У лідарах — сям’я Колбунаў

137

У лідарах -- сям'я КолбунаўУ ВЯСКОЎЦАЎ зараз, бадай, самы адказны перыяд — уборка вырашчанага ўраджаю. Менавіта жніво вянчае шматлікія намаганні хлебаробаў, падводзіць вынікі іх старання і руплівасці. А што датычыць ураджайнасці, то тут ужо нічога не паправіш, людзі рабілі ўсё магчымае, каб колас быў умалотным, але не ўсё ім падуладна, вельмі многае пакуль залежыць ад надвор’я.

— Збожжавыя і зернебабовыя культуры ў нас займаюць 1774 гектары. З іх больш 900 гектараў было адведзена пад азімыя, — расказвае аграном УП «Княгінін-Агра» В. М. Паслед. — Маем сем камбайнаў. Тэхніку да жніва хлопцы рыхтавалі грунтоўна. Усе дакладна разумеюць, што прастояў на хлебным палетку ў гарачую пару не павінна быць. Тым больш, што аб’ём работы не малы.

У лідарах -- сям'я Колбунаў— З чаго пачалося жніво?

— Адразу хлебаробы завіхаліся на рапсавым палетку, які займаў 320 гектараў. Намалацілі 459 тон рапсу. Паспяхова выканалі дзярж¬заказ па продажу гэтай культуры, — адказвае Валерый Мікалаевіч. — А зараз усе камбайны працуюць на ўборцы збожжавых.

— Хто лідзіруе?

— Першынство трымае Аляксандр Колбун, за якім замацаваны камбайн «КЗС-10». Памочнікам у яго не першы год завіхаецца жонка Таццяна. На рахунку руплівага сямейнага экіпажа звыш 406 тон намалочанага збожжа, — чую ў адказ.

З далейшай размовы даведаўся, што вынікова працуе і А. Ю. Сяліла, які кіруе камбайнам «Лескіён-560». Анатолій Юр’евіч намалаціў 354 тоны збожжа.

— Мне цяжкавата спаборнічаць з Анатолем. У яго камбайна жняярка шырэйшая, значыць і намалот большы, — кажа А. М. Колбун, якога сустрэў на ячменным палетку ля Восава. — З раніцы ўбіраў авёс на тарфяніку ля Ельніцы. А зараз тут працуем.

— А як памочніца, ці спраўна дапамагае?

— Стараецца. Справу сваю ведае добра. Не першы год на жніве, — чую ў адказ.

— Раней, калі жыла ў Сватках, працавала памочніцай камбайнера ў бацькі, — уступае ў размову Таццяна. — І з Аляксандрам працуем разам каторы год. Дарэчы, старэйшы сын Сярожа таксама працаваў памочнікам камбайнера. Зараз ён жыве ў Мінску. А вось Пашка разам з намі на жніве з дня ў дзень. За ім замацаваны аўтамабіль «ЗіЛ-131», на якім устаноўлена бочка з вадой. У любую хвіліну ён гатоў прыйсці на дапамогу механізатарам у выпадку ўзнікнення пажару.У лідарах -- сям'я Колбунаў

Зразумела, галоўны тут гаспадар, Аляксандр Мікалаевіч. Ён самы вопытны, збажыну ўбірае з 1987 года. Працаваў на «Нівах», «Донах». І гэты «КЗР-10» сёмы год надзейна служыць дбайнаму хлебаробу.

— Як вырашаюцца арганізацыйныя пытанні?

— Праблем вялікіх няма. Паліва ёсць, тэхнікі для адвозкі збожжа хапае. Два разы на дзень прывозяць на поле харчаванне. А больш нічога і не трэба. Галоўнае, каб надвор’е спрыяла. А мы не падвядзём, — адказвае А. М. Колбун.

З далейшай размовы з В. М. Паследам даведаўся, што не ўзнікае пытанняў і з адвозкай збожжа. Для гэтай мэты выдзелены аўтамабілі «МАЗ». Сярод вадзіцеляў найвышэйшых вытворчых паказчыкаў дабіваецца Алег Ясюкевіч, які перавёз 551 тону збожжа. Імкнецца не адставаць ад яго Міхаіл Сільвановіч і іншыя.

— На збожжатаку машыністамі «ЗСК-30» працуюць Ігар Бажэлка і Ігар Мончык. Хлопцы вопытныя, старанныя, — працягвае размову аграном. — Асаблівую падзяку хочацца выказаць вучням Княгінінскай школы, якія ў поўным сэнсе гэтага слова шчыруюць на збожжатаку. І падмятаюць пляцоўкі, і пералапачваюць збожжа. Добрыя памочнікі.

Хлебаробы таварыства не адкладваюць на потым разлік з дзяржавай. На прыёмны пункт адпраўлена 193 тоны жыта. Гэта работа не спыняецца ні на адзін дзень. Усяго княгінінцы ўбралі збожжавыя культуры з 730 гектараў і намалацілі 1092 тоны зерня.

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.

На здымках: 1. Аляксандр, Таццяна і Павел Колбуны; 2. Вадзіцель аўтамабіля «МАЗ» А. А. Ясюкевіч; 3. Юныя памочнікі — вучні Княгінінскай школы.

Фота аўтара.