Палёт белакрылага Анёла

303

Палёт белакрылага АнёлаБЕЛАКРЫЛЫ Анёл ляцеў над зямлёю і пазіраў на гэты дзіўны край з вышыні. Ляцеў між зорак, аблокаў, пышных крон дрэў. І быў ён такі шчаслівы, што бачыць у спакоі гэту зямлю — з яе буслінымі гнёздамі, жытнёвымі палямі, дзе між хлебных каласочкаў праглядвае сінеча валошак альбо васількоў, як назвалі гэтыя кветкі тутэйшыя людзі, з яе вёсачкамі і гарадамі, магутнымі і маленькімі рэкамі, з яе празрыстымі азёрамі, чыстымі і глыбокімі крынічкамі, з яе храмамі, ажыўленымі спевам званоў.

На нейкі момант Анёл прыцішыў свой імклівы палёт і закружыў на адным месцы над якімсьці старажытным палацам. У ім, што яго здзівіла, пачала ажываць музыка. Так-так, прыгожая, узнёслая, нібы сатканая з пераліву вясёлак, водгулля навальніц, перашэптвання лістоты ў голлі велічных дрэў. Яна паступова плыла, уздымалася над светам. Гэта іграў вялікі Кампазітар — у палацы распачынаўся святочны баль.

З-за невялікай хмаркі выплыў бліскучы Месячык. Ён, зычліва ўсміхнуўшыся, павёў размову з белакрылым Анёлам.

— Што так радуе цябе, белакрылы Анёл?

— Вось гэты казачны палац, які бачу з вышыні свайго палёту. Ён мог нават загінуць… А зараз добра чуваць, як у ім гучыць музыка…

— Так, сапраўды, палац ажыў! І трэба верыць, што на гэтай праведнай шматпакутнай зямлі адновяцца яшчэ многія храмы, палацы, замкі, якія просяць людской дапамогі.

А над светам гучала музыка — славуты паланэз Агінскага.

Валерыя ГРУМБЯНІН.

Вучаніца Свірскай сярэдняй школы.