Пшанічка з ражкоўскіх пагоркаў

149

Пшанічка з ражкоўскіх пагоркаўУ ГАСПАДАРКАХ раёна прыступілі да масавай уборкі збожжавых культур. Выйшлі на хлебнае поле і ў ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга”. Аб тым, як распачалі тут жніво, расказаў пры сустрэчы галоўны аграном таварыства Ф. С. Кодзіс.

— Наш хлебаробскі старт сёлета быў ва ўрочышчы Чалеі на пшанічным палетку. А ўвогуле на сёння поўнасцю ўбраны трыцікале на плошчы 23 гектары.

— Які аб’ём работ наперадзе?

— Даволі вялікі. Плошча азімых культур складае 538 гектараў, яравых – 322. Асноўная надзея на ўборцы збожжавых на трох нашых камбайнераў. Гэта — Валянцін Андрон, Андрэй Кавалёў і Васіль Лісіцкі, якія працуюць на “КЗС-1218”. Машыны ў іх практычна новыя, але і нагрузка на хлопцаў значная. Неўзабаве думаем запусціць у дапамогу камбайны “Ліда” і “Дон-1500”. На адвозцы задзейнічаны два “МАЗы”. Затрымкі тут няма. Палівам таксама забяспечаны, арганізавана двухразовае харчаванне хлебаробаў.

— А хто зараз лідзіруе на жніве?

— Васіль Лісіцкі. Убраў на раніцу 29 ліпеня 63 гектары, намалаціў 120 тон збожжа. Не адстае і Валянцін Андрон, на рахунку якога зараз 60 з паловай гектараў і 105 тон збожжа. Ураджайнасць, праўда, ніжэйшая, чым летась. Паўплывала цяжкая зіма, ды і дэфіцыт мінеральных угнаенняў таксама. Вось таму цяпер і трэба максімальна ашчадна сабраць вырашчанае, не дапусціць неапраўданых страт.

Пасля размовы наведаліся разам на пшанічны палетак за вёскай Ражкі. Хлопцы дружна і ўмела накіроўвалі свае магутныя машыны па крутых пагорках, запаўняючы спелым зернем бункеры. Папрасілі прыпыніцца на хвілінку.

— Як працуецца? — пытаюся ў В. Лісіцкага.

— Усё ў парадку, — лаканічна адказаў Васіль Уладзіміравіч, — Трэці сезон убіраю хлеб на гэтых пакручастых палетках, прызвычаіўся ўжо.

Пажадаўшы хлопцам плёну ў рабоце, развіталіся. І толькі засталіся тупаць цыбатымі нагамі па полі ў пошуках спажывы каля двух дзясяткаў буслоў — адвечных спадарожнікаў любога жніва.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: хлебаробскае трыа ААТ “Мядзельскае аграпрамэнерга” — В. Андрон, В. Лісіцкі і А. Кавалёў.

Фота Паўла Жукава.