Аляксандра Апелінская: «Мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць…»

419
Аляксандра Апелінская: "Мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць..."АЛЯКСАНДРА Апелінская выкладае англійскую мову ў Нарацкай СШ №2. А яшчэ маладая настаўніца піша карціны, стварае скульптуры і вучыць маляванню дзяцей. Мне падалося, што Аляксандра Рэнатаўна з задавальненнем расхінула дзверы ў свой творчы свет, без лішняй сарамлівасці падзялілася думкамі, разважаннямі, дасягненнямі. Прапаную і вам зазірнуць за прыпаднятую завесу…
— Ген мастацтва мне перадаўся ад таты. У яго таксама ёсць карціны, свае выставы, і ён таксама вучыць дзяцей маляваць. Але працуем мы ў розных накірунках і маем розныя густы і стылі. Мяне маляваць у дзяцінстве ніхто не вучыў, сама з захапленнем гэтым займалася. Памятаю, як з цікавасцю вывучала энцыклапедыю “Сусветная мастацкая культура” (мне там больш за ўсё падабаліся творы Рэмбрандта), перамалёўвала з кніжак нейкія элементы, дэталі. У школе (вучылася і жыла ў Мінску) мой талент быў заўважаны, і я там малявала розныя афішы, удзельнічала ў конкурсах, афармляла нешта і так далей. Хацела пасля дзевяці класаў пайсці ў каледж, але матуля вельмі настойвала, каб я паступала ў лінгвістычны ўніверсітэт. Так яно ў выніку і атрымалася.
Бацькі Аляксандры разышліся, калі яна была яшчэ зусім маленькай. Матуля, чалавек  далёкі ад мастацтва, лічыла, што захапленне дачкі можа быць хобі, а для жыцця трэба нешта больш сур’ёзнае. Дзяўчынка не пайшла насупраць жаданню маці, але творчы пачатак даваў пра сябе знаць.
— Дзесьці на трэцім курсе ў мяне ўзнікла жаданне стаць рэжысёрам, і я пачала думаць, куды мне далей паступаць. Выбірала паміж Масквой, Парыжам і Лос-Анджэлесам. Схілілася ў бок Францыі, таму пасля заканчэння ўніверсітэта паехала ў сталіцу гэтай краіны. Не думайце, што ўсё проста атрымалася. Спачатку ўладкавалася працаваць нянькай і паралельна вучылася на курсах французскай літаратуры і мовы, бо, каб паступіць і вучыцца, ведаў мне не хапала. З часам зразумела, што вучобу не пацягну па грашах: патрабавалася дарагая апаратура, камеры, напрыклад, якія нават узяць у арэнду — дорага. Але за два гады, што там пражыла, абудзілася мая прызабытая прага да малявання. Падчас курсаў мы наведвалі розныя выставы, хадзілі па музеях. Акрамя гэтага, адбылося шмат знаёмстваў з рознымі мастакамі. У Парыжы выставы можна сустрэць на кожным кроку, нават у кафэ. А дзе карціны — там і мастакі. Гэтыя стасункі падштурхоўвалі да творчасці, і я пачала вучыцца маляваць. Тое, што было ў школе, самі разумееце, несур’ёзна. Стала купляць фарбы, палотны і маляваць кожны дзень. Там жа з’явілася цікавасць і да скульптуры…
Аляксандра Апелінская: "Мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць..."У мары прыйшлося ўнесці карэктывы — і Аляксандра вярнулася дадому ў Мінск, каб падрыхтавацца… да паступлення ў французскую мастацкую школу. Ёй было 24 гады. Францыя прываблівала, але заставацца там на ўсё жыццё ў якасці нянькі не хацелася.
— Ужо ў Мінску стала шукаць таго, хто б мяне навучыў і скульптуры. Элементарныя навыкі ў мяне былі, але як, напрыклад, зрабіць форму з металу, пластыка ці гіпсу — не ведала. Звярнулася ў нашу Акадэмію мастацтваў, і там мне дапамаглі. Нават некаторыя заняткі дазволілі наведваць. Знайшла і прафесійнага скульптара, які дапамог набрацца патрэбнага вопыту як у скульптуры, так і ў жывапісе. У той час зразумела і пэўныя ісціны: нельга маляваць усё адразу. Так і мае цяперашнія вучні, калі прыйшлі, хацелі маляваць усё, што бачылі. Я ім сказала: “Не. Спявачку Нюшу маляваць не будзем. Працуем так, нібы гэта ваша апошняя карціна”. Лічу, што густ трэба выхоўваць з маленства. І на паперу ці палатно наносіць  тое, на што потым не будзе шкада ні затрачаных грошай на фарбы, ні часу. Павінна быць ідэя — усвядомленая: для чаго малюеш, што хочаш гэтым сказаць. Яшчэ зразумела, што, пазнаёміўшыся з акадэмічным мастацтвам, можна лёгка збіцца і згубіць свой стыль, сваю індывідуальнасць. Мае ранейшыя работы, магчыма, і былі ў тэхнічным плане недасканалыя, затое ідэі фантаніравалі. Зараз крыху не так, і я змагаюся з гэтым. Я не малюю пейзажы, хоць гэта і прыгожа. Мне больш падабаюцца сюжэты з загадкай, з інтэлектуальным сэнсам. Калі здараецца, што няма натхнення (а маляваць трэба, каб не страціць тэхніку), тады працую над партрэтамі. Тэхніка напрацоўваецца гадамі, таму трэба працаваць, працаваць і працаваць…
Аляксандра праз год зноў паехала ў Францыю, каб паступаць на падрыхтоўчы курс Акадэміі мастацтваў на поўдні краіны (знайшла самы бюджэтны варыянт). Прывезла з сабой шмат работ, каб паказаць экзаменацыйнай камісіі. Сярод абітурыентаў аказалася самай старэйшай.
— Застаўшыся адзін на адзін з камісіяй, пачула пытанне: “Навошта вам гэта трэба?”. Адказала, што хачу спасцігаць еўрапейскую школу мастацтваў, яна больш прыцягвае ў адрозненне ад рускай і савецкай школ. Больш таго, падабаецца сучаснае мастацтва. Але мне сказалі, што я спазнілася — мой узрост не падыходзіць для паступлення. Аказалася, што ўсё было дарэмна. Супакойвалася тым, што атрымала прафесійную ацэнку сваім работам. Мастакі, якія сядзелі ў камісіі, адзначылі іх ўзровень. Вярнулася дадому і паехала да бабулі ў курортны пасёлак. Душа прагнула цішыні і адасобленасці. Сядзела, малявала, фантазіравала. А потым вырашыла, што трэба ўладкоўвацца на працу і восенню 2015 года трапіла ў мясцовую школу, дзе стала выкладаць англійскую мову. Была вельмі рада, калі мне дазволілі весці гурток па маляванні. Хутка набрала дзяцей, пачаліся заняткі. Цені, святло, блікі, аб’ёмы, перспектыва — вучні імкліва набіраліся сакрэтаў мастацтва. Радавалася разам з імі, калі нешта пачало атрымлівацца. Не ўсім, канечне, гэта дадзена. Былі і такія, што прыходзілі разам з сябрамі проста правесці вольны час. А каб быў вынік, трэба вялікае жаданне. Увогуле, мяркую, што талент — гэта велізарнае жаданне рабіць тое, што іншыя не хочуць рабіць.  Школьнік любіць рашаць задачкі па матэматыцы, і яго лічаць таленавітым матэматыкам. А ён проста дома ў вольны час сядзіць і рашае гэтыя задачкі. Канечне, у яго будзе лепш атрымлівацца, чым у іншых. Тое самае і ў маляванні. Жаданне і шмат працы — вынік абавязкова будзе. Радуе, што ў мяне ёсць такія вучні. Ангеліна Находка, Даша Шалаева, Арына Котава, Ліза Буйко — гэта дзяўчынкі, работы якіх вывешаны на сценах школы, і ў якіх ёсць, як кажуць, патрэбны зрок. Спадзяюся, што іх талент не абмяжуецца проста густам падчас афармлення кватэры (якога колеру выбраць кухню ці якую карціну павесіць).
Аляксандра Апелінская: "Мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць..."Зараз Аляксандра працуе над падарункам для маці — стварае рэпрадукцыю карціны іспанскага мастака Барталамэ Мурыльа “Святое сямейства”. Што тычыцца выкладання замежнай мовы, то гэта таксама дзяўчыне падабаецца. Лінгвістыка, усё ж такі, знайшла водгук у яе сэрцы. А яшчэ прыцягваюць сучасныя накірункі…
— Ёсць кагнітыўная навука, якая аб’ядноўвае тэорыю пазнання, псіхалогію, нейрафізіялогію, кагнітыўную лінгвістыку, адукацыю, тэорыю штучнага інтэлекту. Яны звязаны між сабой і не могуць у 21-м стагоддзі існаваць незалежна. Толькі ў мяне замест апошняй пазіцыі — мастацтва. Гэта, як чытаючы Дастаеўскага, ты павінен ведаць і пра Гётэ, якога ўзгадвае пісьменнік. А назіраючы за тым, як дзеці вучаць правілы, расказваеш ім пра кароткатэрміновую і доўгатэрміновую памяць. Усё вельмі пераплятаецца. Калі казаць пра мастацтва, то чалавек, які ўмее маляваць, і мастак — гэта не адно і тое ж.
У творцы павінна быць ідэя і сваё філасофскае светаўспрыманне. Многія мастакі, узяць таго ж Малевіча, былі філосафамі. Схіляюся больш да трактоўкі, што мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць. Вось вам і ўзаемадзеянне. І шкада, што ў нас мастацтва ўспрымаецца як дэсерт. Ёсць асноўныя стравы: эканоміка, палітыка і г. д., а ёсць, як бы мовіць, пірожанка — мастацтва. На самой справе мастацтва — аснова асноў, бо ў яго падмурку ляжыць творчы пачатак. Усе геніяльныя і таленавітыя людзі, першаадкрывальнікі, вынаходнікі кіруюцца менавіта ім. Засмучае, што ў нас гэта не зусім разумеюць, таму мастакам у нас цяжэй зарабляць, чым у той жа Еўропе. За трыста долараў хутчэй набудуць плітку ў ванны пакой, чым скульптуру…
Аляксандра Апелінская: "Мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць..."Я не здзівілася, што ў Аляксандры ў Нарачы, мякка кажучы, мала аднадумцаў. Наўкол большасць тых, хто лепш набудуць плітку. Але яна працягвае з аптымізмам глядзець у будучае, будуе планы (праўда, больш асцярожна) і малюе, малюе, малюе…
Іна ЯРЧАК.
Аляксандра Апелінская: "Мастак — гэта філосаф, які ўмее маляваць..."