“Галасы роднага краю”

287

“Галасы роднага краю”АДБЫЛОСЯ чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання “Медуніца”, створанага пры цэнтральнай бібліятэцы імя М. Танка. Падставай для зацікаўленай размовы паслужыла выданне калектыўнага зборніка твораў самадзейных аўтараў пад назвай “Галасы роднага краю”, прымеркаванага да гадавіны з дня стварэння названага аб’яднання.

Першай узяла слова намеснік дырэктара раённай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Л. У. Несцяровіч. Людміла Уладзіміраўна, у прыватнасці, расказала, якая таленавітая Мядзельская зямля. Яна дала свету выдатныя імёны, сапраўднае суквецце талентаў — народную артыстку Марыю Захарэвіч, народнага мастака Васіля Шаранговіча і народнага паэта Максіма Танка. Ніводзін куточак Беларусі не можа ганарыцца падобным феноменам, а ў жыхароў Нарачанскага краю такая магчымасць ёсць. Назвала таксама прамоўца імёны паэтаў, артыстаў, вучоных — ураджэнцаў Мядзельшчыны, якія, пачынаючы ад старадаўніх часоў да нашых дзён, прыносілі і цяпер прыносяць славу нашай роднай Бацькаўшчыне. А яшчэ падкрэсліла, што менавіта ў Год кнігі аднавілася ў газеце “Літаратурная старонка”, дзе змяшчаюцца вершы і самадзейных аўтараў. Шмат цёплых слоў адрасавала Людміла Уладзіміраўна ўдзельнікам названага вышэй аб’яднання. Расказала пра мерапрыемствы, якія праводзіліся ў раёне ў Год кнігі, у тым ліку і на рэспубліканскім узроўні. Найбольш значныя з іх, вядома, былі звязаны з падрыхтоўкай і святкаваннем 100-годдзя з дня нараджэння светача беларускай літаратуры М. Танка. Узгадала таксама і зборнікі твораў самадзейных аўтараў, выпушчаныя цэнтральнай бібліятэкай імя М. Танка. У тым ліку вершаў і песень В. С. Ефімавай — “Цяпло верасня” і калектыўны — “Галасы роднага краю”.

Вельмі цёплым было выступленне кіраўніка літаратурнага аб’яднання “Медуніца” В. С. Ефімавай. Валянціна Станіславаўна адзначыла, што ў новым зборніку, выдадзеным цэнтральнай бібліятэкай, змешчаны творы 23 аўтараў. “Усе яны перад тым, як выйсці ў свет, — сказала яна, —прайшлі праз маю душу, сэрца, рукі. Прыемна было чытаць напісаныя радкі, удумвацца ў іх. Бо кожны аўтар — свая краіна, свой погляд на розныя рэчы, свая думка. Але гэтым і цікавыя творы”. Прасіла прамоўца не крыўдаваць на тое, што асобныя радкі, каб гучалі не на бытавым узроўні, а на літаратурным, давялося правіць. Нагадала яна і пра тое, што вершы сапраўды нядрэнныя. Нездарма гучаць песні на словы Надзеі Чарапанавай, Георгія Прысмакова, іншых аўтараў.

Выдатным дапаўненнем да сказанага стала выступленне ўдзель¬нікаў клуба аматараў песні “Верасень”. У выкананні іх хораша гучалі лірычныя, жартоўныя песні. Дарэчы, словы да многіх з іх напісала Валянціна Ефімава. А як цёпла ўспрымаліся байкі, якія чытала Ірына Квяткоўская. Здзівіла не мяне адну, колькі іх жанчына ведае на памяць, як трапна, эмацыянальна чытае!

А затым было дадзена слова самадзейным аўтарам, якія прыехалі на мерапрыемства з розных куточкаў азёрнага краю. Чыталі свае творы Вячаслаў Броска, Надзея Чарапанава, Ілона Арцюхова, Ірына Баравая, Святлана Роўда… А вось Ганне Несцярэнка вельмі крануў душу верш Рычарда Федарца “Дзяды”, які яна з дазволу прысутных затым і прадэкламавала. Галіна Яфрэмава сама не піша вершаў, затое іх выдатна перакладае з беларускай мовы на рускую. Асабліва ёй падабаецца працаваць з творамі Ніны Захарэвіч і Вольгі Сакаловай. Асобныя са сваіх работ пачынаючая перакладчыца вынесла на суд сяброў па літаратурным аб’яднанні.

Прэзентацыя калектыўнага зборніка, у якім сабраны творы 23 аўтараў, адбылася. Але на гэтым кропка не пастаўлена. Літаратурнае аб’яднанне “Медуніца” будзе працаваць і надалей. А значыць, будзем і мы чакаць новых твораў самадзейных аўтараў. У тым ліку і на старонках раённай газеты “Нарачанская зара”.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: удзельнікі літаратурнага аб’яднання “Медуніца”.

Фота Аляксандра Высоцкага.