Надзейная памочніца — «Раса»

145

p4100029

У гаспадарках раёна ёсць ужо 9 такіх агрэгатаў. Днямі пабывалі ў ААТ «Сваткі», дзе «Расу» ў гэтыя красавіцкія дні задзейнічалі на поўную сілу. Расказвае галоўны аграном таварыства Т. У. Мінчук:

— «Раса»прызначана найперш для ўнясення цвёрдых мінеральных угнаенняў, а таксама для правядзення хімпраполкі і падкормкі пасеваў. Працуе яна ў нас ужо трэці сезон, за ёй замацаваны малады, руплівы механі­затар Яўген Сівіцкі. Агрэгат на прак­тыцы даказаў сваю эфек­тыўнасць. Пачалі сёлета з падкормкі азімых. За ўчарашні дзень, напрыклад, падкармілі гэтую культуру на плошчы 120 гектараў. А ўсяго азімы збожжавы клін складае 600 гектараў, таксама маецца 200 гектараў рапсу. І, канечне, наперадзе асноўная работа — унясенне пад яравую сяўбу фосфарных і азотных угнаенняў. У параўнанне з ранейшымі агрэгатамі, «Ра­са» на полі паказвае сябе найлепшым чынам. Уздзеянне на глебу мінімальнае, практычна не пакідае следу. І не загразне, як іншая цяжкая тэхніка аналагічнага пры­значэння, мала спажывае паліва. Да таго ж, і прадукцыйнасць высокая. Праўда, баіцца яна пераездаў па асноўных дарогах — кола лёгка можна пракалоць. Якраз вось учора такое і здарылася, але сёння з раніцы хлопцы аператыўна паставілі «Расу» на чатыры «нагі». Думаю, што за пяць дзён падкормім азімыя збожжавыя і два дні яшчэ на рапс спатрэбіцца. А затым, як ужо казала, выйдзем  на яравы палетак. Усю вясну «Раса» будзе ў рабоце. А восенню зноў за справу, калі спатрэбіцца ўносіць мінеральныя ўгнаенні пад  азімыя. А што тычыцца непасрэдна веснавой сяўбы, за­дзейнічаем «ФЭНДТ» з агрэгатам «РАБЕ», новую  лідскую сеялку і старэнькую «СЗУ-3,6». Дастаткова, каб управіцца ў вызначаныя тэхналагічныя тэрміны.

У той дзень Я. В. Сівіцкі падкормліваў трыцікале на ўчастку ля вёскі Памараўшчына.

— Агрэгатам задаволены, не падводзіць — дзеліцца ўражаннямі аб «Расе» Яўген Віктаравіч. — За дзень можна да 150 гектараў выдаць на гара. Думаю, што сёння якраз столькі і атрымаецца. Дарэчы, летась давялося выехаць на дапамогу ў Габы. Працаваў на палетках тамтэйшай гаспадаркі з апырсквальнікам, уносіў КАС.

Мы развіталіся. А механізатар накіраваў «Расу» на ўскрай поля пад загрузку. Наперадзе ў Яўгена Сівіцкага ў гэты веснавы сонечны дзень яшчэ было шмат работы.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: гаспадар «Расы» Я. В. Сівіцкі.

Фота Таццяны Несцярэнка.