Нагадаем яшчэ раз пра сітуацыю, якая склалася ў сярэдзіне снежня мінулага года ў гаспадарках раёна з разлікамі за электраэнергію. На той момант агульная сума запазычанасці была ўнушальная, але шэраг гаспадарак нават і не збіраліся плаціць. Энергетыкі пайшлі на крайнія меры — адключэнне сілкавання адміністрацыйных будынкаў некаторых таварыстваў (пра гэта падрабязна расказвалася ў рэйдавым матэрыяле, змешчаным у адным з пераднавагодніх нумароў «Нарачанскай зары»). І трэба сказаць, прынятыя захады для выпраўлення становішча мелі станоўчы вынік. Па стану на 1-га студзеня 2012 года ўдалося спагнаць з даўжнікоў больш за 1 мільярд 268 мільёнаў рублёў.
Тым не менш, становішча да канца не выпраўлена. За снежань 2011 года завінаваціліся ААТ «Зані», «Свір-Агра», «Будслаўскае». Так і хочацца сказаць: перш, чым уключаць рубільнікі, вярніце даўгі!
А вось яшчэ адзін сумны прыклад. Агульная сума запазычанасці па УП «Вішнеўскае-Агра» склала на 1-га студзеня 380901256 рублёў, па УП «Свінакомплекс «Буйкі» — 159151699 рублёў, па УП «МТФ «Сырмеж» — 186774329 рублёў.
Названыя сельгаспрадпрыемствы — сфера ўплыву і адказнасці адпаведнага сталічнага інвестара. Ужо колькі год справы тут не ладзяцца. Аднаму толькі Нарачанскаму філіялу ААТ «Маладзечанскі малочны камбінат» завінаваціліся 76 мільёнаў рублёў. Тое ж тычыцца, бачна, і за энерганосьбіты. Са студзеня па снежань мінулага года з МТФ «Сырмеж» паступіла за спажытую электраэнергію крыху больш за 45 мільёнаў рублёў, са свінакомплексу «Буйкі» — 37 з паловай, а з «Вішнеўскага-Агра» ўвогуле нічога. Як высветлілася ў ходзе праверкі з удзелам начальніка Мядзельскага ўчастка Энергазбыту Н. П. Гапонік і майст-
ра Мядзельскага РЭС Ю. М. Марчанкі, энергетычная служба там знаходзіцца ў занядбаным стане. Гэта тычыцца і вядзення дакументацыі, і практычнай работы таксама, слаба наладжаны кантроль за расходваннем энерганосьбітаў. Ды плаціць па рахунках тут ужо не здольны. Кантора, напрыклад, даўно адключана ад электраэнергіі за тыя ж даўгі. Праўда, мясцовыя ўмельцы дадумаліся падключыцца да сталовай, але іх хітрыкі былі раскрыты. Пагрэцца работнікі бухгалтэрыі могуць ля печкі, а вось камп’ютары на дрывах не запусціш. Цікава, як жа цяпер рабіць шматлікія справаздачы? Хіба што дома?!
Завіталі на свінакомплекс «Буйкі», на які затрачваецца нямала такіх дарагіх кілават. Апошнім часам спажыванне электраэнергіі тут зменшылася, і можна было б, здаецца, парадавацца. Але прычына не ў эфектыўнасці гаспадарання. Хутчэй, наадварот.
— У нас не працуе каларыфер для абагравання матачніка, — сказала пры сустрэчы загадчыца Наталля Альбінаўна Драгун. — Невядома, калі адрамантуюць. Добра, што вялікіх маразоў няма. Адкорм і ўвогуле ніколі не абаграваўся. Няма пакуль цяпла і ў слясарным аддзяленні.
Праўда, лямпачкі ў жывёлагадоўчых памяшканнях гарэлі ва ўсю.
— У вас дома ў хляве адна, і то, напэўна, калі пакорміце свінку, выключаеце за сабой, — зрабіла слушную заўвагу Надзея Пятроўна.
Прыкмеціла яна электрычны абагравальнік на 3 кВт у неахайным закутку з паламанай падлогай, дзе месціцца, як разумею, сама Н. А. Драгун. Хто ведае, можа і ўсю ноч працаваў.
Гарэлі ў два рады лямпачкі і на ферме «Астраўляны». Там патлумачылі, што, маўляў, яшчэ ідзе дойка. Дарэчы (хоць гэта і не тычылася тэмы праверкі), не маглі не заўважыць, які бедлам панаваў у той дзень на ферме «Сырмеж». Памяшканне патанала ў гнаі (паламаўся транспарцёр), сістэма водапаення ў запушчаным стане. Доўгі час жанчыны не маглі распачаць дойку (была палова дзясятай), бо не прыйшоў на працу слесар, каб уключыць абсталяванне. Паскардзіліся даяркі і на нізкую зарплату.
Адбылася размова з выконваючым абавязкі дырэктара прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «МТФ «Сырмеж» А. В. Леўдзікавым. На пытанне Н. П. Гапонік: «Якую ён бачыць перспектыву ў сэнсе ліквідацыі даўгоў па электраэнергіі?» — Аляксандр Вячаслававіч шчыра адказаў: «Ніякай! Грошай няма!».
— Дык мы, акрамя канторы, адключым у вас яшчэ і запраўку, мехмайстэрню, склады, гаражы, сушылку… Усяго 8 уводаў, — прадоўжыла Надзея Пятроўна.
— Адключайце, ваша права, — спакойна адрэагаваў кіраўнік. — Таго ж паліва не маем ні літра. Майстэрні трохі шкада, можа хоць нешта б рабілі…
На развітанне А. В. Леўдзікаў рашуча запэўніў, што абагравальнік, які мы ўбачылі ў каморы на свінакомплексе, ліквідуюць ужо заўтра. Мо яно так і будзе. Але асабіста ў мяне ўзнікла пытанне: а што далей, ці прадугледжана менш энергаёмкая яму замена? Наўрад ці, зыходзячы з сітуацыі. Так што, апранайся цяплей, Наталля Альбінаўна!
Аляксандр БЫКАЎ.