У рамках акцыі “Наш жывёлавод” падарункамі і падзякамі адзначаюць працаўнікоў ферм

605

ПА добрай традыцыі ў зімова-стойлавы перыяд у рамках рэспубліканскай акцыі “Наш жывёлавод” райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу падарункамі і падзякамі адзначае старанне працаўнікоў ферм. Першымі атрымалі заслужаныя ўзнагароды даяркі, даглядчыкі і цялятніцы ААТ “Занарачанскі”…

Са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Таццянай Сівіцкай адправіліся ў аграгарадок Занарач зацемна, каб заспець работнікаў фермаў на ранішняй дойцы. На цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства да нас далучылася старшыня прафкама гаспадаркі Таццяна Шабан.

— Асноўная задача акцыі — не толькі адзначыць работу лепшых жывёлаводаў, але і сустрэцца з калектывамі, паглядзець, у якіх умовах яны працуюць, ці забяспечаны спецадзеннем, — расказвае Таццяна Сівіцкая. — У рамках акцыі плануем дайсці да кожнай фермы раёна, незалежна ад яе вытворчых паказчыкаў. Кандыдатаў для ўшанавання вызначае адміністрацыя таго ці іншага сельгаставарыства па ўзгадненні з прафсаюзным камітэтам.

Першая на шляху — ферма “Жалезнікі”, калектыў якой узначальвае вопытны жывёлавод Наталля Сурвіла.

— Ведаеце, — кажа Наталля Мікалаеўна, — за руплівасць шчырых слоў падзякі заслугоўваюць усе жывёлаводы. Людзі з адказнасцю ставяцца да даручанай справы, строга захоўваюць працоўную і тэхналагічную дысцыпліну. А на ўшанаванне мы вылучылі Алёну Міхнёву, таму што яна з году ў год дабіваецца някепскіх вытворчых паказчыкаў. Алёна Віктараўна ў ліку лепшых даярак не толькі нашай фермы, але і гаспадаркі, раёна.

У рамках  акцыі “Наш жывёлавод” падарункамі і падзякамі адзначаюць працаўнікоў ферм

Уручаючы падзяку райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і каштоўны падарунак, Таццяна Эдуардаўна шчыра падзякавала не толькі Алёне Міхнёвай, але і ўсім жывёлаводам, пажадала далейшых поспехаў, моцнага здароўя, годных заробкаў і ўсяго самага найлепшага.

 

Наступны прыпынак — ферма “Памошша”. Тут словы падзякі за выніковую працу пачула ў свой адрас аператар машыннага даення кароў Даймутэ Шмяткова. Таццяна Эдуардаўна пацікавілася санітарна-бытавымі ўмовамі на ферме, спытала пра праблемы, падзякавала жывёлаводам за іх працу. Прафсаюзны лідар нагадала, што ў работнікаў, акрамя абавязкаў, ёсць і правы, напрыклад, на атрыманне спецадзення ці на адпачынак у цёплым памяшканні.

— Безумоўна, санітарна-бытавыя ўмовы для жывёлаводаў маглі б быць лепшыя. Але гэта справа не аднаго дня. З часам, спадзяёмся, яны значна палепшацца. А спецадзенне выдаецца рэгулярна згодна з нормамі. Людзі працуюць, стараюцца, дзякуй ім за гэта, — кажа загадчыца фермы Марыя Мацясовіч.
На ферме “Міціненты” падзякі і падарункі атрымалі аператары машыннага даення кароў Таццяна Вярбіцкая і Аксана Капцёнак. Загадчык фермы Аляксандр Кукін расказаў, што давялося прыкласці шмат намаганняў, каб стварыць дружны, працавіты калектыў.

— Дзе хапала слова, а дзе і рублём даводзілася караць. Усяго было, пакуль людзі не зразумелі, што ад іх руплівасці залежаць агульныя набыткі і заробак кожнага члена калектыву. Магу сказаць, што падмурак для дасягнення больш высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі створаны някепскі. Добрыя ўмовы працы, на ўзроўні племянная работа, надзейная кармавая база, а астатняе, як кажуць, вырашае чалавечы фактар, — кажа Аляксандр Пятровіч.

Як заўсёды, чысцінёй і парадкам сустрэла нас ферма “Занарач”. Пра набыткі калектыву за апошні час расказала загадчыца фермы Раіса Кацкель. А ўшанавалі ў гэтым калектыве жывёлавода Марыну Абразаненку. На ферме “Кало­дзіна”, калектыў якой узначальвае Галіна Сцяпанава, падзяку і каштоўны падарунак атрымаў жывёлавод Сяргей Кісель.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота аўтара.