Ураджай сабраны, можна і ў боўлінг згуляць

589

УШАНАВАННЕ маладзёжных лідараў уборачнай кампаніі-2019 па выніках абласной акцыі “Маладая Міншчына — за ўраджай!” прайшло ў сераду ў боўлінг-цэнтры “Madison”

Такі падарунак каторы год маладым хлебаробам, якія ўнеслі асабісты важкі ўклад у каравай Міншчыны, робяць абласны камітэт грамадскага аб’яднання БРСМ, абласная арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК і абласное аб’яднанне прафсаюзаў.

Праграма мерапрыемства прадугледжвала турнір па боўлінгу, які сабраў 22 каманды з усіх раёнаў. Панавала цёплая, сяброўская атмасфера, спартыўны азарт. Зразумела, новыя знаёмствы, абмен вопытам і прыемнае баўленне вольнага часу.

Сярод дэлегатаў былі і прадстаўнікі Мядзельшчыны — механізатары ААТ “Сваткі” Андрэй Суздалеў, Аляксандр Сіськевіч і вадзіцель з гэтага сельгаставарыства Аляксей Лугавы. Узначальвала каманду азёрнага краю выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Алена Козырава.

Асабіста мне давялося не раз сустракацца з маладымі хлебаробамі на сваткаўскіх палетках. Напраклад, Аляксандр Сіськевіч у час жніва на трактары “МТЗ-3522” адвозіў збожжа ад камбайнаў. Механізатар вызначаўся руплівасцю. Ён не лічыўся з асабістым часам, рабіў усё, каб камбайны з поўнымі бункерамі залацістага збожжа не прастойвалі на палетках. Таму і ўдалося Аляксандру першаму ў раёне перавезці тысячу тон збожжа. Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццяна Сівіцкая шчыра павіншавала хлебароба з працоўнай перамогай, уручыла яму пісьмо-падзяку і каштоўны падарунак.

Пра кожнага з маладых хлебаробаў можна расказаць шмат добрага.

— Такія спаборніцтвы па боўлінгу для лідараў уборачнай кампаніі праводзяцца не першы раз. Прыемна тое, што сёлета наша каманда выглядала вельмі годна і заняла другое месца, — расказвае Алена Козырава. — А маладыя хлебаробы — лідары “Жніва-2019” — узнагароджаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Мерапрыемства пацвердзіла, што моладзь умее добра працаваць, таму і заслужыла права на цікавы адпачынак.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.