Лідарства заслужана стараннем

134

Лідарства заслужана стараннемУ ЛІКУ дбайных, старанных працаўнікоў ААТ “Сваткі” значыцца і загадчыца малочнатаварнай фермы “Няверы” Таццяна Субач. Па сутнасці ўсё яе працоўнае жыццё звязана з гэтай фермай.

— Калі я прыйшла сюды на работу пасля дэкрэтнага адпачынку, — апавядае Таццяна Віктараўна, — усе даяркі былі мясцовыя. Вялікая была тады вёска, не тое, што зараз. Сама ж я з сям’ёй жыла ў Пількаўшчыне, адкуль і хадзіла на работу. Цяпер усе даяркі, пастухі, слесар — прывазныя. Раніцай са Сватак ідзе машына і збірае ўсіх па чарзе з розных населеных пунктаў. Пасля ранішняй дойкі вяртаемся дадому, на вячэрнюю зноў усе едзем, з яе — назад па сваіх хатах. Тым не менш, на рабоце гэта не сказваецца. Штаты ўсе ў нас укамплектаваны. Ёсць і выхадныя. Заробкі таксама нядрэнныя. Усе разумеюць, як працуюць — так і маюць. Яшчэ адзін доказ таго, што людзі ў нас сабраліся добрыя, — гэта буслінае гняздо на воданапорнай вежы ля кароўніка. Штогод птушкі прылятаюць сюды. Спрадвеку ж лічыцца, дзе селіцца бусліная сямейка, там згода і дастатак. У нас — таксама!Далей жанчына з задавальненнем расказвае пра калектыў, які ўзначальвае. Пра тое, якія ўсе руплівыя, адказныя, дружныя, добрасумленна выконваюць ускладзеныя абавязкі. Таму паказчыкі нядрэнныя, захаванасць прыплоду даволі высокая. Практычна ўсё малако адпраўляецца на прыёмны пункт вышэйшым гатункам. Вядзецца на ўзроўні селекцыйная работа. У памяшканнях усюды чысціня, парадак. І гэта, не зважаючы на тое, што ферма старэнькая, а не якая там сучасная.

Увогуле МТФ “Няверы” лідзіруе ў гаспадарцы. За 10 месяцаў бягучага года надой ад каровы тут складае 5192 кілаграмы, а гэта на 291 кілаграм больш мінулагодняга. Даведзенае заданне выканана на 103%. За кастрычнік надоена ў сярэднім на карову па 480 кілаграмаў малака, а гэта плюс да леташняга паказчыка 105 кілаграмаў. Даведзенае заданне выканана на 117%. Стараюцца ўсе даяркі, аднак лідарства ўпэўнена трымае Святлана Кісель, якая за кастрычнік атрымала ў сярэднім ад кожнай каровы сваёй групы па 550 кілаграмаў малака. Даведзенае заданне выканала на 131%. Дарэчы, у гонар перадавой даяркі ля канторы таварыства ўзняты сцяг працоўнай перамогі.

Сама Таццяна Субач — ураджэнка Мядзельшчыны. Нарадзілася і вырасла ў вёсцы Суднікі былога Дзягільскага сельсавета. Закончыла школу,

затым — Ільянскі сельскагаспадарчы тэхнікум. Замуж выйшла за нявераўскага хлопца, за якім, як нітка за іголкай, падалася на яго радзіму. Сёлета споўнілася 20 гадоў іх сямейнаму саюзу, які, дзякуючы старанням абодвух, трывала стаіць на нагах. Сяргей — механізатар, імкнецца не падводзіць жонку, ва ўсім ёй дапамагае. Шчыруе і на працы, і на ўласным падворку. Сем год ужо Субачы жывуць у Сватках. Гаспадарка выдзеліла ім добры дом, дзе ў ладзе і згодзе цякуць дзянькі. Бог паслаў ім дзвюх цудоўных дачушак. Старэйшая Наталля заканчвае вышэйшы радыётэхнічны каледж, будзе праграмістам. Малодшая Даша вучыцца ў 10 класе. Яна — першая дапамагатая бацькоў ва ўсіх справах.

Таццяна Віктараўна назаўсёды звязала свой лёс з сельскай гаспадаркай і аб гэтым ніколькі не шкадуе. Трывала пусціла карані ў сваткаўскую зямлю, заслужыла сваёй руплівасцю і адказнасцю людское прызнанне. Дык няхай і надалей шчасціць жанчыне. Радуюць дзеці, муж, калегі па працы, прыносіць задавальненне любімая работа.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымку: загадчыца малочнатаварнай фермы “Няверы” Таццяна Субач.

Фота Георгія Прысмакова.