Урадзіў у Занях рапс!

151

p7160009Задаволены сёлета ў ААТ «Зані» тым, як урадзіў азімы рапс — на ўчарашні дзень у сярэднім на круг выйшла па 23,4 цэнтнера.

— А на адным з участкаў атрымалі 36 цэнтнераў з гектара, — расказаў пры сустрэчы дырэктар таварыства У. А. Шмара. — Гэта ўжо добры паказчык і для збожжавых! Тым больш  прыемна, калі ўлічыць, што летась фактычна ўвесь рапс загінуў, бо значна пацярпеў зімой. Сёлета надвор’е аказалася  больш літасцівым, ды і мы ў шапку не спалі і прыклалі максімум  намаганняў, каб паспяхова вырасціць гэту культуру. Найперш, падабралі адпаведныя папярэднікі, па патрэбе заправілі глебу ўгнаеннямі, апрацавалі супраць хвароб.  Калі надышоў час уборкі, таксама аказаліся ў поўнай  гатоўнасці. На палетак вывелі адразу чатыры камбайны, за штурвалам якіх надзейныя вопытныя хлопцы: Святаслаў Клебан, Вячаслаў Лісіцкі, Сяргей Альховы і Пётр Паршута. Такім «квартэтам»  з рапсам управімся хутка. Ёсць яшчэ крыху недаспелага, але ў любым выпадку работы засталося няшмат — дні на тры. І машыны якраз «пракру­цім» напярэдадні жніва, пакуль да тэх­нікі ніякіх прэтэнзій. Дарэчы, віды на ўраджай збожжавых у нас таксама нядрэнныя.

У таварыстве без прамаруджвання вядзецца дапрацоўка рапсу, для чаго задзейнічалі сушылку «КЗС-20». Гаспадараць на ёй  Пётр Варабей, Рыгор Гарбацкі і Пётр Шаранговіч. Плануюць занеўцы атрымаць 120-130 тон  насення, а рэалізоўваць будуць на ЗАТ «Аблрапсаграсэрвіс».

У той дзень за вёскай Зані, на апусцелым рапсавым палетку кру­ціў рулоны малады механізатар Яўген Кутузаў. Трактар  у хлопца «МТЗ-80», як кажуць, не першай маладосці, але дагле­джаны, на полі не падводзіць. Паспяхова асвоіў Яўген і новы прэс «Ферабокс». Задзейнічаны на прасаванні саломы яшчэ адзін  механізатар Сяргей Хварастоў.

— Салома пойдзе на подсціл жывёле, так што работу хлопцы выконваюць вельмі патрэбную, — заўважыў У. А. Шмара. — А наперадзе ў нашых хлебаробаў самы напружаны і адказны перыяд — уборка хлеба. І думаю, да асноўнага старту мы падыдзем у поўнай гатоўнасці.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: малады механізатар ААТ «Зані» Я. А. Кутузаў на прасаванні саломы.

Фота Аляксандра Высоцкага.