«Зялёны» старт Алесенкі

333

p5180036

Зусім хутка — старт «зялёнага жніва» ў гаспадарках раёна. Надвор’е спрыяе росту траў, і ёсць усе падставы разлічваць на тое, што запас кармоў на зіму для грамадскага статка бу­дзе важкім. Безумоўна, патрэбна пастарацца, бо работа на сенажацях заўсёды патрабуе не­малога клопату, аператыўнасці. Упус­ціш спрыяльны час — шмат страціш.

Ва ўпраўленні райсельгасхарчу параілі наведацца ў СВК «Будслаўскі» — адну з гаспадарак, дзе, як кажуць, найбольш актыўна рупяцца ў гэтым напрамку. Пагутарыць па тэме вырашылі з маладым інжынерам гаспадаркі А. В. Катковічам. Бо з чаго пачынаць, калі не з гатоўнасці тэхнікі!

— «Зялёнае жніво» ў нас фактычна ўжо стартавала, — апярэдзіў Анатоль Валер’евіч. — З 15 мая косім на падкормку жывёле нашага комплексу. Дабаўляем у рацыён да сіласу і камбікармоў. На сенажаці шчыруе на «КЗР-10» Валерый Алесенка. Адвозіць масу яго бацька Яўген Вітальевіч. Пакуль аб’ёмы, зразумела, невялікія — па дзве машыны ў дзень дастаўляем на ферму.

— А як ідзе падрыхтоўка да масавага выхаду на сенажаці?

— Думаю, затрымкі не будзе. У гэтай рабоце дадаткова прыме ўдзел яшчэ пара «КЗР-10» (адзін будзе касіць напрамую, другі — у валок). Тэхніка падрыхтавана, у чым заслуга яе «гаспадароў»-механізатараў Івана Баркоўскага і Анатоля Аксючыца. У страі і ка­сілка «Е-281» Казіміра Зім­нохі. Патрабуецца дробязны рамонт двух комплексаў «Е-301».  Думаю, што і тут паспеем, бо за­дзейнічаем іх крыху пазней — непасрэдна на нарыхтоўцы сена. Акрамя гэтага, будуць працаваць на сенажацях 4 прэс-падборшчыкі і двое грабель. Дарэчы, неўзабаве набудзем комплекс «КГ-6 «Палессе», які пад­ключым затым да касьбы траў.

— Анатоль Валер’евіч, а хто бу­дзе працаваць на трамбоўцы зялёнай масы? Ад гэтага, як вядома, у многім залежыць якасць корму.

— Гэту справу даручым ме­хані­затару Аляксандру Нікалаеву. Пакуль жа ён на сваім
«К-701» займаецца дыскаваннем глебы. Пачалі падрыхтоўку і саміх сянажных траншэй, марудзіць тут таксама нельга. Механізатараў увогуле ў нас хапае, так што з улікам наяўнай тэх­нікі сезон нарыхтоўкі кармоў павінен скласціся ўдала.

Пагутарылі ў гэты дзень і з
В. Я. Алесенкам.

— Працуецца нармальна, — патлумачыў Валерый Яўгенавіч. — Травастой някепскі, тэхніка не падводзіць. Работы, праўда, яшчэ не так шмат, бо забяспечваю зялёнкай пакуль толькі пагалоўе комплексу. Але, як сказаў наш старшыня, літаральна з заўтрашняга дня тэмпы работ на сенажацях кааператыва  павялічацца, бо трэба дастаўляць яе і на іншыя фермы. Будзем  паступова набіраць абароты, каб грамадскі статак гаспадаркі меў паўнацэнны рацыён.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: механізатар В. Я. Алесенка.

Фота Ігната Лубнеўскага.