Прывабныя арыенціры

134

Прывабныя арыенцірыЛІТАРАЛЬНА днямі на пасаду першага намесніка старшыні райвыканкама — начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання прызначаны Дзяніс КАЛЯСЕНЬ. Скажам прама, “спадчына” яму дасталася не з зайздросных. Наш азёрны рэгіён на апошніх пазіцыях у сталічнай вобласці па вытворчасці малака, хапае хібаў і ў раслінаводстве. З чаго новы кіраўнік аграпрамысловага комплексу мяркуе пачынаць сваю работу, на што акцэнтаваць увагу для выпраўлення сітуацыі ў адстаючых гаспадарках? З такога пытання і пачалася размова з Дзянісам Сяргеевічам:

— На мой погляд, самыя вялікія недапрацоўкі на вёсцы — у жывёлагадоўлі. Найбольш засмучае сітуацыя з вытворчасцю малака. Па надоі яго ад каровы за першае паўгоддзе раён на 102 месцы ў рэспубліцы і на апошнім — у нашай сталічнай вобласці. Як кажуць, далей адступаць няма куды. Ды і жыццё вымагае працаваць на фермах больш эфектыўна і вынікова па той простай прычыне, што асноўныя фінансавыя паступленні ў касы гаспадарак менавіта ад продажу малака. Пэўныя захады па выпраўленні сітуацыі на Мядзель¬шчыне ўжо зроблены. Маю на ўвазе актыўнае будаўніцтва ў таварыствах сучасных даільных залаў. І гэта правільна, бо без пераходу на прагрэсіўныя тэхналогіі значна павысіць прадуктыўнасць дойнага статка не ўдасца. Сур’ёзная праблема многіх гаспадарак — нізкі ўзровень селекцыйнай работы. Нямала дзе, як высвятляецца цяпер у размове са спецыялістамі, у свой час “завалілі” асемяненне кароў. Ад ялаўкі ж, кожны вясковец вам скажа, нават пры ўсім жаданні вялікага малака не атрымаеш. Са свайго вопыту магу адзначыць, што за мінулы год у ААТ “Рубяжэвічы” Стаўбцоўскага раёне, дзе працаваў да прызначэння ў Мядзел, надой ад каровы давялі да 4700 кілаграмаў. Адметны не гэты паказчык, а тое, што сярэдняя прыбаўка па гаспадарцы на рагулю ў параўнанне з папярэднім годам склала ажно 1100 кілаграмаў. За лік чаго? У асноўным дзякуючы значнаму паляпшэнню селекцыйнай работы на фермах далучанага да нас адстаючага сельскагаспадарчага таварыства “Тонава”.

— Дзяніс Сяргеевіч, у справе вытворчасці малака вялікую ролю адыгрывае і стан кармавой базы.

— Безумоўна. Наколь¬кі мне вядома, у некаторых гаспадарках азёрнага краю на мінулую зімоўку назапасілі мала кармоў. У прыватнасці, “Мядзелаграсэрвіс”, “Зані” куплялі іх, дзе толькі можна. А добрыя гаспадары, калі і прадаюць сянаж ці сілас, то горшай якасці, лепшае пакідаюць сабе. Такім чынам, жывёла ў гэтых і некаторых іншых гаспадарках выйшла на пашу аслабленай і, зразумелая справа, нават улетку не можа даваць высокія надоі. Для пацвярджэння сказанага дастаткова зазір¬нуць у раённую зводку: ва ўзгаданых гаспадарках яны цяпер не дасягаюць і васьмі літраў ад каровы. З горкага ўрока трэба зрабіць належныя вывады і, пакуль ёсць магчымасць, грунтоўна падрыхтавацца да наступнага стойлавага перыяду. Паралельна неабходна весці работы па перазалужэнні сенажацяў і пашы. Хаця насенне добрых травасумесяў не з танных, усе затраты на гэта з часам акупяцца з лішкам.

— Скажыце, а на чым неабходна сканцэнтраваць увагу ў раслінаводстве?

— Зноў жа, на пераход на прагрэсіўныя тэхналогіі вырошчвання збожжавых, кармавых культур. Нельга забываць, што без сучаснага раслінаводства не можа быць дастойнай жывёлагадоўлі. Сёлетні год — не ўраджайны. Мы бачым зрэджаныя пасевы жыта, азімай пшаніцы, трыцікале. Гэта вынік не толькі неспрыяльнага надвор’я, але і таго, што месцамі мала ўнеслі мінеральных угнаенняў. Асобныя палі пазарасталі пустазеллем, бо з восені не апрацавалі гліфасатамі. Прыклад тут трэба браць з такіх гаспадарак, як ААТ “Сваткі”, “Занарацкі”, “Свір-Агра”, дзе дастойны ўзровень вытворчасці, ёсць на што паглядзець, чаму павучыцца. І наогул, лічу, калі кіраўнік гаспадаркі на сваім месцы, там відавочна і прыстойная аддача.

— І апошняе. Дзяніс Сяргеевіч, падзяліцеся, калі ласка, сваім першым уражаннем пра Мядзельшчыну?

— Яно цудоўнае! Прыгожыя азёры, маляўнічыя краявіды, прывабныя здраўніцы. З улікам усяго гэтага, адпаведны ўзровень развіцця павінен мець і наш аграпрамысловы комплекс. Мяркую, што пры захаванні тэхналагічнай дысцыпліны можам, не зважаючы на невысокі бал зямлі, дробнаконтурнасць многіх палёў, стабільна атрымліваць у сярэднім па раёну 30 цэнтнераў збожжавых з гектара, а надой ад каровы давесці да 4500 кілаграмаў. Над гэтым і будзем працаваць!..

Гутарыў Павел ЖУКАЎ.