Дзівосы адметных майстроў

389

Дзівосы адметных майстроўМАСТАЦКАЯ апрацоўка дрэва, у тым ліку разьба па дрэве, заўсёды была ўласціва беларусам. Ёй аздабляліся крыжы, алтары храмаў, іканастасы, прадметы побыту, мэбля. З цягам часу набылі папулярнасць рэльефная, скразная разьба. Рабіліся цэлыя сюжэтныя кампазіцыі, а арнамент меў магічную сілу і выконваў ахоўную ролю абярэга ад злых духаў, цёмных сіл. Самабытная разьба па дрэве ў канцы ХIХ — пачатку ХХ ст. асабліва ярка праявілася ў прадметах народнага побыту: прасніцах, чарапках, каўшах, талерках, кухонных дошках, лыжках, куфрах і інш. Сёння даволі папулярныя архітэктурная прапілоўка, дэкаратыўная і манументальная скульптура, дэкаратыўная разьба, сувеніры.

Драўніна прыгожая сваім натуральным колерам.Добрым матэрыялам для разьбы з’яўляюцца ліпа, бяроза, асіна, клён, вольха. Дошка павінна быць сухая, гладкая, без сучкоў і трэшчын. Набор прылад працы і прыстасаванняў разьбяра нескладаны — спецыяльныя вострыя нажы (разак-касяк), разцы і стол, на якім ён працуе. У апошняе дзесяцігоддзе народнае мастацтва разьбы па дрэве на Міншчыне адраджаецца і паспяхова развіваецца. У раёнах жывуць і працуюць таленавітыя майстры, якія пераймалі творчыя навыкі і сакрэты ад бацькоў і дзядоў. У сваю чаргу, вопытныя майстры навучаюць нашчадкаў, дзяцей і падлеткаў у гуртках і студыях пры клубных установах, Дамах рамёстваў.

Дзівосы адметных майстроўЦяпер у сталічнай вобласці працуюць каля 350 такіх умельцаў, дзейнічае звыш 30 гурткоў разьбы па дрэве. Цэлая дынастыя “багаробаў” была ў вёсцы Слабада нашага раёна. Мэблю для касцёла Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў Будславе рабіў Антон Пакольскі з Палавікоў. Рыгор Якубовіч з Пруднікаў змайстраваў алтарную перагародку для Троіцкай царквы ў Крывічах. Тут жа прайшло ўсё жыццё вядомага на Беларусі майстра разьбы па дрэве Л. У. Шостака (1922-1993). За творчасць Лявона Уладзіміравіча ў 1963 г. адзначылі бронзавым медалём ВДНГ БССР. Узоры самабытнай архітэктурнай разьбы можна пабачыць зараз у хаце Генадзя Казлова з вёскі Задубенне. Аздабленне яго жылля — прапіловачныя карункі на ліштвах акон, дзвярах, ашалёўцы вуглоў, франтонах, ганках.

Мастацкай прыгажосцю ў вёсцы Нарач вылучаецца хата Алеся Галяка, выдатнага майстра ў чавёртым пакаленні. Добра ведалі ў Крывічах разьбяра Пятра Андрэевіча Забіяку. З нарыхтовак, якія знаходзіў у лесе, ён тварыў міфічных герояў і сучаснікаў.

Вядома і прозвішча Антона Альшэўскага з Будслава. Талент майстра занатаваны ў скульптуры Маці Боскай у мясцовым касцёле Узнясення Найсвяцейшай Дзевы Марыі. Значная колькасць работ майстра лясной скульптуры Івана Крывенькага з Нагавак захоўваецца ў фондах ДУ “Мядзельскі музей Народнай славы”. Юрася Камандзірчыка многія ведаюць па яго адмысловых працах. На іх стаіць сціплы подпіс “Зрабіў Юрась”. Працы ў майстра хапае, заказы распісаны на паўгода наперад. Прафесійны рэзчык па дрэве жыве і працуе ў курортным пасёлку.

Творчыя работы Юрыя Іванавіча ўпрыгожваюць розныя куткі Мядзельшчыны, у тым ліку тэрыторыі здраўніц. А ў сакавіку міnулага года Юрый Камандзірчык стаў членам Беларускага Саюза майстроў народнай творчасці. Яго працы — прывабныя садова-паркавыя скульптуры, дэкаратыўная мэбля, указальнікі, дзіцячыя гор¬кі, арэлі. У рамках работ па добраўпарадкаванні Мядзела па заказу жыллёва-камунальнай гаспадаркі ўстаноўлена скульптура рыбака з сомам, кампазіцыя “Шпакі прыляцелі”. На шашы Нарач — Мядзел перад уездам у наш горад з’явілася цуда-кампазіцыя, на якой увасобіліся гісторыя ўзнік¬нення Мядзела, замак, нарачанскі рыбак на чоўне з ветразем. Сюды нават трапілі традыцыйныя віды рыбы, якія водзяцца ў тутэйшых азёрах: ёрш, шчупак, краснапёрка, сіг, сом і, вядома ж, вугор. Спачатку Юрась хацеў абысціся адным шчупаком. Але, паглядзеўшы, як невад гарманіруе з блакітным небам, якое нібы дапаўняе агульную карціну кампазіцыі, вырашыў напоўніць снасці рыбай. Упэўнена, што кожная Юрасёва праца стала брэндам Нарачанскага краю. Таму што выявы яго скульптур даўно прыжыліся на сувенірах, значках і каляндарыках аб азёрным краі.Дзівосы адметных майстроў

Патомным разьбяром па дрэве з’яўляецца і кіраўнік народнага клуба самадзейных майстроў “Крывічы” Кры¬віцкага раённага цэнтра народных рамёстваў Раман Браніслававіч Шаша. Рамяству ён вучыўся ў бацькі Браніслава Паўлавіча і мастака Лявона Уладзімі¬равіча Шостака. Пры цэнтры працуе некалькі гурткоў па апрацоўцы драўніны. У прыватнасці, выямчатай і геаметрычнай разьбы пад кіраўніцтвам члена Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Уладзіміра Мі-хайлавіча Хіхіча. Яго работы экспануюцца ў ЗША, Фінляндыі, Літве, Латвіі; лясной і аб’ёмнай скульптуры, якім кіруе Генадзь Іванавіч Скурко, чалавек вельмі старанны і паважаны; хаты-майстэрні та¬чэння па дрэве Юрыя Анатольевіча Чэчуры і кавальства і дэкаратыўнай апрацоўкі дрэва Яўгена Аляксеевіча Клуса — таленавітага, вясёлага, чулага чалавека, які валодае таксама сакрэтамі сталярства і лозапляцення.

Вабяць вока вырабы аматара разьбы па дрэве з Мядзела Аляксандра Васільевіча Хвалько. Захапляцца разьбой ён пачаў з 4 класа. І сёння любімай справе не здраджвае. На V рэгіянальным свяце-конкурсе майстроў разьбы па дрэве дастойна абараняў гонар азёрнага краю Аляксандр Ждан, спецыя¬ліст са шматгадовым стажам. У намінацыі “За высокае майстэрства і мастацкі густ” яму прысудзілі званне лаўрэата.

Таленавітыя людзі спрадвеку жылі і на Валожынскай зямлі. Творы мастака Фердынанда Рушчыца і разьбяра Апалінарыя Пупко калісьці ўславілі Беларусь.

У Міхаіла Васільевіча Станкевіча рэдкая якасць — здольнасць здзіўляцца навакольнаму свету і здзіўляць гледачоў. За гэтым стаіць не толькі талент, але і пастаянная праца, патрабавальнасць да сябе, самастойнасць у выяўленні задуманага. Цэласнасць, завершанасць бачны ва ўсіх творах майстра.

Для кожнага чалавека вельмі важна знайсці сваё месца ў жыцці. Сяргей Васільевіч Мурашоў з дзяцінства займаецца любімай справай, майструе з дрэва розныя вырабы, кухонныя прылады, лыжкі, пано, а зараз ён навучае дзяцей разьбярству ў Дорскім філіяле Івянецкай ДШМ. Уладзімір Аляксеевіч Пачаеў з Валожына прымае ўдзел у свяце-конкурсе ўпершыню і на суд гледачоў прадставіць свае разнастайныя вырабы. А надалей у майстроў новыя задумы і планы, бо іх душа ніколі не бывае спакойнай і задаволенай.

У вёсцы Ізбіно, што на Вілейшчыне, жыве і працуе Сяргей Анатольевіч Дубяга, дырэктар раённага Дома рамёстваў. Ужо 18 год ён займаецца разьбой па дрэве, прымае самы актыўны ўдзел у розных абласных фестывалях і конкурсах народнай творчасці. Заўсёды побач у рабоце майстра і жонка Аксана Аляксандраўна. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка (факультэт — народная культура) працуе метадыстам-майстрам Вілейскага раённага Дома рамёстваў. Разам з мужам і двума сынамі ствараюць прыгажосць і дораць яе людзям.

У апошняе дзесяцігоддзе ў практыку работы ўстаноў культуры вобласці ўвайшло правядзенне разнастайных святаў-конкурсаў народнай творчасці. У 1998 годзе ў Капылі ўпершыню адбылося абласное свята “Дрэва жыцця”, у праграму якога ўвахо¬дзіў конкурс разьбяроў Міншчыны пад назвай “Разьбы зачараванне”. Святочная традыцыя атрымала працяг. Наступнае такое свята адбылося ў 2001 годзе ў Беразіно, на якое запрасілі каля 30 майстроў з 15 раёнаў Міншчыны. А 23 чэрвеня 2007 года іх прымаў ужо Мядзел. Адметнасцю свята ў азёрнай старонцы стаў актыўны ўдзел у ім маладога пакалення: з 34 удзельнікаў роўна палавіна — дзеці і падлеткі. Мастацкі ўзровень вырабаў ацэньваўся журы па шэрагу намінацый. Лаўрэатамі сталі вядомыя майстры Бярэзіншчыны і Любаншчыны, Мядзельшчыны, Стаўбцоўшчыны і Вілейшчыны. Традыцыйна 22 мая 2010 года ў Мядзеле прайшоў і V конкурс ”Разьбы зачараванне”, на які з’ехаліся майстры з васьмі раёнаў Міншчыны. На Нарачанскай зямлі яны сустракаліся ўжо двойчы, таму свята, як мяркуюць самі мядзельчане, стала своеасаблівым брэндам горада і будзе праводзіцца тут традыцыйна раз на тры гады.

Прыемна, што створаныя падчас свята-конкурсу вырабы застаюцца ў Крывіцкім раённым цэнтры народных рамёстваў. Цудоўна і другое: самабытнае драўлянае разьбярства ў рэгіёнах жыве і актыўна развіваецца. Яскравае таму сведчанне — праводзімае сёння VI рэгіянальнае свята-конкурс майстроў разьбы па дрэве “Разьбы зачараванне”. Мы шчыра вітаем яго удзельнікаў і жадаем ім адметных поспехаў і новых творчых знаходак!

Т. КАРДЗЕЁНАК.

В. а. дырэктара РАМЦ Мядзельскага аддзела культуры.