Як толькі блісне сонейка…

128

Як толькі блісне сонейка...СЁЛЕТА ў ААТ “Мядзелаграсэрвіс” рапс убіраецца на плошчы 270 гектараў. На пазаўчарашні дзень ўправіліся на 130 гектарах, намалацілі 230 тон.

— Дзяржаўны заказ у нас 100 тон, — расказвае ўпраўляючая таварыства М. А. Сіўчак. — Думаем прыступіць да здачы літаральна заўтра. Былі праблемы з сушылкай. Пакуль яе рамантавалі, каб не ўзнікала затрымкі, чатыры машыны рапсу завезлі на сушку да суседзяў у акцыянернае таварыства “Зані”. Заканчваем таксама наладку машыны для ачысткі насення. У гаспадарцы маюцца чатыры камбайны з рапсавымі сталамі, усе яны зараз задзейнічаны ў рабоце. А шчыруюць на палетку Уладзімір Цельпанаў, Міхаіл Дабрынец, Іван Лукашэвіч і дэбютант — Сяргей Крывенькі. Калі моцна не перашкодзіць надвор’е, дні за два закончым уборку гэтай культуры. Вядома, любое прамаруджванне ў полі вядзе да страт ураджаю, таму стараемся працаваць максімальна эфектыўна. Як толькі выблісквае сонейка, адразу камбайны пускаем у работу. Ды хлопцы і так заўсёды напагатове, разумеюць адказнасць пастаўленай задачы.

— Неўзабаве, Марыя Анатольеўна, пачнецца і ўборка збожжавых…

— Так. На асобных участках ужо падаспела пшанічка. Усяго ў нас 11 камбайнаў, але на збожжавы палетак плануем адразу пусціць механізаваны атрад з 7 высокапрадукцыйных машын “КЗС-1218”. Нагрузка на кожны камбайн атрымаецца каля 200 гектараў, што, думаю, нармальна. А ўжо ў дапамогу будуць два “КЗС-10” і два “Доны”. Праўда, пэўныя цяжкасці ў нас па камплектаванні экіпажаў. Пытанне гэта на кантролі, спадзяёмся, што дапамогуць адпаведнымі кадрамі гарадскія арганізацыі.

Гутарыў Аляксандр БЫКАЎ.