«Магу сказаць толькі добрае»

214

"Магу сказаць толькі добрае"ХЛЕБНАЕ поле ў таварыстве “Занарачанскі” самае вялікае на Мядзельшчыне — больш за дзве тысячы гектараў. Таму,
каб убраць новы ўраджай з мінімальнымі стратамі ды яшчэ ў сціслыя тэрміны, з абмалотам збажыны не можа быць ніякіх прамаруджванняў. Пэўнага напружання сюды дадаюць 234 гектары азімага рапсу, 124 — насеннікаў шматгадовых траў. І гэтыя культуры чакаюць камбайнаў, бо таксама ў стадыі паспявання. Упершыню над палеткамі гаспадаркі па-сапраўднаму разнёсся подых жніва ў мінулую суботу. На азімае жыта вывелі свае камбайны Іван Сурвіла і Аляксей Селюкоў. Дзея адбывалася побач са Старлыгамі, цераз шашу, якая вядзе на Свір. Побач з полем позірк вабіў акуратны драўляны домік з надворнымі пабудовамі, накшталт хутарка.
Перад ім стаяў з дзясятак старых раскідзістых яблынь, густа ўсыпаных апетытнымі пладамі, сярод якіх вылучаліся драбнаватыя, аднак ужо спелыя ранеткі.
— Гэта сядзіба майго дзядулі, — падзяліўся вадзіцель “МАЗа” Іван Куркуль, які адвозіў збожжа ад камбайнаў. — На жаль, яна стаіць зараз без гаспадара.
З далейшай размовы з Іванам Мар’янавічам высветлілася, што жыве ён у Старлыгах. І гэта яго далёка не першае жніво. За год даводзіцца выконваць мноства самых розных рэйсаў. “Любое атрыманае заданне стараюся выконваць так, — адзначыў Іван Куркуль, — каб да мяне не было аніякіх прэтэнзій”.
"Магу сказаць толькі добрае"— Так яно ёсць і на самай справе, — пацвярджае куратар таварыства, намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Пётр Каўрус. — Пра Івана Мар’янавіча магу сказаць толькі добрае. На яго заўсёды можна паспадзявацца, ніколі не падводзіць. А гэта, скажу вам, вельмі важная і запатрабаваная рыса ў чалавека, асабліва калі ён працуе на зямлі. Прамарудзіў, напрыклад, з адвозкай збожжа ад камбайна — прастой тэхнікі забяспечаны. А цана гадзіны сёння такая, што потым яе ні за якія грошы не набудзеш! Тым больш, калі надвор’е такое няўстойлівае: то сонца пячэ, то дождж бесперапынна сыпле з неба, скрозь зацягнутага шэрымі хмарамі. Высокую ацэнку за шчырую працу заслугоўваюць таксама камбайнеры Іван Сурвіла, Аляксей Селюкоў. Першы з іх на трактары “Fendt” выконвае мноства патрэбных у гаспадарцы работ: арэ, вывозіць арганіку… Другі вызначаецца на хімпраполцы культур. І што ім ні даручы, усё зробяць ад душы. Па маім меркаванні, шчаслівая рука на тэхніку і ў Івана Байко. Раней ён некалькі сезонаў адпрацаваў на камбайне, многія работы выконваў і на трактары. Днямі гаспадарка атрымала сучасны “МТЗ-3522” з 9-корпуснымі плугамі. Тэхніка такая, што абы-каго на яе не пасадзіш. Таму, не зважаючы на тое, што на поўную моц разгортваецца жніво, вымушаны былі прапанаваць яе дбайнаму Івану Іванавічу. Сёння ён рыхтуе глебу пад азімыя, можаце пад’ехаць на поле пад Стахоўцамі, паглядзець. А камбайн Івана
Байко перадалі маладому хлебаробу Руслану Кавалеўскаму. Між іншым, аднаму з чатырох механізатараў, якія сёлета будуць упершыню ўбіраць хлеб. Гэта жніво і праэкзаменуе маладое папаўненне, наколькі яно дастойнае высокага хлебаробскага звання.
— Перад тым, як выехаць на жыта, — уступае ў размову Іван Сурвіла, — у нас убралі гектараў з трыццаць азімага ячменю. Сеялі яго ўпершыню. Можа, надвор’е паўплывала, аднак ураджай яго не вельмі. Затое азімае жыта, лічу, цэнтнераў трыццаць з гектара павінна даць. Умовы працы ў нас добрыя: тэхніка дагледжана, хлебаробы забяспечаны двухразовым гарачым харчаваннем, арганізаваны іх падвоз на машынны двор у Занарач альбо Старлыгі, у залежнасці ад таго, на якіх палях працуем.

"Магу сказаць толькі добрае"Дзе б ні былі, да нас часта наведваюцца Пётр Уладзіміравіч Каўрус, галоўны аграном гаспадаркі Барыс Іванавіч Урбановіч.
— За дзень адным камбайнам, — дадае Аляксей Селюкоў, — калі не перашкаджае дождж, можна ўбраць гектараў з пятнаццаць збажыны. Гэта жніво для мяне, мабыць, ужо дваццатае. І ніяк не выпадае, каб яно было бязвоблачным у прамым і пераносным сэнсе. Рабочыя дні цяпер ненармаваныя. Як пачынаем з раніцы, дык не пакідаем поле, пакуль можна весці абмалот.
— А што за хлопец разам з вамі, напэўна, памочнік? — пацікавіўся ў Аляксея Сяргеевіча.
— Ды не, — прагучала ў адказ. — Гэта старэйшы сын Мікалай прыйшоў зірнуць на ход жніва. Відаць, цікава і яму. Хаця прафесію для сябе пасля школы абраў іншую — вучыцца на будаўніка ў Маладзечне. Дома ў нас з Ірынай, якая працуе ў гаспадарцы цялятніцай, яшчэ двое школьнікаў — Кірыл і Дар’я.
Непадалёку ад камбайнаў убачыў замежны высокапрадукцыйны агрэгат вядомага ў азёрным краі механізатара Івана Зянонавіча Сурвілы — трактар “Fendt” у агрэгаце з прэсам “Comeprima”. Даводзілася чуць: у тым, што ў таварыстве змаглі сёлета нарыхтаваць больш за 1700 тон якаснага сена, вялікая заслуга і Івана Зянонавіча. Цяпер хлебароб падбіраў з валкоў свежанькую салому. “Цудоўны подсціл будзе для жывёлы”, — заўважыў ён. А яшчэ Іван Зянонавіч узгадаў добрым словам Ніну Лапко. Яна адказвае за арганізацыю гарачага харчавання ўдзельнікаў сельскагаспадарчых кампаній і ўдала з гэтым спраўляецца, а таксама вадзіцеля Аляксандра Кулака, які дастаўляе абеды ў поле. І не толькі. На Аляксандра Міхайлавіча ўскладзена яшчэ адна вельмі адказная справа: падвозіць згодна з устаноўленым распарадкам дня жывёлаводаў на шэраг ферм. Карацей кажучы, увесь светлавы дзень круціцца, быццам пчолка.
"Магу сказаць толькі добрае"Тое, што за камбайнамі адразу арганізавалі падбор саломы — ужо добра. Значыць, неўзабаве сюды можна накіроўваць і трактар з плугамі. Захацелася паглядзець, як ідуць справы на новай тэхніцы ў Івана Байко. Тым больш, што толькі азімага рапсу тут збіраюцца сеяць гектараў чатырыста. Плошча значная, і падрыхтаваць яе не так проста. Успомнілася размова з Пятром Каўрусам наконт выгаднасці гэтай культуры. “Калі рапсу шмат, — разважаў Пётр Уладзіміравіч, — зімой весялей жыць. Асабліва пры наяўнасці ўласнай перапрацоўкі. Алей каштуе добрую капейчыну, якая ў гаспадарцы ніколі не бывае лішняй. Як і адходы гэтай вытворчасці — макуха. Увёў яе ў рацыён дойнага статка, і ўжо смела можаш разлічваць на больш важкія надоі. Купляць жа шрот — затратная справа”. Па шляху да Стахоўцаў каля вёскі Карабаны ўбачыў комплекс “Johndeere” таксама аднаго з кагорты лепшых механізатараў гаспадаркі Мікалая Маркевіча. Праўда, у той дзень на яго тэхніцы валкі правяленай сянажнай масы, якую адвозілі ў Мокрыцу, дзе завяршалі закладваць траншэю, падбіраў Іван Ціхан. А за пасёлачкам Дружны паказаўся вялікі чырвоны трактар з бліскучымі лемяшамі абаротных плугоў. Следам за ім, бы рэвізоры, важна праходжваліся цыбатыя буслы. Добрая палавіна колішняй прасторнай пашы была ўжо ўзарана.
— Да гэтага, — распавёў Іван Байко, — рабіў на “МТЗ-1221”, камбайне. Між іншым, прымаў “Палессе” ад свайго бацькі Івана Вітольдавіча, які зараз працуе на “Амкадоры”. Самы высокі мой намалот — 900 тон збожжа. Пачынаў жа ў таварыстве “Міжазёрны край” яшчэ пры Гапановічы. Потым служыў у арміі, патрапіў у знакамітыя барысаўскія Печы. Можна нават сказаць, што са службай пашанцавала: вазіў на “УАЗіку” камандзіра. Цяпер вось асвойваю новую тэхніку. Думаю, усё атрымаецца. Вось-вось да мяне далучацца іншыя механізатары, і ў нашым таварыстве будзе весціся зладжаная работа не толькі па ўборцы збожжавых, але і па падрыхтоўцы глебы, яе запраўцы пад ураджай наступнага года…

Павел ЖУКАЎ.
Фота аўтара.