Уражанні відавочцаў

139

Уражанні відавочцаўРЭСПУБЛІКАНСКІЯ “Дажынкі-2013” у Жлобіне сабралі некалькі тысяч лепшых працаўнікоў вёскі. На рахунку сталічнай вобласці самы вялікі ў краіне ўраджай — амаль 1,7 мільёна тон збожжа. У святочнай яе дэлегацыі, якую ўзначальваў губернатар Міншчыны Барыс Батура, былі і прадстаўнікі нашага азёрнага краю: дырэктары ААТ “Занарацкі” Пётр Каўрус і прадпрыемства меліярацыйных сістэм Анатолій Вайнілка. Мы папрасілі іх коратка падзяліцца сваімі ўражаннямі пра фестываль-кірмаш у горадзе на Дняпры. І вось што пачулі:

Пётр КАЎРУС:

— На такое грандыёзнае мерапрыемства патрапіў упершыню ў жыцці. Уразіў Жлобін, адчувалася, што жыхары горада напружана пашчыравалі не адзін месяц, каб дастойна сустрэць шматлікіх гасцей. Затое — паўсюдна чысціня, абноўленыя вуліцы і дарогі, цудоўныя пешаходныя дарожкі. У пятніцу, не зважаючы на дождж, які нярэдка шкодзіць хлебаробам у жніво, адбылося велічнае тэатралізаванае прадстаўленне. Адметным сімвалам свята стаў вялізны пяціярусны хлебны каравай вагой цэнтнеры пад два. Яго пранеслі па цэнтры горада падчас шэсця пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва на ўборцы збожжавых і нарыхтоўцы кармоў. У першы дзень свята заахвоцілі і тых з іх, якім прысуджаны другія і трэція прэміі. Асноўная ж дзея свята разгарнулася на наступны дзень, у суботу. Надоўга запомнілася ўзважанае выступленне Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі. Дарэчы, пабачыў яго зблізку ўпершыню ў сваім жыцці. Думаю, сказанае Аляксандрам Рыгоравічам — гэта праграма дзеяння для працаўнікоў вёскі, мясцовай улады на перспектыву. І яшчэ. Нам проста неабходна павышаць эфектыўнасць вытворчасці ў аграпрамысловым комплексе, каб мы, мя¬дзяльчане, маглі дастойна выглядаць як на абласным, так і рэспубліканскім узроўнях…

Анатолій ВАЙНІЛКА:

— На мой погляд, Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка на фестывалі-кірмашы выказаў вельмі слушную думку наконт таго, каб абласныя дажынкі праводзіць па чарзе ў кожным раённым цэнтры. Такім чынам, нашы гарады набудуць больш сучаснае аблічча, для іх жыхароў павырашаецца мноства жыццёвых праблем. Іншая справа, што і мясцоваму люду трэба праяўляць большы клопат пра сваю Бацькаўшчыну. Вось і Жлобін стаў прывабным да “Дажынак-2013” не сам па сабе. Наколькі мне вядома, з вясны практычна кожныя выхадныя там праводзіліся масавыя суботнікі па навядзенні парадку, многае зрабілі таксама работнікі тамтэйшых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Таму і было ў горадзе беларускіх металургаў на што паглядзець, мы пакідалі яго перапоўненымі незабыўнымі ўражаннямі. Канечне, калі шчыра, было і шкадаванне таго, што ў ганаровым пераліку пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, якіх выклікалі на галоўную сцэну свята для заахвочвання, не аказалася прадстаўнікоў нашага азёрнага краю. Аднак, мяркую, гэта справа папраўная…