ХАПАЕ клопатаў механізатарам ААТ «Будслаўскае» ў гэтыя ліпеньскія дні. Адны завіхаюцца ля камбайнаў, якія ў хуткім часе давядзецца выводзіць на хлебны палетак. Другія ўжо ўбіраюць азімы рапс, намалацілі яго 146 тон. Не губляюць актуальнасці і пытанні корманарыхтоўкі. З раніцы да позняга вечара не сціхае рокат матораў. Каб надоўга не спыняць працу, харчаванне арганізавана прама ў полі. Людзі задаволены тым клопатам, які праяўляе аб іх кіраўніцтва таварыства. Разумеюць, што ад якасці і колькасці назапашаных летам кармоў будуць залежаць і прывагі, і надоі. Таму і стараюцца як мага эфектыўней выкарыстоўваць тэхніку. У гэтым пераканаліся наведаўшы палетак на ўскрайку вёскі Альжуткі. Тут жа знаходзіўся і галоўны аграном гаспадаркі Ф. М. Томкавіч.
— Перад механізатарамі пастаўлена задача: нарыхтаваць для грамадскага статка 7740 тон сенажу, 520 — сена і 8850 тон сіласу. Задача не простая, таму расслабляцца няма часу, — кажа Франц Мечыслававіч.— І што механізатары маюць у сваім актыве? — цікаўлюся.
— На сёння ў гаспадарцы назапашана 310 тон сена, 6393 — сенажу і 3798 тон сіласу, — чую ў адказ. — На ўмоўную галаву жывёлы ў сярэднім гэта складае 12,79 цэнтнера кармавых адзінак. Работа па корманарыхтоўцы не спыняецца ні на адзін дзень. Вось і сёння закладваем зернесянаж. Паглядзелі, што на гэтым участку азімы трыцікале вырас кепска, ураджайнасць яго будзе нізкая, таму вырашылі закласці зернесянаж. Атрымаецца добры корм.
З далейшай размовы даведаўся, што на касьбе стараннем і руплівасцю вызначаюцца вопытныя механізатары Аляксандр Лемяшонак і Анатолій Аксю¬чыц, за якімі замацаваны «КЗР-10». На адвозцы масы вынікова працуюць механізатары Дзмітрый Хадалёнак, Уладзімір Нарэйка, Казімір Цівунчык, Франц Грыневіч, а таксама вопытны вадзіцель аўтамабіля «ЗіЛ-131» Фелікс Сіняўскі.
— А дзе закладваеце зернесянаж?
— Ля малочнатаварнага комплексу «Палессе». На трамбоўцы заняты Аляксандр Мікалаеў, за якім замацаваны трактар «МТЗ-3022», Увогуле, старанна працуюць механізатары, — адказаў на развітанне аграном таварыства.
Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
На здымках: 1. На добрым рахунку ў таварыстве гаспадары комплексаў «КЗР-10» механізатары А. С. Лемяшонак і А. С. Аксючыц. 2. Стараннем і руплівасцю на адвозцы масы вызначаюцца У. С. Нарэйка, Д. С. Хадалёнак і К. Т. Цівунчык.
Фота аўтара.