За дзень — да тысячы тон

127

За дзень — да тысячы тонКУКУРУЗА, як вядома, — адна з важнейшых кармавых культур для грамадскага статка. З яе атрымліваецца вельмі карысны для жывёлы сілас. Таму і надаецца вырошчванню каралевы палёў асаблівая ўвага. У гаспадарках раёна ўборка гэтай культуры яшчэ працягваецца. І трэба паспяшацца, бо расліны паступова страчваюць сваю пажыўнасць.

Актывізавалі апошнім часам гэту работу ў ААТ “Занарацкі”. Днямі наведаліся ў гаспадарку. З дырэктарам таварыства П. У. Каўрусам сустрэліся на ферме “Занарач”, дзе ў гэты дзень завяршалі закладку “пяцітысячнай” сіласнай траншэі.

— Сёлета пасеялі кукурузу на 700 гектарах, — расказвае Пётр Уладзіміравіч. — Урадзіла яна нядрэнна, маем на круг каля 400 цэнтнераў з гектара. Было б і больш, каб не дзікі. Вельмі ўжо шкодзяць, няма рады. Асабліва актывізаваліся пад восень. На сёння заклалі 15 тысяч тон кукурузнага сіласу. Засталіся ўчасткі ў Буйкаўскай зоне, ды ў нас тут яшчэ неўпарадкаваны даволі значныя плошчы. Так што, думаю, усяго назапасім тысяч дваццаць спажыўнага корму.— А якія сілы, Пётр Уладзіміравіч, задзейнічаны на кукурузным палетку?

— Сфарміравалі на базе дзвюх гаспадарак (маецца на ўвазе і былое таварыства “Міжазёрны край”) спецыялізаваны атрад, у распараджэнні якога імпартны кормаўборачны комплекс “Джон Дзір”. Атрымалі яго ў канцы жніўня, і практычна ўся ўборка кукурузы вядзецца гэтым высокапрадукцыйным комплексам. Тэхніка даручана вопытнаму механізатару Мікалаю Маркевічу. Асвоіўся хутка, работа ладзіцца. А на адвозцы сканцэнтравалі “МАЗы”, каб не дапусціць прастояў. “Джон Дзір” упраўляецца на палетку хутка, замяняе фактычна чатыры “КЗРы”. І высокая якасць масы атрымліваецца, бо здрабняе нават зерне. У спрыяльных умовах закладваем да тысячы тон сіласу за дзень. Такія тэмпы дазваляюць завяршаць траншэю ў аптымальны тэрмін.

— Тэхніка, вядома ж, дарагая. І цяпер важна максімальна эфектыўна яе выкарыстоўваць…

— Сапраўды, каштаваў гаспадарцы “Джон Дзір” нямала — чатыры мільярды беларускіх рублёў з растэрміноўкай плацяжу на пяць год. І работы яму сёлета яшчэ хопіць. Пасля фермы “Занарач” будзем закладваць дзве траншэі ў Жалезніках, па адной — у Мокрыцы і Міцінентах. Дарэчы, на гэтым комплексе можна ўбіраць не толькі кукурузу. Ён камплектуецца таксама падборшчыкам траў, што дазволіць выкарыстоўваць і пры нарыхтоўцы сенажу. Сёння на вёсцы ва ўмовах дэфіцыту кадраў менавіта на энерганасычаную тэхніку, адпаведныя прычапныя агрэгаты трэба рабіць акцэнт , каб можна было выконваць максімальны аб’ём работ пры меншай колькасці людзей. І забяспечваць пры гэтым высокую якасць. Вось таму крыху раней набылі таксама магутны трактар “Чэленджэр”, на якім можна выконваць самы шырокі шлейф работ. І ўжо на сёлетняй пасяўной трактар паказаў сябе з найлепшага боку.

Каля вёскі Мокрыца пабачылі “Джон Дзір” у рабоце. Нягледзячы, што кукуруза была даволі густая і высокая, яго рэжучы апарат імкліва здрабняў у спажыўную сумесь як сцябліны, так і пачаткі, што ўжо набралі васковую спеласць. Задаволены работай комплексу і яго гаспадар М. К. Маркевіч. Прыемна працаваць на такой сучаснай тэхніцы! Ды толькі на доўгія размовы часу яму не было — наперадзе Мікалая Казіміравіча чакаў яшчэ вялікі аб’ём работы!

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: механізатар ААТ “Занарацкі” М. К. Маркевіч.

Фота Ігната Лубнеўскага.