Ва Уздзе ўшаноўвалі пераможцаў абласнога спаборніцтва ў сферы жывёлагадоўлі. Расказваем, каго з працаўнікоў Мядзельшчыны ўзнагародзілі

281

ШТОГОД на абласных «Дажынках» маштабна ўшаноўваюць лепшых хлебаробаў, а вось жывёлаводы заставаліся ўбаку. Цяпер на Міншчыне закладваецца новая традыцыя — уганараванне лепшых работнікаў у сферы жывёлагадоўлі.

«На мой погляд, галіна жывёлагадоўлі не менш, а магчыма, і больш важная, чым раслінаводства, — зазначыў старшыня аблвыканкама Аляксандр Турчын. — Жывёлагадоўля забяспечвае сялян пастаяннай выручкай на працягу ўсяго года. Акрамя таго, гэта крыніца выплаты заробку».

У сераду ва Уздзе ўшаноўвалі пераможцаў абласнога спаборніцтва за дасягненне лепшых паказчыкаў у развіцці аграпрамысловага комплексу. Удзел у мерапрыемстве прымала і дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Прановічам.

Аляксандр Турчын падвёў папярэднія вынікі года, назваў галоўныя дасягненні. Па-першае, «у нас атрымалася магія лічбаў: два мільёны тон збожжа і два мільёны тон малака. Але гэтыя лічбы маюць пад сабой эканамічныя разлікі і абгрунтаванасць. Мы разумеем, колькі нам трэба збожжа, каб забяспечыць галіну жывёлагадоўлі. І мы разумеем, колькі нам трэба малака, каб забяспечыць эфектыўную загрузку перапрацоўчых магутнасцей вобласці». Па-другое, «Мы істотна скарацілі колькасць стратных прадпрыемстваў, нарасцілі аб’ёмы прыбытку ў сельскай гаспадарцы. Для мяне гэта самы галоўны прыярытэт». Па-трэцяе, «рост экспарту, у тым ліку ў Расійскую Федэрацыю. І апошні мой візіт у Ленінградскую вобласць сведчыць, што ў нас ёсць значныя перспектывы, куды рухацца ў гэтым кірунку». «Таксама, — падкрэсліў старшыня аблвыканкама, — для мяне важнае рашэнне Прэзідэнта, рашэнне Ураду аб будаўніцтве ў вобласці вялікай колькасці малочнатаварных ферм. Якія, безумоўна, у сярэднетэрміновым і кароткатэрміновым перыядах дадуць значны эфект».
У намінацыі «Рэалізацыя малака» на І месцы ў вобласці Смалявіцкі раён, на ІІ — Нясвіжскі, на ІІІ — Мінскі. Узнагароды кіраўнікам раёнаў уручыў старшыня аблвыканкама.

У намінацыі «Вытворчасць і рэалізацыя жывёлы» адзначаны Маладзечанскі, Валожынскі і Лагойскі раёны. Аляксандр Турчын узнагародзіў таксама кіраўнікоў гаспадарак.

Першы намеснік старшыні аблвыканкама Сяргей Ляўковіч уручыў узнагароды пераможцам у намінацыях. Сярод іх былі і прадстаўнікі нашага раёна. У намінацыі «Вытворчасць травяністых кармоў» сярод камбайнераў корма­ўборачных камбайнаў ІІ прызавое месца заняў Яраслаў Вяршыла з ААТ «Занарачанскі», сярод вадзіцеляў і механізатараў, якія перавозілі кармы ад кормаўборачных камбайнаў, І прызавое — Міхаіл Хільман з гэтай жа гаспадаркі.

З кожнага раёна ўшанавалі аднаго галоўнага спецыяліста зоаветслужбы, аператара па штучным асемяненні жывёлы, па машынным даенні кароў, па вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы. З Мя­дзельшчыны гэта галоўны ветэрынарны ўрач АСП «Вузлянка» Аляксандр Адамовіч, аператар па штучным асемяненні кароў ААТ «Сваткі» Івета Фонташ, аператар машыннага даення кароў з Нацпарка «Нарачанскі» Крысціна Баравая і жывёлавод ААТ «Свір-агра» Святлана Малькевіч.

Наталля ЛІСІЦКАЯ.  Фота «Минская правда»

 

Аляксандр Адамовіч, галоўны ветэрынарны ўрач АСП «Вузлянка»:
— За 40 год працы шмат разоў удзель­нічаў у абласных мерапрыемствах. Гэтым разам, як заўсёды, усё прайшло на высокім узроўні. Радуе ўвага да сельскай гаспадаркі губернатара, спадабалася таксама выступленне Сяргея Ляўковіча. Напрыканцы быў добры канцэрт. Вядома, прыемна, што ўзнагародзілі. Да ўзнагароды была і прэмія (пералічылі на картку), і прыгожы букет — прывёз жонцы. Ды і прадуктовы набор (такія атрымалі ўсе удзельнікі мерапрыемства) да святочнага стала будзе дарэчы.

Івета Фонташ, аператар па штучным асемяненні кароў ААТ «Сваткі»:
— Канечне, прыемна, калі ўзнагаро­джваюць. На абласным мерапрыемстве была ўпершыню. Сустрэла там знаёмую з Вілейскага раёна (крыху працавалі разам) — яна таксама атрымлівала ўзнагароду. Спадабалася ўсё. Ведаеце, мы ў жывёлагадоўлі пастаянна ў працы, мала дзе бываем… Вельмі добра прымалі: для нас правялі экскурсію ў музеі, быў добры канцэрт. Напрыканцы — прыгожы феерверк над горадам. Вядома, дарога ва Узду далекаватая, вярнуліся позна. Але задаволена, што з’ездзіла.