Нядрэнных паказчыкаў сёлета дасягаюць жывёлаводы ААТ «Свір-Агра». На пачатак красавіка сярэднясутачны надой па гаспадарцы складаў 12,4 кілаграма малака (дабавілі да адпаведнага перыяду мінулага года больш кілаграма), таварнасць — 94 працэнты. Менавіта на апошнім паказчыку і спынімся. Бо ён якраз сведчыць пра фактычную рэалізацыю малака альбо інакш — тавар.
Днямі пабываў у таварыстве, дзе пагутарыў на актуальную тэму з галоўным заатэхнікам гаспадаркі А. Л. Ахрыменка.
— Патлумачце адразу, Аляксандра Леанідаўна, — звярнуўся да спецыяліста, — што непасрэдна ўплывае на паказчык таварнасці. Ёсць, напэўна ж, як аб’ектыўныя фактары, так і суб’ектыўныя…
— Сапраўды, гэта так. І ў першую чаргу неабходна забяспечыць рэгулярнае паступленне замяняльніка натуральнага малака для выпойвання цялят. Пры яго дэфіцыце даводзіцца дадаткова расходаваць на дарошчванне маладняку прадукцыю, прызначаную для рэалізацыі. Атрымліваем замяняльнік па заяўцы праз Нарацкі філіял адкрытага акцыянернага таварыства «Маладзечанскі малочны камбінат». На нашу колькасць цялят патрэбна 2,5-5 тон у месяц. Заканамерна зніжаецца таварнасць і падчас масавых ацёлаў. Для забеспячэння якасці прадукцыі ў гэты перыяд малако ад каровы для рэалізацыі не забіраецца, бо вельмі шмат саматычных клетак. А яшчэ ў нас маецца свінаферма. Малых парасят кормім натуральным малаком, бо выкарыстоўванне «сухога» да гэтага часу не практыкавалі. Але думаем у бліжэйшай перспектыве пачаць працаваць і з замяняльнікамі. Дарэчы, яны адрозніваюцца ад тых, што ідуць на выпойванне цялят, і больш дарагія.
— Аляксандра Леанідаўна, а як залежыць таварнасць ад тых, хто непасрэдна працуе на вытворчасці?
— Пытанне правільнае. Ёсць і шэраг суб’ектыўных прычын, якія ўшчыльную ўплываюць на гэты важны паказчык. Шмат чаго залежыць ад добрасумленных адносін да сваіх абавязкаў саміх даярак. Здараецца, што малых цялятак не аддаюць своечасова на дарошчванне, яны затрымліваюцца на ферме больш за 20 дзён. Усё таму, што не паспяваюць набраць вагу з-за дрэннага догляду. А яшчэ нельга дапускаць даярцы, каб пасля лячэння каровы антыбіётыкамі малако ішло ў агульны «кацёл». У такім выпадку ўсяго адна не ўлічаная рагуля можа нанесці нямала шкоды, паўнюткі малакавоз могуць адправіць з Нарацкага філіяла ў зваротны шлях. Страты вялікія, бо чатыры тоны малака зараз каштуе прыкладна 9 мільёнаў рублёў.
— Але ж, думаецца, працэс гэты ў гаспадарцы трымаецца на кантролі. Адсюль і паказчыкі.
— Безумоўна. Найлепш абстаяць справы па рэалізацыі малака на фермах «Камарова» і «Паніззе». Ды і ўвогуле, у нас нямала добрасумленных выканаўцаў, якія адчуваюць адказнасць за вынікі сваёй працы. Ад тых жа загадчыц фермаў шмат чаго залежыць, ад работы зааветслужбы гаспадаркі. Асобна хачу сказаць пра нашага лабаранта Ірыну Іванаўну Скавародка. Спецыяліст яна вопытны, хібаў не прапусціць. А працаваць жанчыне даводзіцца практычна без выхадных, ад самай раніцы матацца па фермах, каб узяць пробы малака. Вось і зараз недзе ў дарозе.
На развітанне А. Л. Ахрыменка патлумачыла, што масавыя ацёлы заканчваюцца. Значыцца, адпаведна павысіцца і таварнасць малака. Што, зрэшты, зараз і бачым, калі зазірнуць у свежую зводку. А з пачаткам пашавага перыяду, каровы стануць ужо менш хварэць, не трэба будзе прымяняць антыбіётыкі. Што таксама станоўча паўплывае на паказчык таварнасці.
Аляксандр БЫКАЎ.
На здымку: лабарант І. І. Скавародка за работай.
Фота Таццяны Несцярэнка.