Распачалі першымі

221


Распачалі першыміАСНОЎНЫЯ намаганні вяскоўцаў зараз падпарадкаваны адной мэце — своечасова і якасна правесці пасяўную кампанію. Праўда, надвор’е пакуль не спрыяе яе шырокаму разгортванню. Але хлебаробы выбіраюць тыя палеткі, дзе глеба крыху падсохла, і ўключаюць тэхніку ў работу. Першымі на Мядзельшчыне распачалі сяўбу яравых збожжавых культур механізатары ТАА «Нарачанская Ніва 2004». Разам з галоўным аграномам таварыства Аляксандрам Валодзькам кіруемся на палетак, які знаходзіцца паміж аграгарадком Нарач і вёскай Швакшты.

Распачалі першыміТут у многіх месцах працуе тэхніка. Аляксандр Уладзіміравіч тлумачыць, што яравы клін у гаспадарцы немалы: 459 гектараў адводзіцца пад ячмень і 261 — пад кукурузу.
— Тэхнікі ў нас не вельмі многа, таму з пасяўной не марудзім. Рабочы дзень распачынаем у сем гадзін і заканчваем не раней 19 гадзін, — расказвае Аляксандр Валодзька. — На падрыхтоўцы глебы стараннем і руплівасцю вызначаецца Яўген Жалубоўскі. За ім замацаваны трактар «МТЗ-1221» у агрэгаце з дыскатарам.
— Чацвёрты дзень у полі, — кажа Яўген. — Работа мне гэта добра вядомая. За сем гадоў механізатарскага стажу даводзілася і з дыскатарам, і з плугамі, і з культыватарам працаваць. А тут я не адзін. Вунь з «АКШ-3,6» працуюць механізатары Віталій Сямашка і Ігар Шкода. Мы ствараем фронт работы пасяўному агрэгату.

Распачалі першымі
— А хто сее ячмень? — пытаюся ў агранома.
— Гэту адказную справу даручылі Сяргею Міхнаўцу. Трактар «МТЗ-82» і сеялка «СЗУ-3,6» у яго далёка не новыя, але хлопец падладзіў тэхніку і зараз працуе. У першы дзень пасеяў ячмень на плошчы 12 гектараў, — адказвае Аляксандр Уладзіміравіч. — Сяргей талковы хлебароб. Стараецца браку ў рабоце не дапускаць. Дарэчы, і летась ён завіхаўся з сеялкай. Нараканняў не было.

Распачалі першымі
Каб сеялка не прастойвала на полі ў такі гарачы час, клапоціцца механізатар Васілій Маліцкі. Трактарам «МТЗ-952» у агрэгаце з загрузчыкам ён падвозіць насенне. Словам, пасяўны канвеер нарачанцаў набірае абароты.
— А што за трактар працуе на ўскрайку поля? — пытаюся ў агранома.
— Там азімыя культуры падкормлівае Уладзімір Турскі. А яшчэ на падкормцы азімых і шматгадовых траў заняты Андрэй Малько. Усяго падкормлена 12 гектараў азімых і 30 — шматгадовых траў. Ды і пад яравую сяўбу гэтыя хлопцы ўносяць тукі, — адказвае Аляксандр Уладзіміравіч.

Распачалі першымі
Застаецца дадаць, што для тых, хто працуе ў полі, арганізавана гарачае харчаванне. Адміністрацыя таварыства імкнецца ствараць усе ўмовы для прадукцыйнай працы, а хлебаробы адказваюць сваім стараннем і руплівасцю.

Распачалі першымі

Ігнат ЛУБНЕЎСКІ.
Фота
Аляксандра Высоцкага.