Убраць кожны каласок

252

resize-of-hpim2304

ПРЫЕМНА было назіраць, як на жытнёвым палетку завіхаліся хлебаробы СК «Брусы». Два камбайны, тры аўтамабілі для адвозкі збожжа, трактар «МТЗ-1221» у агрэгаце з прэс-падборшчыкам «ПРФ-180». А на ўс­крайку поля стаяў яшчэ адзін трактар з бочкай, якая была запоўнена вадой.- Гэта на выпадак надзвычайнай сітуацыі, — патлумачыла галоўны аграном Л. В. Каравацкая. — Тэхніка ёсць тэхніка, усялякае можа здарыцца.

— Як праходзіць жніво?

— У цэлым добра. Тэхніка падрыхтавана, людзі стараюцца. Іншая справа, што ўраджайнасць сёлета ніжэйшая. Таму якасці ўборкі надаём асаблівую ўвагу. Ні адзін каласок не павінен застацца ў полі. Хаця дабіцца гэтага складана. Шмат палегліцы, ды і дзікі, колькасць якіх у апошнія гады значна ўзрасла, таксама зрабілі сваю чорную справу. Можна нават пасярэдзіне хлебнага палетка бачыць вялікую латочыну, дзе яны «піравалі», не гаворачы пра ўскрайкі, — адказвае Ларыса Васільеўна.

Аграном расказала, што на камбайне «КЗС-10» завіхаецца сямейны экіпаж у складзе Міхаіла Аляксандравіча Уліцкага і яго дач­кі Людмілы.

— Яны ў нас лідэры. З пачатку жніва ўбралі 109 гектараў і намалацілі 192 тоны збожжа, — зазначае яна. — Для Міхаіла Аляксандравіча ўбіраць хлеб справа прывычная. Не першы год ён з гонарам яе выконвае. А вось Людміла дапамагае бацьку ўпершыню…

— Ці задаволены работай памочніцы? — цікаўлюся ў М. А. Уліц­кага.

— Нічога, стараецца дзяўчына. Сёлета яна закончыла школу, адначасова з атэстатам атрымала і пасведчанне механізатара. Зараз вось тэарэтычныя веды замацоў­вае на практыцы, — адказвае ён.

— Ці даваў бацька самастойна кіраваць камбайнам, жаць збажыну? — пытаюся ў Людмілы.

— Так. Зразумела, спачатку вельмі хвалявалася, аднак дарэмна, усё атрымліваецца, — чую ў адказ.

— Люда паступіла ў Ашмянскі каледж, дзе будзе набываць прафесію бухгалтара, а пакуль няхай папрацуе крыху. Так мы вырашылі на сямейнай нарадзе. Капейка ніколі не бывае лішняй, — дадаў Міхаіл Аляксандравіч.

— Вельмі горача. Напэўна, і ў кабіне немагчыма сядзець. Як вы трываеце?

— У кабіне якраз і нічога. Камбайн, лічыце, новы, чацвёрты сезон працуе. Ёсць кандыцыянер. Дзякуй адміністрацыі, клапоцяцца пра нас. І харчаванне два разы на дзень прывозяць у поле, і смагу ёсць чым наталіць. Мы забяспечаны пітной вадой, у тым ліку і мінеральнай, — працягвае размову камбайнер.

— Колькі тон хлеба за дзень намалочваеце?

— Дзень на дзень не прыпадае. Сёлета ў мяне найбольшы намалот за дзень быў 57 тон, — сказаў на развітанне Міхаіл Аляксандравіч.

Л. В. Каравацкая расказала, што на камбайне «Бізон» сёлета працуе Уладзімір Іванавіч Паршута. Для яго гэта першае самастойнае жніво. Стараецца хлебароб. Ужо намалаціў 146 тон збожжа.

— А хто з вадзіцеляў вызна­чаецца стараннем  і руп­лі­васцю? — пытаюся ў агранома.

— Ды ўсе хлопцы пра­цуюць добра. Камбайны з-за адвозкі збожжа не прастойваюць. Таму з гонарам назаву прозвішчы вадзіцеляў. Гэта Іван Іванавіч Багуцкі, Аляксандр Алімпіевіч Анкіп і Андрэй Пятровіч Балаховіч. Дарэчы, Андрэй закончыў Вілейскае вучылішча, дзе набыў прафесію вадзіцеля, і ўладкаваўся да нас. За ім замацавалі «ГАЗ-53». Юнак адразу пільна перагледзеў літаральна кожны вузел, падрамантаваў тэхніку, і зараз яна другі год надзейна служыць свайму гаспадару. Між іншым, Андрэй лідэр спаборніцтва па перавозцы збожжа. Ён даставіў ад камбайнаў у Вілейку на камбікормавы завод 113 тон збожжа, — адказвае Ларыса Васільеўна.

— Бачу, што ўслед за камбайнамі ходзіць трактар з прэс-падборшчыкам…

— Імкнёмся адразу ўбіраць салому. Гэту справу даручылі вопытнаму механізатару Віктару Раманавічу Рагіню. А напрыканцы працоўнага дня далучаюцца і іншыя механізатары, закончыўшы работу на свінакомп­лексе. Усе рулоны звозяць да месца захоўвання, і тым самым рыхтуюць фронт работы для аратых. Недарэмна кажуць: камбайн з поля — плуг у работу, — адказала на развітанне Л. В. Каравацкая.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Камбайнер
М. А. Уліцкі і яго памочніца Людміла; 2. Вадзіцель аўтамабі­ля «ГАЗ-53» А. П. Балаховіч;
3. Па-гаспадарску эксплуатуе трактар «МТЗ-1221» з прэс-падборшчыкам «ПРФ-180» В. Р. Рагіня.

Фота аўтара.