Самая вышэйшая была пятнаццаць рублёў. Гэта ў той час, калі кілаграм сыру каштаваў тры рублі, пачак фаршу — трыццаць капеек ці пяцьдзясят капеек — лепшага. Так што мы атрымлівалі даволі салідныя сумы за радыёпрацы. Але пра гэта не думалі. Было цікава атрымаць лёс якой-небудзь гераіні, дзе можна сябе раскрыць, паказаць разнапланава.
 …Больш за дваццаць гадоў ездзіла ў складзе навукова-творчай экспедыцыі з жыватворным агнём ад Гроба Гасподняга па Беларусі… Кожны раз — па пяць дзён. Кожны дзень — па чатыры-пяць хрэсных ходаў, па чатыры-пяць сустрэч з людзьмі — у школах, інтэрнатах, на плошчах, у храмах. Пабывала ў розных кутках Беларусі, у самых аддаленых вёсачках, праехала амаль усю Чарнобыльскую зону… І калі якая-небудзь цётка, пачуўшы мой голас, казала: “А ці не Марыя гэта Захарэвіч?” — гэта была для мяне самая лепшая ўзнагарода. І тады добрым словам успамінаеш, у першую чаргу, радыё. Таму што ў тэатр не ўсе даедуць, не ўсе пабачаць. Ёсць людзі, якія пастаянна ходзяць у тэатр. А радыё — гэта зусім іншае…
 У савецкі час часта ездзілі ў Маскву: з канцэртамі, з сустрэчамі рознымі. Лічу за гонар — двойчы выступала з нумарам (чытала вершы) на сцэне Вялікага Тэатра: на стагоддзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. На жаль, не засталося ні аднаго фотаздымка. Проста пра гэта тады не думалі.
 Шмат выступалі ў Калоннай Зале Дома Саюзаў, не аднойчы — у Крамлёўскім Палацы з’ездаў, у Доме літаратараў. На гала-канцэртах у Маскве — разам з Нані Брэгвадзэ, з Арканавым.
 У Зорным гарадку выступалі, сустракаліся з касманаўтамі.
 Незабыўным быў Дзень пісьменнасці ў Разані. На тэрыторыі Разанскага крамля, ля сцен Успенскага сабора была вялікая сцэна. Выступалі многія артысты, аркестры. Мікалай Карачанцаў чытаў вершы Ясеніна. А я — “Край паэтаў” Пімена Панчанкі. Памятаю, да мяне падыходзілі прадстаўнікі Чарнагорыі, Сербіі, Славеніі — дзякавалі.
 Можа, таму, што часта выступала ў Маскве, у 1982-ім годзе мяне запрасілі на усесаюзную сустрэчу ветэранаў Сталінградскай бітвы на Мамаеў Курган. Гэта было вялікае свята. Яно праходзіла вечарам, усе скульптуры былі асветлены пражэктарамі. Хвалюючая атмасфера… Мы сядзелі ў аўтобусе, адкуль усё аб’яўлялася ў мікрафон. Там быў і Юрый Левітан. Ён аб’яўляў пачатак свята.
 А потым я чытала “Пісьмо маці”:
«Слушай, город-герой Волгоград,
Слушай, великая страна!
Слушайте все!…»
Сэнс гэтага “Пісьма…” — каб ніколі не было вайны, каб маці не ведалі, што такое не дачакацца сына. Памятаю, пасля мяне акружылі ваенныя, з медалямі — павіншавалі. І падбегла адна дзяўчынка, кажа:
— Вас разыскивает Юрий Левитан!
— Так я же его видела, мы вместе сидели в автобусе.
— Он Вас разыскивает, идёмте! — і падвяла мяне да Левітана.
 Ён пацалаваў мне руку, сказаў такія высокія словы пра тое, як я данесла сэнс гэтага верша, наколькі гэта было ў меру хвалююча… І падараваў каляндарык Усесаюзнага радыё — ён у мяне і цяпер захоўваецца.
 …Гэта за межамі Беларусі. А ў нас пачала ўдзельнічаць ва ўрадавых канцэртах яшчэ студэнткай. З тых дзён — і, дзякуй Богу, да гэтага часу.
   “Цяпер не так часта пішам пастаноўкі… Але пішам”
 — Да сямідзесяцігоддзя Перамогі падрыхтавала вялікую праграму — па творах беларускіх пісьменнікаў. Са мной працавала заслужаная артыстка, піяністка наша знакамітая — Ірына Шуміліна. Мы выступалі і ў Нацыянальнай бібліятэцы, і ў Нацбанку… І ў Маладзечне, і ў Лагойску — многа дзе. Гэту кампазіцыю запісалі на радыё. Думала: няхай будзе на памяць. А яе паслухалі і пусцілі ў эфір менавіта 9 Мая, у чатыры гадзіны дня — гэта найвышэйшая ацэнка.
 Цяпер не так часта мы пішам пастаноўкі… Але пішам.
 …Радыёрэжысёры вельмі сур’ёзна ставіліся да сваёй працы. Як і акцёры. У нас былі рэпетыцыі. У рэдкіх выпадках — проста да мікрафона. А так — рэпетыцыі, на іх збіраліся акцёры з розных тэатраў. Гэта былі цікавыя зносіны… Цяпер слухаеш — паловы тых людзей ужо няма, а іх галасы гучаць. Радыё трэба толькі пакланіцца за тое, што яно выгадавала пляяду цудоўных акцёраў і праславіла нашых беларускіх пісьменнікаў і іх творы. …Радыё ніколі не прамінае адметных дат. Вось і зараз будзе праходзіць тыдзень Караткевіча — яму споўнілася б восемдзясят пяць.
 …Ёсць такая кніга выдатнага пісьменніка, лаўрэата дзяржаўнай прэміі, які пайшоў ужо ад нас — Янкі Сіпакова — “Зялёны лісток на планеце Зямля”.
Я запісвала яе для радыё — і мела вялікае задавальненне. Гэту кнігу трэба вывучыць на памяць, учытацца ў кожнае слова!
 Янка Сіпакоў патэлефанаваў мне і сказаў:
— Маша, дазволь мне называць цябе сваёй сястрой. Як ты праспявала маю кнігу!
 Гэта было найвышэйшай узнагародай: словы аўтара, які выпакутаваў такі твор, уклаў у яго столькі працы, душы. Паказаў, якая ў нас цудоўная Беларусь — за яе трэба маліцца ўсім: і дзецям, і старым.
 …Па запрашэнні райвыканкама і асабіста Ільі Іванавіча Шацько была на злёце праваслаўнай моладзі Маладзечанскай епархіі ў Камарове. Цудоўная сустрэча!  Не магу назваць гэта мерапрыемствам — гэта свята, якое трэба працягваць і абавязкова падтрымліваць.
  “Такія творы дзейнічаюць на душу чалавека”
— У нас жа цудоўная літаратура — любую кнігу адгарні.
 Сябрую з паэтамі.
 З Анатолем Вярцінскім.
 З Сяргеем Давідовічам (паэт і мастак). У яго такія вершы: і пра бацьку, і пра маці — да слёз кранае. Ці вось ёсць у яго верш пра кароўку-карміцельку, як яе гаспадыня здае на мяса. Як гэта кароўка з надзеяй азіраецца і шукае вачыма гаспадыню: можа, забярэ, не аддасць? Але карміцельку грузяць у машыну, і яна больш не азіраецца, а з вачэй яе коцяцца слёзы… Я чытала гэты верш у аўтобусе — усе плакалі. Ці яшчэ ў яго ёсць верш пра коніка, які ўсё жыццё на гаспадара працаваў, стараўся. Састарэў. А гэты гаспадар і п’е, і б’е… І таксама хоча яго некуды здаць.
 А ў Анатоля Вярцінскага — верш “Два полі”. Поле, дзе гуляў у дзяцінстве, і поле, дзе паміраў. Або верш пра маці, якая чакала сыноў з вайны — не дачакалася.
 Такія творы дзейнічаюць на душу чалавека. Гэта ўсё ёсць у нашай літаратуры, у кнігах нашых беларускіх.
Запісала Наталля ЛІСІЦКАЯ.
На здымку: народная артыстка Беларусі, ганаровая грамадзянка Мядзельскага раёна і Мінскай вобласці Марыя Захарэвіч.
Фота Георгія Прысмакова.