Ёсць аддача ад рэканструкцыі

147

p1100022Мінулым летам давялося пабываць на ферме «Вытраскі» птушкафабрыкі «Новая зара» разам з кіраўніком  гэтага  прадпрыемства Г. С. Алексі­евічам. Там вялася рэканструкцыя аднаго з жывёлагадоўчых памяшканняў. Генадзь Сцяпанавіч падрабязна расказаў,  што плануецца зрабіць на месцы былога кароўніка, як ідуць работы.

Прайшло не так і шмат часу. І вось я зноў там. Былых «апартаментаў»  не пазнаць: у светлым, прасторным памяшканні на саламяным подсціле стаяць спраўныя цяляты. Паўсюдна чысціня і парадак, уздоўж бетанаванага праходу нарыхтаваны для іх сянаж, сена, у спецыяльныя карыты наліта вада.

Сустрэла нас гаспадыня  цялятніка А. І. Дземяшкевіч.

— Па адзін бок праходу знаходзіцца 45  цялушак для пакрыцця, — патлумачыла Алена Іванаўна. —  Па другі — 50 меншых, якія прыйдуць пасля ім на замену. «Засяліліся» мы ў канцы кастрычніка. Умовы цяпер, канечне, добрыя. Кармы раздаюцца пры дапамозе спецыяльнай тэхнікі (сянажная і сіласная траншэі непадалёку ад фермы), даём маладняку канцэн­траты. Побач і сцір­ты саломы для подсцілу, якая дастаўляецца «Амкадорам». Зноў жа трак­тарам рэгулярна вычышчаем гной. Яшчэ 92 галавы знаходзяцца ў дру­гім хляве. Цяпер увесь маладняк саб­раны ў адным месцы, а не раскіданы па розных фермах, як раней. Што, зразумела, да­зваляе больш эфектыўна з ім працаваць. Даглядаю жывёлу разам з мужам Валерыем. А мой бацька Іван Антонавіч Корзюк тут вартуе. Так што сапраўдны сямейны падрад атрымаўся!  Раніцай раздаём канцэнтраты, а дзесь­ці ў 11 гадзін прыязджае кормараздатчык. А ўжо вечарам падкід­ваем сена. Месца хапае, жывёла не тоўпіцца. Працаваць нам стала лягчэй, і цялушкам зручна, прасторна. Адсюль і сярэднясутачныя прывагі добрыя.

Пагутарыў і з галоўным заатэхнікам гаспадаркі
Л. Г. Баслык.

— У гэтым памяшканні знаходзіўся раней дойны статак, але належных умоў для яго ўтрымання  не было. А яшчэ і чалавечы фактар трэба ўлічыць: даярак даводзілася вазіць аж з Княгініна, што выклікала дадатковыя складанасці. Вось і вырашылі рэканструяваць яго пад цялятнік. Прычым, сва­і­мі сіламі. Павыкідалі ўсё старое абсталяванне і зрабілі так, як задумалі. Не адзін дзясятак мільёнаў рублёў выдаткавалі на гэта, але справа вартая. І даглядаць цялушак ёсць каму. Сям’я Дземяшкевічаў працуе сумленна, можна не турбавацца: на ферме ўсё будзе ў парадку.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: на ферме «Вытраскі» гаспадарыць  А. І. Дзе­мяшкевіч.

Фота Таццяны Несцярэнка.