Лацвянскія лідэры

234

resize-of-p8020161У ноч з нядзелі на панядзелак 2 жніўня ўліў ладны дождж. Не прамінуў ён і лацвянскія палеткі. Менавіта таму затрымаліся камбайны на мехдвары ААТ «Мя­дзельскае аграпрамэнерга». Выкарыстаўшы гэта «акно», гутару з галоўным аграномам таварыства  Ф. С. Кодзісам.

— Францішак Станіслававіч, як праходзіць жніво ў гаспадарцы?

— Даволі складанае атрымоўваецца. Такая моцная спякота, канечне, не на карысць, збіваюць з тэмпу і дажджы, як вось сёння. Адчуваецца дэфіцыт механізатарскіх кадраў, а яшчэ выйшаў са строю адзін з камбайнаў. Тым не менш, рук не апускаем, стараемся кожны дзень працаваць з максімальнай аддачай. На сённяшнюю раніцу ўбралі 319 гектараў збожжавых, што складае 46 працэнтаў ад агульнага аб’ёму. Працуюць на жні­ве камбайнеры Алег Папок на «Лідзе-1300», Валерый Кундра на «Доне-1500», Валянцін Андрон і Андрэй Кавалёў на «КЗС-1218». Лідзіруе Андрон, які намалаціў 295 тон збожжа. Валянцін Уладзі­міравіч — механізатар вопытны, шмат год шчыраваў на «Бізоне». Сёлета атрымаў новую машыну і, як бачыце, зноў не падводзіць. А найбольш збожжа перавёз ад камбайнаў на «МАЗе-555102» малады вадзіцель Мікалай Васілевіч — 488 тон. Цяпер убіраем азімае трыцікале, якое дае 24 цэнтнеры на круг. А найлепш урадзіў ячмень — 30,2 цэнтнера з гектара. Ёсць у нас нямала зарослых пасеваў, хаця і правялі хім­праполку. Асабліва гэта датычыць азімых. Усё тыя ж дажджы «паспрыялі». А вось згарэўшых участкаў няма, і палягло хлеба няшмат.

Ф. С. Кодзіс паве­да­міў, што сушыльная гаспадарка па­спяхова спраўляецца з пастаўленай задачай: «М-819», якая працуе на пячным паліве, і «СЗК-10» на дрывах.

— Адначасова вядзём засыпку насення пад ураджай наступнага года, — гаворыць Францішак Станіслававіч. — Ачысцілі ўжо 60 тон пшаніцы, даводзім да ладу ячмень (яго нам патрэбна 80 тон), прыступаем да азімага трыцікале.

Нягледзячы на недахоп механізатараў, стараюцца лацвянцы не ўпусціць увесь комп­лекс работ у полі. Узаралі пад азімыя 51 гектар вызваліўшыхся плошчаў. Гэту работу выканаў Іван Фясько на «МТЗ-1221». Ён жа адначасова і на прэс-падборшчыку працуе, прасуе салому разам з Аляксанд­рам Юцам. Маюць ужо на сваім рахунку 125 тон.

resize-of-p8020169Абеды для хлебаробаў рыхтуюць у сталовай, якая знаходзіцца на тэрыторыі мехдвара. Памяшканне ўтульнае, чыстае. Смачныя і каларыйныя стравы тут гатуюць загадчыца Ірына Юц  і повар Святлана Балінская.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымках: 1. Рыхтуюць абеды для хлебаробаў С. В. Балінская і І. А. Юц;
2. Перадавы камбайнер В. У. Андрон.

Фота Таццяны Несцярэнка.