Важкі колас пачынаецца з зярнятка

141

Важкі колас пачынаецца з зярняткаЗАВЕРШАНЫ чарговы сельскагаспадарчы год. Ды і каляндарны ўжо набліжаецца да фінішу. Але ў вяскоўцаў адпачынку фактычна не бывае, хоць і лічыцца, што зімой наступае палёгка. Рупіцца аб будучым ураджаі трэба з восені. Пасля таго, як управіліся з азімымі, бяруцца за ўздым зябліва, а тэхніку і прычапныя агрэгаты, што вызваліліся, заганяюць пакрысе ў майстэрні, каб падладзіць да веснавой кампаніі. Хапае клопатаў і ў агранамічнай службы гаспадарак. І адзін з галоўных — падрыхтоўка якаснага пасяўнога матэрыялу. Бо, як вядома, важкі колас пачынаецца з зярнятка… Якраз на гэту актуальную тэму і адбылася гутарка з начальнікам інспекцыі па насенняводстве, каранціну і ахове раслін Ірынай ВАСІЛЕВІЧ:

— Задача нашай службы зараз — пракантраляваць, як ідзе працэс, каб потым вясной не давялося разводзіць рукамі, — расказвае Ірына Баляславаўна. — Усяго пад ураджай 2014-га года неабходна падрыхтаваць 2259 тон насення зерневай групы. Засыпалі намнога больш. Сёння кандыцыйнае складае 76 працэнтаў да патрэбнасці. Найбольшыя праблемы па дзвюх гаспадарках. Так, у акцыянерным таварыстве “Мядзелаграсэрвіс” яшчэ не прыступілі да ачысткі ячменю, а насенне аўса і ўвогуле некандыцыйнае па ўсходжасці, яго давядзецца мяняць. А ўсё таму, што засыпалі без дапрацоўкі. Маўляў, сухое — і будзе ляжаць. А на практыцы, у ім пачаўся працэс самасагравання. Патрэбна было хаця б халодным паветрам прагнаць, і зерне б захоўвалася ўжо па-іншаму. У таварыстве “Занарацкі” ўсё насенне кандыцыйнае, але там пазнавата пачалі яго ачыстку, і падрыхтавалі на сёння толькі 30 працэнтаў ад неабходнага. А гэта ж элітгас, дзе сёлета, да прыкладу, засыпалі 1000 тон насення. Пасля яго ачысткі пакінем, як заўсёды, пэўную колькасць для патрэб занарацкіх хлебаробаў, астатняе пойдзе для рэалізацыі гаспадаркам раёна. Дарэчы, сёлета статус элітнага набыло і акцыянернае таварыства “Сваткі”. Што ў будучым дазволіць пашырыць нашы магчымасці па забеспячэнні гаспадарак раёна ўласнай элітай. А цяпер вось трэба актыўна працаваць на збожжаскладах.Час, як кажуць, падціскае. Завяршыць работу па зерневай групе патрэбна да 15 снежня, а па шматгадовых травах — да 1 студзеня 2014 года.

— У чым жа прычына, што некаторыя марудзяць?

— Справа ў тым, што падрыхтоўка насення сёлета, як ніколі, “кульгае”, дзень чысцім, дзень стаім. То паліва няма, то электрычнасць адключылі, то сам агрэгат зламаўся. Цяпер вось трэба актыўна працаваць у гэтым накірунку. Час, як кажуць, падціскае. Да ачысткі шматгадовых траў прыступілі практычна паўсюдна. Але будуць пэўныя цяжкасці з бабовымі. Патрабуецца паўторна ачысціць канюшыну (прыкладна, тон 15), каб пазбавіцца ад насення трыпутніку. Для чаго давядзецца прасіць дапамогі занарачанцаў, якія адны толькі маюць спецыяльную машыну, так названаю “магнітку”. Звычайным спосабам пустазелле гэта цяжка аддзяліць. Канечне, ёсць адпаведныя ўстаноўкі і за межамі раёна. Але, як самі разумееце, гэта дадатковыя затраты, фінансавая ж сітуацыя ў гаспадарках і так складаная.

— Ці можна зараз сказаць, Ірына Баляславаўна, якія віды на новы ўраджай?

— Разважаючы з пазіцыі нашай службы, калі маеш насенне — дык ужо гаспадар! Але, каб колас быў важкім, аднаго гэтага недастаткова. Глебу, да прыкладу, неабходна заправіць як след угнаеннямі, у тым ліку арганікай. А яна ў шэрагу гаспадарак гадамі не вывозіцца. Ды і з мінеральнымі сёлета была праблема, крыху больш за палову ўнеслі ад патрэбнасці. А яшчэ ў дадатак позняя вясна скарэкціравала тэрміны сяўбы, адмоўна паўплывала на фарміраванне коласа чэрвеньская засуха… Пацярпелі не толькі збожжавыя, але і бабовыя культуры. Адсюль і ўраджайнасць у большасці гаспадарак аказалася нізкая, адпаведна — паўпустымі засекі. Хаця і ў такіх умовах лідары (тыя ж сваткаўцы), хоць і здалі пазіцыі, марку сваю ўтрымалі. Сёння цяжка сказаць, якой будзе вясна. Але рыхтавацца да пасяўной трэба, як заўжды, максімальна адказна. І па ўсіх пазіцыях. Тады і вынік будзе значна лепшы, нягледзячы на ўсе выбрыкі прыроды.

Гутарыў

Аляксандр БЫКАЎ.