На завяршальным этапе

128

На завяршальным этапеУ МІНУЛЫ аўторак завіталі ў ААТ “Будслаўскае”. Апоўдні зацерушыў з неба дождж, і работа камбайнаў на жніўным палетку часова прыпынілася. Такі “адпачынак”, вядома ж, не на радасць хлебаробам. Але ёсць магчымасць спакойна агледзець свае машыны, каб потым, як зірне сонейка, з падвойнай энергіяй узяцца за справу.

Галоўны аграном гаспадаркі Ф. М. Томкавіч перад тым, як расказаць аб ходзе ўборкі, для дакладнасці зазірнуў у зводку і патлумачыў:

— Мы ўжо фактычна выйшлі на фінішную прамую. Сёння маем на сваім хлебаробскім рахунку 82 працэнты ўбраных плошчаў. Засталіся недаспелыя ўчасткі. У асноўным — гароха-аўсяныя сумесі, а таксама яравая пшаніца. Усяго 220 гектараў. Тэмпы ўборачнай нядрэнныя, хаця вось ураджайнасць крыху меншая, чым летась. Задзейнічаны на жніве 8 кам¬байнаў: чатыры “КЗС-1218”, два «КЗС-10” і два “Доны-1500”. Экіпажы вопытныя, надзейныя. Як да прыкладу, Павел Лётка з памочнікам Алегам Васілевічам, Юрый Кузняцоў з Мікалаем Васілевічам, бацька і сын Роўды, Андрэй Касцюк і Марык Гарбацэвіч. Асаблівых цяжкасцей у ходзе ўборачных работ не ўзнікае. Тэхніка працуе спраўна, вялікіх паломак не было. Самы стары камбайн працуе восьмы сезон, астатнія — “маладзейшыя”. Хапае транспарта на адвозцы збожжа.

На завяршальным этапеТут у нас задзейнічаны чатыры “МАЗы”. На “трынаццацітонніку” працуе Валянцін Ісмаілаў, на “дзесяцітонніках” — Аляксандр Шкадун і Андрэй Панкратовіч, на “пяцітонніку” — Вікенцій Канопскі. І ў арганізацыйным плане, лічу, жніво праходзіць нармальна. Хапае паліва, забяспечаны належным харчаваннем і самі хлебаробы.

— А што можаце сказаць, Франц Мечыслававіч, пра сушыльную гаспадарку? Ці спраўляюцца там услед за камбайнерамі?

— Асноўная нагрузка выпадае на новую сушылку “ЗШК-40”, якая эксплуатуецца ў таварыстве трэці сезон. Зарэкамендавала сябе з самага лепшага боку. За 3-4 гадзіны праз яе можна прапусціць 100 тон зерня пры вільготнасці яго 18 працэнтаў. Працуюць там сёлета “штатны” машыніст Пётр Ласіца, галоўны энергетык таварыства Андрэй Кісялёў і яшчэ адзін работнік з жыллёва-камунальнай гаспадаркі — Станіслаў Залатуха.

Акрамя “ЗШК-40”, задзейнічана таксама для дапрацоўкі невялікіх партый збожжа “КЗС-25”, ёсць і “СБВС-5” (працуе на саломе).

— Хоць жніво яшчэ не завершана, трэба ўжо думаць аб будучым ураджаі…На завяршальным этапе

— Так, сапраўды, у хлебаробаў адвечнае кола клопатаў. Пачалі сяўбу азімага рапсу. З запланаваных 400 гектараў управіліся на сёння на плошчы 50 гектараў. Гэта заслуга механізатара Аляксандра Лемяшонка. Узорвалі глебу Валянцін Канопскі, Казімір Цівунчык, Уладзімір Нарэйка. А цяпер вось забяспечвае гэты фронт работ механізатар Франц Грыневіч на энерганасычаным трактары “ФЭНДТ”.

— Там-сям можна ўбачыць на палетках рулоны саломы. Выглядаюць здалёку яны прыгожа. А ці будуць упарадкаваны своечасова, каб не патрапілі пад асеннія дажджы?

— Надоўга на полі рулоны не застаюцца. Ачышчаем поле літаральна крок у крок за камбайнамі. Хапае паліва, тэхнікі таксама. Выкарыстоўваем на прасаванні чатыры прэсы, арганізавана спецыяльнае звяно па ўборцы саломы. Так што, думаю, праблем тут сёлета быць не павінна.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Звяно па ўборцы саломы (злева направа) З. М. Гапановіч, Я. В. Алесенка, Д. С. Хадалёнак і А. У. Кавалёў; 2. А. С. Лемяшонак на сяўбе азімага рапсу; 3. Машыніст сушылкі “ЗШК-40” С. І. Залатуха.

Фота Ігната Лубнеўскага.