«Мядзел чакаў Паэта…»

305

001033_00000573896Сёлета будзем адзначаць 100 год з дня нараджэння выдатнага беларускага паэта Максіма Танка. На Мядзельшчыне нямала прыхільнікаў творчасці славутага земляка. У тым ліку і сярод вучняў школ раёна, педагогаў. Больш двух дзясяткаў аўтараў з устаноў адукацыі даслалі ў рэдакцыю ўласныя творы, у якіх узгадваецца імя песняра Нарачанскага краю, яго маленькая радзіма. Вось што напісала ў сваім лісце настаўніца рускай мовы і літаратуры Будслаўскай СШ Я. С. Скроцкая: «Успомніўся апошні прыезд Максіма Танка ў Мядзел. Зала гарадскога Дома культуры была поўнай, людзі чакалі дарагога госця. Але ён спазняўся — цяжка хворы паэт выказаў жаданне завітаць па дарозе ў родную Пількаўшчыну. Мядзяльчане, канечне, дачакаліся земляка. Сустрэча атрымалася цікавай, запамінальнай. На жаль, апошняй… Тады ў мяне і склаліся вось гэтыя радкі.

Менавіта вершам Яніны Скроцкай і распачынаем паэтычную падборку.

Мядзел чакаў Паэта…

Мядзел чакаў Паэта…

Прыцішана зала гула.

Ведалі: ён са шляху

Звярнуў да свайго двара.

Пількаўшчыны сцяжынкі

Паклікалі, як калісьці.

Бачна, хацелася вельмі,

Па родным двары прайсціся,

Зірнуць на магілы продкаў,

Адчуць роднай хаты пах,

Суседзяў былых пабачыць,

А потым прадоўжыць шлях.

Апошняе падарожжа

У родны азёрны край,

Які у сваіх паэмах

І вершах не раз усхваляў.

Даўно ўжо сустрэча гэта

У гісторыю адышла.

Мядзел чакаў паэта…

Сустрэча апошняй была…

Яніна СКРОЦКАЯ.

У Пількаўшчыне

Пількаўшчына!

Сцежкаю знаёмай

Да хаціны Танкавай ідзём.

Тут душа так шчыра нарадзіла

Вершы, падказаныя жыццём.

Пра бацькоў, пра родных,

Пра суседзяў.

Гумар ціхі,

Шчодрыя пачуцці.

Так хацеў Паэт,

Каб яго вершы

Усе людзі на зямлі пачулі.

Пількаўшчына.

Мілая мясціна.

Ты заўсёды выглядаеш годна.

Крочым мы да Танкавай хаціны —

Сонца ўсміхаецца лагодна.

Наталля ДУНЕЦ.

Вучаніца 10 класа

ДУА «Камароўская СШ».

Максіму Танку

З тых далёкіх часоў —

З Нарачанскага краю,

Яго вершы напеўна

Для народа гучалі.

Нялёгкую выбраў

Хлапчына дарогу:

Праслаўляў ён свой край,

Песціў родную мову.

І былі тыя вершы,

Як належыць, ад сэрца.

Аб ім памяць людская

У вяках застанецца.

Марыя ЛЁТКА.

Настаўніца беларускай мовы

і літаратуры ДУА «Крывіцкі

вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа».

На Нарачы

Лёгкі ветрык над Нараччу,

Крыкі чаек чуваць над вадой.

Плёскат хваль,

цішыня і спакой —

Як тут хораша марыцца!

Міхаіл СЕМЯНОВІЧ.

Вучань 5 класа ДУА

«Сярэдняя школа №2 г. Мядзел».

Прысвячэнне

У вершах Паэта — душа народа,

Шчасце і доля, каханне, святло.

Бруіцца крынічка ў лесе пад голлем,

І бусел махае з нябёсаў крылом.

Анастасія ЛУБНЕЎСКАЯ.

Вучаніца 6 класа Мядзельскай

СШ №1 імя У. Дубоўкі.

Дзень добры!

Дарога-стужка векавога бору

Вядзе нас да радзімы песняра.

Здаецца, соснам

мала зноў прасторы,

І рвуцца ўвысь, як песня гусляра.

Калісьці быў тут,

каля стромкіх сосен —

Натхнялі на цудоўныя радкі.

За летам прабягала следам восень,

Зіма кідала белыя шматкі.

Паэт спяваў адвечны

гімн прыродзе:

Азёры чулі, рэкі і палі.

Каб жыў вякамі

наш народ у згодзе,

І ў шчасці поўным

на святой зямлі.

Дзень добры,

край Максіма Танка!

Душой з табой, калыска песняра.

Хачу, каб ад світанку да світанку

Яго паэзія нас па жыцці вяла.

Галіна ШВАЙКОЎСКАЯ.

Настаўніца рускай мовы

і літаратуры ДУА «Пузыроўскі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад-сярэдняя школа».

Пясняр

На Мядзельшчыне ён з’явіўся,

З Радзімай лёс свой паяднаў.

Для новых вершаў нарадзіўся,

І светлы шлях сабе абраў.

Ён славіў сонейка і маці,

І хваль блакіт, і неба ўзлёт.

І хлеб у печы ў роднай хаце,

І казкі, што любіў народ.

Аляксандра НАЗАРАНКА.

Вучаніца 5 класа ДУА

«Сярэдняя школа №2 г. Мядзел».

Цікавыя радкі ўдалося адшукаць і ў іншых дасланых у рэдакцыю вершах, якія ідуць ад душы і сэрца. Так, настаўніца беларускай  мовы і літаратуры Будслаў­скай СШ Я. В. Дземідовіч пранікнёна напісала: «Пясняр Нарачанскага краю —  волат абліччам і духам — Ля хаты бацькоўскай у гаі салаўіную песню падслухаў.» Сапраўды, прыгожа сказана! А сямікласнік з СШ №2 г. Мядзел Максім Тарасёнак быццам дадае: «З маленства любіў ён прыроду і кнігу». Шасцікласніца з Крывічоў Паліна Шкадун узгадвае няпросты жыццёвы шлях паэта: «Турмы, краты не раз замянялі яму мілы кут і бацькоўскія сцены. Прага волі вяла песняра-земляка на змаганне, за шчасце і волю». Шэраг твораў вучні прысвяцілі роднаму Нарачанскаму краю, тым мясцінам, дзе самі жывуць. «Лашчыць вока, цешыць сэрца зноў азёрнае бязмежжа» — гэта радкі з верша вучня 5 класа СШ №2 г. Мядзел Паўла Маташнюка. А шасцікласніца Алена Варанец з гэтай жа школы ў вершы «Мая вуліца» слушна сцвярджае: «Я з вуліцай жыву сваёй: яна расце, расту і я. І з нашай дружнаю сям’ёй чакаю будучага дня».

Застаецца падзякаваць усім тым аўтарам, хто паэтычным радком адгукнуўся на юбілей нашага славутага земляка. У кожнага свой  шлях у жыцці,  але галоўным назаўжды застаецца — служыць Бацькаўшчыне і народу. Чаму і прысвяціў свой талент Максім Танк.

Падрыхтаваў

Аляксандр БЫКАЎ.