У ХЛЕБАРОБАЎ АСП «Вузлянка» зараз напружаны час — уборка збожжавых і зернебабовых культур, якія займаюць больш за 900 гектараў. З раніцы да позняга вечара яны завіхаюцца на палетках.

— Маем толькі чатыры камбайны, таму нагрузка на кожны з іх даволі высокая, — расказвае галоўны аграном гаспадаркі Аляксандр Корзюк. — Больш за тое, камбайн «КЗС-10», якім кіруе Іосіф Ермаковіч, саліднага ўзросту. Але нягледзячы на ўсё хлопцы стараюцца. Лідарства ўтрымлівае сямейны экіпаж у складзе Аляксандра і яго бацькі Івана Крывенькіх. Не пазычаць вопыту стараннаму хлебаробу Валерыю Масевічу. Ды і Васілій Гарошка вызначаецца руплівасцю. Адно кепска, далёка не кожны дзень надвор’е дазваляе нашым хлебаробам разгарнуцца на поўную моц. Але чакаць чагосьці лепшага не выпадае, над палямі часта церушыць дождж. І ніхто толкам не скажа, што будзе заўтра ці паслязаўтра. Таму і стараемся выкарыстоўваць кожную спрыяльную гадзіну…
Аляксандр Вайцехавіч расказаў, што на адвозцы збожжа ад камбайнаў задзейнічаны два «МАЗы», якімі кіруюць Мікалай Русак і Вікенцій Ермаковіч.
— Спраўляюцца? —пытаю.
— Так. Па іх прычыне камбайны не прастойваюць, — чую ў адказ.
— Раскажыце, калі ласка, пра сушыльную гаспадарку.
— Маем тры сушылкі. На «КЗС-25» машыністамі працуюць Сяргей Захаранка і Уладзімір Захарэвіч. Сушылка не новая, але дзякуючы гэтым хлопцам яна каторы год спраўна служыць. Ёсць у нас яшчэ «КЗС-10» 1973-га году выпуску. Нягледзячы на свой узрост яна і сёлета ўключана ў работу. Заслуга ў гэтым машыністаў Дзмітрыя Святохі і Яўгенія Ермаковіча. На ёй дапрацоўваем пасяўны матэрыял, — гаворыць Аляксандр Корзюк.

— Хлопцы добра ведаюць тэхналагічны працэс ачысткі і прасушвання збожжа, браку ў рабоце не дапускаюць. Дарэчы, «КЗС-10» і «КЗС-25» пераведзены на мясцовыя віды паліва — дровы. Ёсць яшчэ адна сушылка «РRT-200МЕ» італьянскай вытворчасці, але яе выкарыстоўвалі толькі для дапрацоўкі рапсу.
— Ці радуе ўраджайнасць?
— Не вельмі. Азімае трыцікале дало па 26,8 цэнтнера з гектара, жыта — 25, яравы ячмень — 25,3. Убралі збожжавыя на плошчы 274 гектары, — адказвае аграном.
— Бачу, адразу за камбайнамі працуюць прэс-падборшчыкі…
— Стараемся як мага хутчэй убраць салому, каб падрыхтаваць фронт работы для механізатара Аляксандра Лемяшонка, які ўзорвае глебу. З прэс-падборшчыкамі працуюць Анатолій Захарэвіч і Віктар Грышкевіч. На пагрузцы рулонаў заняты Валерый Буйніч, у яго «Амкадор», а на адвозцы — Сяргей Апанасевіч. Усе ўдзельнікі ўборачнай кампаніі забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем. Абеды на поле дастаўляе повар Тамара Вярцінская. Людзі задаволены такімі адносінамі, — кажа Аляксандр Вайцехавіч. — Зараз галоўнае, каб надвор’е паспрыяла ўбраць вырашчаны ўраджай. А хлебаробы працуюць з максімальнай аддачай.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота Аляксандра Высоцкага.