Пераднавагоднi эцюд

237

Пераднавагоднi эцюдЗАЗВАНІЎ будзільнік мабільніка і я прачнуўся. Кот Барсік, дачакаўшыся нарэшце гэтага моманту, імгненна скокнуў у ложак і настойліва тыркнуўся ў твар сваім мокрым, халодным носам. За акном была цемра. Яе прабівалі раз-пораз бліскучымі фарамі шэрыя, бы здані, машыны. Заклапочаныя кіроўцы імчалі са сваімі пасажырамі ў новы працоўны дзень. Ці будзе ён істотна адрознівацца ад папярэдняга?! Наўрад. Хіба што яшчэ больш наблізіць да чарговага Новага года — умоўнай рысы, якая пазначае крокі хісткага чалавечага існавання. Згадаў учарашняе традыцыйнае пытанне да суразмоўцаў: “Чым вам адметны год адыходзячы? Чаго чакаеце ад наступнага?”. Нехта некуды паступіў. Некуды з’ездзіў. Нешта прыдбаў. Яны маршчынілі ва ўспамінах ілбы, а зоркі нячутна пасмейваліся ў бясконцай прасторы, схаваўшыся за цяжкімі зімовымі хмарамі. Бо толькі адны і ведаюць, што не бывае ні Учора, ні Сёння, ні Заўтра. Нельга сказаць: я быў шчаслівым на мінулым тыдні, я кахаў напрыканцы жніўня. Я быў шчаслівым! Я кахаў! Час ніколі не мяняецца — мяняемся мы. І незаўважна знікаем, пакідаючы ўсё, што набылі “непамернымі сіламі”. Прыходзяць іншыя і пачынаюць наноў: кахаць і здраджваць, адшукваць і губляць. А зоркі застаюцца. Хаця некалі і яны таксама знікнуць. Вечная толькі Прастора, якая іх нарадзіла. Іх і нас.

…П’ю ранішнюю каву. У маім распараджэнні сем хвілін, каб паспець на працу. За гэты час касмічны карабель пераадолее шлях да зямной арбіты, а сонечны прамень дасягне нашай планеты. Усё зрэшты адносна. І ў кожнага ёсць выбар, што б ні казалі.

Аляксандр БЫКАЎ.