Ад анёла да “Дрэва жыцця”

444

Ад анёла да “Дрэва жыцця”Новыя драўляныя скульптуры разьбяра Юрася Камандзірчыка з’явіліся нядаўна на Мядзельшчыне. Адна — у цэнтры курортнага пасёлка, яшчэ дзве — у прыродным комплексе «Блакітныя азёры». Зроблены яны па заказе Нацыянальнага парку «Нарачанскі».

Першай з’явілася скульптура анёла. Усталявалі яе на Лысай гары, каля агляднай пляцоўкі.
— Канцэпцыя такая: анёл наведаў самыя прыгожыя азёры, якія ёсць у Нарачанскім краі. І прысеў тут — так яму спадабаліся Блакітныя азёры, — расказвае творца. — Анёл прытуліўся на дрэве, на якім былі навязаны ручнікі — як некалі рабілі нашы продкі. У дрэве я зрабіў дзірачкі, каб турысты маглі завязаць стужачку са сваімі патаемнымі жаданнямі. Дарэчы, толькі пачаў распісваць ручнікі, як адзін з удзельнікаў экскурсіі падышоў і завязаў стужачку.
У іншым месцы, паміж азёрамі Глубля і Мёртвае, устаноўлена другая скульптура — Перуна.
— Паводле даўнейшых легенд, Пярун на вогненнай калясніцы раз’язджае па небе, узброены лукам і стрэламі. Яго стрэлы — маланкі, якімі ён паражае нечысць. Па задуме, будзе аберагаць Блакітныя азёры ад нячыстай сілы, — дадае Юрась Камандзірчык. — Скульптура Перуна якраз зроблена з дуба, у які трапіла маланка. І ўсе скульптуры выразаны з дуба — каб стаялі доўга. Вясной плануем зрабіць невялікія стрэхі над імі. Магчыма, каля Перуна зможам паставіць дракона ці нячысціка, якога паражаюць маланкі.
Ад анёла да “Дрэва жыцця”Скульптуры ўстанавілі ў рамках падрыхтоўкі прыроднага комплексу да новага сезона.
— Яны прызначаны ўпрыгожыць экалагічную сцяжынку. Мяркую, з часам і сваімі легендамі «абрастуць», — расказвае начальнік аддзела турызму і экалагічнай асветы Нацыянальнага парку «Нарачанскі» Людміла Краўчонак. — Скульптуры ажыўляюць карцінку. Адна справа, калі ідзеш і бачыш толькі лес і больш няма за што воку зачапіцца. А са скульптурамі вандроўка будзе цікавейшая, і экскурсаводу ёсць пра што расказаць. Прыгожая прырода — гэта выдатна, але нейкая разыначка павінна быць.
А ў цэнтры курортнага пасёлка, каля гасцініцы, размясцілася скульптурная кампазіцыя «Дрэва жыцця». Знайшлі ёй месца непадалёку ад іншых скульптур: апекуна багацця і хатняй жывёлы Велеса і Купалінкі.
— Гэта кампазіцыя нагадвае крону дрэва, — тлумачыць майстар. — На скульптуры знізу выразаны каласы жыта, якія даюць жыццё. Над жытам — далонь з яблыкам. Гэта па матывах верша Генадзя Бураўкіна. Далей — сакральныя знакі, маці з немаўлём. Зверху выразаў дзвюх птушак, якія сустрэлі каханне. Ёсць тут дзве лавы. Думаю, што з гэтага месца будуць пачынацца экскурсіі па нашым краі. І хачу падзякаваць кіраўніцтву Нацыянальнага парку «Нарачанскі», якое падтрымала маю канцэпцыю.

Аляксандр ВЫСОЦКІ.
Фота аўтара
і Ю. Камандзірчыка.