«Толькі добрае магу сказаць…»

131

"Толькі добрае магу сказаць..."СТАРЭНЬКАЯ ферма “Няверы” размясцілася воддаль ад вёскі, у зацішным куточку. Непадалёку шумяць разлапістыя сосны, а на воданапорнай вежы ля кароўніка пасялілася сямейка галянастых буслоў. Па вечарах далёка навокал разносіцца прывабны клёкат шануемых у народзе птушак. Там дзе яны, лічыцца, — згода і дастатак. Кароў з пашы яшчэ не прыгналі, таму навокал пуставата. Толькі каля летніх домікаў для маленькіх цялятак убачыў маладога хлопца з малатком і цвікамі ў руках. Пакрысе разгаварыліся. Аказалася, гэта — адзін з пастухоў дойнага статка Сяргей Чарняўскі. Летась закончыў Сваткаўскую школу, ажаніўся на аднакласніцы Яне, а працаваць уладкаваўся на ферму. Пацікавіўся ў хлопца, чаму не пайшоў вучыцца далей?

— Грошы трэба зарабляць, у сям’і падрастае маленькі Ягор, жонка — у дэкрэтным, — разважліва падзяліўся Сяргей. — А наконт вучобы вырашым крыху пазней, мабыць, паступлю ў тэхнікум на завочнае аддзяленне.

— Ці добрыя ж у вас заробкі?

— Як папрацуем, так і маем. Усё залежыць ад надояў. Можна за месяц і чатыры, і пяць мільёнаў рублёў атрымаць. Пакуль на жыццё хапае.

— Скажыце, а ў якой вашай даяркі найбольшыя надоі?

— Напэўна, у Аксаны Максімавай. Ды ў нас у “чырвоным кутку” ёсць вынікі работы і аператараў, і ўсіх ферм гаспадаркі. Можна зайсці, паглядзець…

Сапраўды, як можна меркаваць з вывешанай на спецыяльным стэндзе дакументацыі, у Няверах лепш за ўсіх у першым паўгоддзі папрацавала Аксана Максімава — 3290 кілаграмаў малака ад каровы. Усяго на сорак кілаграмаў ніжэйшы гэты паказчык у Святланы Кісель. На някепскім узроўні прадуктыўнасць груп і ў Надзеі Кашурэнкі, Таццяны Буславай. Ды і ў цэлым па ферме надой ад каровы перавышае тры тысячы кілаграмаў, калектыў жывёлаводаў упэўнена першынствуе ў акцыянерным таварыстве “Сваткі”.

Праз хвілін колькі пад’ехала юркая “Газель”, з яе дружна павысыпалі на вячэрнюю дойку работнікі фермы на чале з загадчыцай Таццянай Субач.

— Ладзяцца ў нас справы і гэтымі ліпеньскімі дзянёчкамі, — ахвотна расказвае яна. — І ў многім дзякуючы таму, што шчыра выконваюць свае абавязкі не толькі даяркі, але і пастухі. Толькі добрае магу сказаць пра Івана Станкевіча, Юрыя Януковіча. Не падводзіць і наша маладое папаўненне — Сяргей Чарняўскі.

— Апрача пашы, — працягвае Таццяна Віктараўна, — даём каровам па 20 кілаграмаў сакавітай зялёнкі і па 350 грамаў канцэнтратаў на надоены літр малака. Практычна ўсё яго адпраўляем на прыёмны пункт вышэйшым гатункам. Удаецца таксама забяспечыць даволі высокую захаванасць прыплоду, весці на дастойным узроўні селекцыйную работу. Таму ёсць упэўненасць, што і па выніках года пры такой дружнай працы захаваем за сабой лідэрства па вытворчасці малака ў нашай гаспадарцы…

Што ж, такое імкненне можна толькі вітаць.

Павел ЖУКАЎ.

На здымку: даяркі фермы “Няверы” ААТ “Сваткі” Таццяна Буслава (злева) і Святлана Кісель перад вячэрняй дойкай.

Фота аўтара.