Малако з падворка Юзэфы Дзядзюль

132

Малако з падворка Юзэфы ДзядзюльЮзэфа Мечыславаўна Дзядзюль жыве ў вёсцы Буйкі Сырмежскага сельсавета. Яна заслужана лічыцца адной з лепшых малаказдатчыц. Таму сведчаннем лічбы, самыя рэкордныя, зразумела, летам. Так, за май з падворка Ю. М. Дзядзюль паступіла 1368 кілаграмаў малака, 1368 — у чэрвені, больш тоны і ў ліпені, 980 кілаграмаў — у жніўні. Не ўзнікала праблем і з якасцю, што таксама немалаважна. Цяпер, зразумела, надоі зменшыліся, але па-ранейшаму марку сваю гаспадыня трымае.

— Маю зараз дзве каровы, — расказвае Юзэфа Мечыславаўна. — Клопату, канечне, хапае, бо і на працу ў мясцовую школу яшчэ хаджу. Дапамагае ўпраўляцца дома па гаспадарцы муж Ула­дзі­мір Тадэвушавіч, пры выпадку дзеці. Маю і ўнукаў. Калі наведваюцца, ім малачко як добры пачастунак. Сама я родам з вёскі Кусеўшчына Нарацкага сельсавета, сюды пераехала пасля замужжа. Увесь час, гадоў трыццаць ужо, трымаем кароў. Як жа без іх у вёсцы! Ды і сама даяркай адпрацавала 10 год у тамтэйшай гаспадарцы. Лішкі малака, што здаю, —  добры дадатак да зарплаты. І лічу, справа вартая таго, каб ёй займацца.

Трэба дадаць, што гаспадыня не абмяжоўваецца аднымі каровамі. Гадуе свінак і трусоў, ёсць куры. А ўсё, каб радзей хадзіць у краму, як сама патлумачыла.

— Цяпер у вёсцы не вельмі імкнуцца займацца хатняй гаспадаркай, кароў значна паменела, — сумна канстатуе Юзэфа Мечыславаўна. — Ёсць нават такія, што агародаў не маюць. А я і надалей уласны падворак пустым не пакіну, і тых жа рагуль буду трымаць, абы толькі здароўе дазволіла. Тым больш, што яны і добры прыбытак прыносяць!

Аляксандр БЫКАЎ.