“Пара блакітных дажджоў”

377

“Пара блакітных дажджоў”Менавіта так называецца адна з кніг пісьменніка Артура Цяжкага, ураджэнца Смаргоншчыны, які мае, дарэчы, дачыненне і да Свіршчыны. Бо тут заканчваў сярэднюю школу, прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча.

Пражыў ён няшмат, крыху больш за 40 год. У спадчыну нам пакінуў тры кнігі, якія паспеў выдаць: “Сустрэча пасля вясны” (1980 г.), “Пара блакітных дажджоў” (1982 г.), “Дзе мой дом?” (1986 г.). Знаёмства з імі дазваляе зрабіць выснову, што іх аўтар — вельмі таленавіты чалавек. Кожны твор па сутнасці — абразок чалавечага лёсу, філасофскі роздум аб жыцці. Ужо  самі назвы гавораць за сябе: “Малітва маці”, “Жыць і дажываць”, “Замуж Таню выдавалі”, “Даруй мне, Віка”, “Сямейная рэліквія”, “Удовін вечар”, “Ахвяра”, “Сярэбранае вяселле”, “Дзе мой дом?”. Калі б не ранняя смерць, паспеў бы зрабіць Артур Цяжкі яшчэ больш.

Шлях да творчасці літаратара  быў доўгі і складаны. Нарадзіўся будучы празаік у суровым 1943 годзе. Час быў халодны і галодны. Бацьку забралі на вайну. Маці засталася адна з двума хлопчыкамі: Артурам і крыху старэйшым братам Міхалам. Пасля вяртання бацькі з вайны ў Цяжкіх народзіцца яшчэ адзін сын. Праўда, галава сям’і пражыве нядоўга, адаб’юцца ваенныя раненні. Маці, Юзэфа Ігнатаўна, жанчына цярплівая, шчырая, з усіх сіл старалася дапамагчы дзецям. Хаціна іх знаходзілася крыху ўзбоч ад вёскі Лылойці, паблізу ад той дарогі, што вяла ў Нястанішкі, дзе была сямігодка і ўзвышаўся славуты касцёл. Вакол іх дома — незвычайнае хараство: вялікі калгасны сад, бязмежнае жытнёвае поле, сінеючая палоска лесу. Адразу Артур вучыўся ў сямігодцы, пасля 8-10 класы заканчваў у Свірскай сярэдняй школе. Правы ж трактарыста-машыніста атрымліваў у Свірскім СПТВ № 17.

“Пара блакітных дажджоў”Шмат цікавага расказалі пра пісьменніка яго аднакласнікі, былыя настаўнікі. Напрыклад, Валянціна Цімафееўна Пруднікава, па адукацыі настаўнік гісторыі, былы супрацоўнік музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. У жанчыны нават захаваліся дзве першыя кнігі аднакласніка з аўтографамі. Узгадваючы пра яго жыццё, Валянціна Цімафееўна паведаміла, што Артур быў вельмі замкнутым чалавекам і разам з тым назіральным, разважлівым і добрым. Па яе словах, юнак, як і іншыя вучні Свірскай школы, атрымаў трывалую літаратурную загартоўку ад педагогаў-філолагаў навучальнай установы — Фаіны Пятроўны Марачэўскай, настаўніцы беларускай мовы і літаратуры, і Зоі Аляксандраўны Радзівіновіч, настаўніцы рускай мовы і літаратуры. З цеплынёй мая суразмоўца ўзгадала яшчэ аднаго педагога школы — матэматыка, заслужанага настаўніка БССР Таццяну Іосіфаўну Дзедзюль. Дарэчы, Таццяна Іосіфаўна і Зоя Аляксандраўна і зараз жывуць у Свіры, і памятаюць свайго знакамітага вучня. А вось Фаіны Пятроўны, на жаль, ужо няма на гэтай зямлі. Менавіта да яе прыходзіў Артур Цяжкі ў драматычны гурток, каб іграць ролі ў п’есах Янкі Купалы, Міхася Чарота, Андрэя Макаёнка. Прызналася жанчына, што і сама, і яе аднакласнік спрабавалі пісаць вершы. Некалькі сваіх твораў Артур нават запісаў у яе літаратурны сшытак, які, на жаль, згубіўся. А яшчэ жанчына выказала такую думку, што нешчаслівым быў род Цяжкіх. Рана не стала бацькі. Усе тры браты Цяжкія таксама рана памерлі. Напэўна, той боль, што закладваецца з самага дзяцінства ў родзе сям’і, нараджае потым творцаў.

Аднакласнік Артура — адзін з былых дырэктараў Камароўскай сярэдняй школы — Валянцін Іпалітавіч Позныш расказаў, у прыватнасці, як да яго аднойчы звярнулася настаўніца беларускай мовы і лі­таратуры Лідзія Сямёнаўна Місевіч з просьбай раздабыць фотаздымак пісьменніка, бо мела намер стварыць літаратурную карту Свіршчыны. Валянцін Іпалітавіч патэлефанаваў у рэдакцыю газеты “Чырвоная змена”, дзе тады працаваў Артур Цяжкі, раздабыў яго адрас і напісаў аднакласніку пісьмо. А неўзабаве атрымаў на яго адказ і фотаздымак.

Будучы пісьменнік пасля заканчэння вучылішча некаторы час працаваў трактарыстам. Затым служыў у Савецкай Арміі. А пазней, маючы цесную сувязь з астравецкай раённай газетай, дзе пачаў друкаваць не толькі заметкі, але і ўласныя апавяданні, вырашыў стаць журналістам. Вышэйшую адукацыю атрымаў у 31 год. Журналісцкія вандроўкі, дзе б не працаваў, давалі падсветку для ўласных літаратурных твораў.

Асабістае жыццё празаіка было вельмі складаным. Ці не таму назвы асобных твораў гучаць па-філасофску,  у тым ліку і апошняй кнігі “Дзе мой дом?”. Вядомы літаратурны крытык, наш зямляк Генадзь Шупенька ў пасляслоўі да зборніка слушна адзначыў: “Я вельмі шчыра радаваўся яго ўдачам і з цікавасцю чакаў новай сустрэчы. Верылася, што Артур Цяжкі яшчэ скажа сваё непаўторнае слова, што яго пачуюць, зразумеюць, падтрымаюць. А падтрымліваць было што. І, найперш, вельмі добрую, шчырую, уражлівую, чулую душу аўтара”. Вельмі балюча перажываў раннюю смерць пісьменніка наш зямляк, паэт Мар’ян Дукса. Ён нават прысвяціў памяці сябра свой верш “Над Страчай”, які змешчаны ў яго кнізе “Заснежаныя ягады”.

Ёсць яна, рака вечнасці. Ёсць яна, пара блакітных дажджоў… Бяру ў рукі першы зборнік пісьменніка. З фотаздымка на вокладцы выдання на мяне пазірае малады Артур Цяжкі з ледзь прыкметнай журботнай, ціхай усмешкай….

Аляксандра ЛУБІНСКАЯ.

Вучаніца Свірскай сярэдняй школы.

На здымках: 1. Такім ён быў (фота­здымак 70-ых гадоў); 2. Помнік Артуру Цяжкаму на могільніку ў в. Нястанішкі Смаргонскага раёна, пастаўлены дзякуючы са­дзей­нічанню Саюза пісьменнікаў Беларусі.