Пра любімую працу і залатую рыбку расказвае тэхнік-асемянатар фермы “Сваткі” Івета Фонташ

275

СЯРОД узнагароджаных па выніках раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі — тэхнік-асемянатар фермы “Сваткі” аднайменнага сельгаставарыства Івета ФОНТАШ.

— Івета Мікалаеўна, раскажыце пра сябе.

— Латышка, родам з горада Ялгава ў Латвіі. Выйшла замуж за хлопца з Украіны. Яны прыязджалі ў Латвію на заробкі і засталіся. Калі ж распаўся Савецкі Саюз, мусілі з’яз­джаць. Я, вядома, паехала з ім… Чаму ў Беларусь? Сусед быў з Беларусі, параіў. Прыехалі ў Вілейскі раён, у вёску Вітаўцы (гэта ля Даўгінава).

— Ці памятаеце першыя ўражанні ад Беларусі?

— Так. Як ад’язджалі з Латвіі, там у магазінах усяго хапала. А тут зайшла ў вясковую краму (гэта ж 1991 год быў): толькі чорны хлеб, нейкія закаткі і некалькі пакетаў круп. Падумала: што тут есці буду? Ну і пэўныя культурныя адрозненні кінуліся ў вочы. Напрыклад, у Латвіі абавязкова стукалі ці званілі ў дзверы. А тут вельмі незвычайна было, што чужыя людзі адразу ішлі ў хату.
Ну і моўны бар’ер. Я тады нават па-руску дрэнна размаўляла: рускую мову ў Латвіі вывучалі з чацвёртага класа, як і замежную. А тут яшчэ і беларуская! Але хутка асвоілася. І за асемянатара вывучылася, і вадзіцельскае пасведчанне атрымала. Хоць у аўташколе ў Вілейцы выкладчык гаварыў па-беларуску.

— Дзе адразу працавалі?

— На ферме ў Вітаўцах памочнікам загадчыцы. А як вывучылася за асемяната­-
ра — загадчыцай і асемянатарам на цэнтральнай ферме гаспадаркі. Пасля па сямейных абставінах пераехала ў Крывічы, уладкавалася ў калгас “Беларусь”, атрымала жыллё. Старшынёй быў Міхаіл Лявонцьевіч Галёнка, пры ім справы ў гаспадарцы ішлі нядрэнна. Працавала загадчыцай фермы ў Задубенні, пасля — асемянатарам у Філіпках. Ну а потым калгас стаў прыходзіць у заняпад, стала зусім дрэнна з заробкамі. Звольнілася і паехала працаваць на завод у Польшчу. Пасля даведалася, што мяне шукаў дырэктар сваткаўскай гаспадаркі Мікалай Васільевіч Варабей: яму патрэбен быў асемянатар на новую ферму. Сустрэліся, дамовіліся. Даў годны заробак, купіў службовы аўтамабіль, каб ездзіла на працу з Крывічоў. З таго часу пайшоў ужо трэці год. Калектыў тут добры, усе разумеюць, што трэба працаваць. Так склалася яшчэ пры Мікалаі Васільевічы і працягваецца цяпер. Усе дапамагаюць адзін аднаму. Няма такога, што табе трэба — ідзі адна і рабі.

— Вы нарадзіліся ў горадзе і ў дзяцінстве наўрад ці думалі, што будзеце працаваць на ферме. Кім марылі стаць?

— Медсястрой. Нават паступіла ў медвучылішча — яшчэ там, у Латвіі. Але рана выйшла замуж, потым пераехала ў іншую краіну… Не склалася. А на ферму ўпершыню трапіла ў Вітаўцах. Лета, пыл… Якраз вяртаўся з поля статак. Здавалася, ён ідзе проста на мяне! Спалохалася і кінулася ўцякаць. Нават басаножкі пагубляла! А потым прызвычаілася, палюбіла жывёлу. Скажу вам, з каровамі прасцей працаваць, чым з людзьмі. Людзі ж розныя бываюць: зайздрослівыя, помслівыя. А што жывёла? Асемяніў кароўку, у яе будзе цялятка… Гэта ж добра! Так што працу люблю.

— А хобі ці маеце?

— Грыбы і ягады люблю збіраць, увогуле быць у лесе. Падарожнічаць падабаецца. Да пандэміі любіла з’ездзіць да радні ў Латвію: цікава паглядзець, як там усё змянілася. А гэтым летам з загадчыцай фермы Таццянай Уладзіміраўнай Шалапа былі на экскурсіі ў Санкт-Пецярбургу.

— Каб трапілася Залатая рыбка, чаго б папрасілі?

— Здароўя. Не толькі сабе і сваім родным — усім лю­дзям. І міру — каб маглі жыць і працаваць спакойна.

Гутарыла Наталля ЛІСІЦКАЯ.
Фота аўтара.