Набыткі згуртаванасці

134

Набыткі згуртаванасціРАНЕЙ пра невялічкі калектыў фермы “Вераб’і” ўнітарнага прадпрыемства “Вузлянка” мне даводзілася чуць толькі добрае. “Там, — памятаецца з размовы з кіраўніком гаспадаркі Пятром Жарыкавым, — падабраліся адказныя, рупныя работнікі. І хаця абавязкі ў іх не з лёгкіх, працуюць з аптымізмам, забяспечваюць з месяца ў месяц добрыя вынікі па сярэднясутачных прыбаўленнях у вазе маладняку буйной рагатай жывёлы, як правіла, на ўзроўні 600-700 грамаў”. “Ды калі б так шчыра рабілі на ўсіх фермах, — адзначыў неяк пры сустрэчы намеснік генеральнага дырэктара Мінскага Камароўскага рынку Пётр Калеснік, структурным падраздзяленнем якога і з’яўляецца “Вузлянка”, — мелі б у жывёлагадоўлі куды больш важкія набыткі, чым зараз”.

І вось нядаўнім суботнім дзянёчкам вырашыў завітаць у Вераб’і. Яшчэ не так даўно гэта была вялікая вёска з Домам культуры і бібліятэкай, фельчарска-акушэрскім пунктам і магазінам, а крыху раней працяглы час з’яўлялася цэнтрам узбуйненага калгаса “Маладая гвардыя”. Цяпер усё пералічанае вышэй — у мінулым, і калі пачынае ледзь днець, далёка не над усімі комінамі дамоў уецца прывабны дымок. Мелася тут і вялікая ферма, аднак ад яе засталіся толькі някепскія яшчэ памяшканні. У самым апошнім з іх ад дарогі і гадуюць маладняк буйной рагатай жывёлы. Ды ў суседнім стаяць дзясяткі два з палавінай бычкоў на адкорме кілаграмаў па 380-400. У цялятніку шырокі цэнтральны праход, паўсюдна чысціня і парадак. Пагалоўе, у залежнасці ад узросту, разбіта па групах і ўтрымліваецца ў прасторных секцыях.

— Сёння, — распавядае загадчык фермы Віктар Будзько, — даглядаем 220 галоў. Пару дзён таму было значна больш, але 80 цялушак, якія прызначаюцца для ўзнаўлення дойнага статка, адправілі ў Завуголле. Цялятак нам прывозяць ад даярак яшчэ маленькіх, таму нямала часу даводзіцца карміць іх па асобнай схеме. Праўда, малака ўжо не даём, рыхтуем яго замянальнік, паступова прывучаем да сена. Калектыў наш маленькі, апрача мяне толькі два аператары — Наталля Апанасевіч і Алена Гурло. Заўважу, што нагрузка на жанчын вялікая, аднак яны стараюцца спраўляцца са сваімі абавязкамі на выдатна. А трэба ж малых цялятак, якіх пад сотню, заменнікам малака напаіць, прывезці на фурманцы і раздаць пагалоўю сена і сянаж, і камбікармы. Вось як прыйдуць раніцай гадзін у сем, дык паспяваюць управіцца не раней адзінаццаці. Падобны малюнак і пад вечар. Аднак якое б надвор’е на вуліцы ні было — мароз, завея ці праліўны дождж — не прыгадаю ніводнага выпадку, каб цяляты на ферме засталіся на ноч галоднымі.

Працу аператара па вырошчванні маладняку Віктар Мар’янавіч ведае не па чутках. Сам на гэтай ферме не адзін год даглядаў цялят. Брыгадзірам тады рабіла яго жонка Ларыса. А гады з тры таму ёй прапанавалі ўзначаліць калектыў жывёлаводаў на малочнатаварнай ферме “Пузыры”, а яму — пайсці на жончына месца. Падумалі-падумалі і пагадзіліся. Не ведаю як хто, але адчуваецца, што Віктар Будзько на сваім месцы. Хаця да гэтага паспрабаваў рознага хлеба. Родам ён з Вераб’ёў, пасля школы ў Пузырах вучыўся на электрыка. Служыць патрапіў у Рыгу, яшчэ пры Саюзе. Як цяпер узгадвае, што пасля вёскі “быццам за мяжу патрапіў”, так яго ўразіла сталіца Латвіі сваімі шматлікімі і велічнымі помнікамі архітэктуры. Пасля звальнення ў запас паспрабаваў сябе ў ролі памочніка камбайнера на жніве, электрыка на чыгуначнай станцыі “Будслаў”, дзе пераважаў раз’язны характар работы. Пакуль аднойчы бацькі, якія рабілі на ферме даглядчыкамі, не паклікалі да сябе. Маўляў, хопіць па розных камандзіроўках ездзіць, давай да нас, будзем адзін аднаму дапамагаць, ды і калі заробак у адну хату, хутчэй можна ўсё неабходнае прыдбаць. Так і сталася. Адно, што бацькоў ужо няма побач, рана пайшлі ў іншы свет.

З Вераб’ёў і Наталля Апанасевіч, хаця і ў яе шлях у жывёлагадоўлю не зусім прамы. Пасля заканчэння школы вучылася ў Маладзечне ў вучылішчы, затым тры гады збірала мікрасхемы на сталічным “Інтэграле”. На выхадныя нярэдка прыязджала дадому, сустракалася з хлопцам, сюды ж выйшла замуж. Цяпер у іх з Сяргеем чацвёра дзяцей. Старэйшая Іра працуе бухгалтарам-касірам у Маладзечне, яе сястра Оля — медсястрой у сталічным фітнэс-клубе і вучыцца завочна на чацвёртым курсе Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Сын Міша набывае прафесію электрамеханіка ў Маладзечанскім каледжы, а малодшы Юра пасля 9 класаў вучыцца ў Вілейцы на механізатра.

— Ён, — дзеліцца Наталля Анатольеўна, — па бацьку пайшоў. З дзяцінства цягнецца да тэхнікі, любіць яе рамантаваць, штосьці майстраваць. Думаю, з яго добры хлебароб атрымаецца.

Сама Наталля Апанасевіч пасля таго, як вярнулася ў родныя мясціны, увесь час працуе на фермах. Большасць год — даяркай. Пачынала ў Вераб’ях, потым — у Пузырах. Аднак, прызнаецца, не падабаюцца ёй няблізкія пераезды з дому да месца работы, таму і перакваліфікавалася некалькі год таму ў цялятніцу.

— А кім лягчэй працаваць? — цікаўлюся ў Наталлі Анатольеўны.

— Канечне, даяркай! Калі б у Вераб’ях была такая магчымасць, без роздуму ўзяла б сабе групу кароў. А раз’езды, да тых жа Пузыроў ды назад, і не адзін раз на дзень — не па мне.

Яе напарніца Алена Гурло на ферме толькі год, уладкавалася сюды пасля дэкрэтнага водпуску. І аб тым, што патрапіла даглядаць цялятак, ніколькі не шкадуе. Праца ёй падабаецца, заробкі — стабільныя. Яны ў жанчын цалкам залежаць ад прываг. Чым хутчэй расце маладняк, тым большая сума набягае ў разліковай ведамасці. А ў канцы кожнага месяца яны падводзяць вынікі сваёй работы — праводзяць кантрольнае ўзважванне ўсяго пагалоўя. Справа гэта няпростая, патрабуе шмат намаганняў. Паспрабуй, кожную галаву “прапусці” праз вагі. Таму ў гэты дзень на ферму цялятніцам прысылаюць памочнікаў. З гэтай нагоды прыязджаюць таксама галоўны заатэхнік гаспадаркі Валянціна Хвалько, бухгалтар Ала Роўда. Пасля пераважвання, перад тым, як развітацца з рупным калектывам, яны, хуценька прыкінуўшы папярэднія вынікі, звычайна кажуць: “Малайцы, марку сваю трымаеце!”.

Павел ЖУКАЎ.

На здымку: руплівыя даглядчыцы маладняку буйной рагатай жывёлы Алена Гурло (злева), Наталля Апанасевіч і загадчык фермы “Вераб’і” Віктар Будзько.

Фота аўтара.