Хто рана ўстае …

157

Хто рана ўстае …“ХТО рана ўстае, таму і Бог дае” — сцвярджае вядомая прымаўка. Поўнасцю прытрымліваюцца такой высновы гаспадары з вёскі Валодзькі Свірскага сельсавета Іосіф і Людміла Вайнілкі. Людзі яны, як падказалі ў мясцовым выканкаме, працавітыя, дбайныя. У чым мы і самі пераканаліся, калі завіталі ў хату для размовы. І пазіцыя гэтых рупных вяскоўцаў не магла не спадабацца.

— Як толькі ажаніўся, пераехалі сюды жыць у 1985-ым годзе, так і завялі адразу кароў, — пачаў Іосіф Іванавіч. — А як жа інакш?! Бацька заўсёды трымаў кароў і мне, як кажуць, перадаў навуку. У крыві ўжо гэта, па-іншаму і не ўяўляю. Вядома ж, лішкі малака рэгулярна здаём дзяржаве. Гэта выгадна, нягледзячы на пэўныя клопаты. Галоўнае — працаваць, не ленавацца!— Ды і сумна неяк у вёсцы без уласнай гаспадаркі, — дадае Людміла Францаўна. — Вось і цяпер трымаем дзве рагулі. Малако “забяспечвае” практычна адну зарплату. Да таго ж, і цялятак здаём. Спраўляемся без памочнікаў. Пасвіць ёсць дзе, рэчка побач. Малако на Нарацкі філіял забірае з падворкаў прыватнік на аўтамашыне. Усе задаволены. Зімой прыязджае ў вёску праз дзень, а пачынаючы з красавіка, — штодзённа. Летам у шэсць гадзін ужо тут! Не стала праблем з вызначэннем якасці малака, разлічваюцца з намі таксама без затрымкі. Хіба што, здараецца, церпім ад недобрасумленных гаспадароў, якія лечаць жывёлу антыбіётыкамі і працягваюць здаваць малако. Тады на Нарацкім філіяле бракуецца ўся партыя і яе вяртаюць назад. Тры аналагічныя выпадкі сёлета былі.

— Праўда, у саміх Валодзьках, акрамя нас, яшчэ толькі адзін гаспадар трымае рагулю, — дадае Іосіф Іванавіч. — А некалі ж вясковы статак складаў каля трыццаці галоў. І па тры каровы некаторыя трымалі. Моладзь зараз гэтай справай займацца не хоча. Маўляў, клопату шмат. А я паспяваю і ў грыбы-ягады злётаць. Зноў жа, з карысцю. Разам на 400 тысяч рублёў лісічак набралі з жонкай. І баравічкоў насушылі, замарынавалі. Парыбачыць таксама люблю. Галоўнае, правільна размеркаваць работу, і тады на ўсё хопіць часу. Нехта скажа: вядома ж, на пенсіі вольнага часу хапае. Ды калі і працаваў, таксама паспяваў. У майстэрню на 8 гадзін трэба ісці ўлетку, а сонца ж устае каля пяці. Вось і я разам з ім!

— А як жа з сенам для рагуль? — перапытваю.

— І тут аніякіх праблем, — бадзёра працягвае Іосіф Іванавіч. — Бяру касу на плечы — і за вароты. Угоддзяў навокал хапае, і ніхто, як кажуць, не ганяе. Назапашвай на зіму на здароўе. Гэта не тое, як некалі, дазвалялася абкошваць толькі купіны, бо ўсё навокал калгаснае было. Дарэчы, можна было б у мясцовай гаспадарцы, дзе трыццаць год адпрацаваў механізатарам, папрасіць сена. Ды навошта турбаваць?!

Акрамя кароў, трымаюць Вай¬нілкі і іншую жыўнасць: свінак, курэй. А на сотках расце ячмень і жыта, бульба, буракі, гарбузы. Калі прыкласці сілы, родзіць зямелька нядрэнна. Той жа бульбы сёлета здалі тры тоны. Каб даглядаць участак, у свой час прыдбаў гаспадар невялікі трактар. А яшчэ і ўласны камбайн мае — паставіў на ногі старэнькую “Ніву”. Хоць і рарытэт, але малоціць. Яшчэ і іншым вяскоўцам дапамагчы можна, калі папросяць. Праўда, мала хто цяпер ужо сее…

Прыемна было даведацца, што Вайнілкі з’яўляюцца даўнімі падпісчыкамі раёнкі.

— Свежы нумар “Нарачанкі” абавязкова павінен быць у хаце, а як жа інакш! — тлумачыць з прыязнай усмешкай Людміла Францаўна. — Трэба ж заўсёды ведаць, дзе што робіцца ў раёне, і пра сваю Свіршчыну пачытаць пры выпадку. На такую справу мы з гаспадаром часу заўсёды знойдзем!

На гэтай прыемнай ноце і развіталіся.

Аляксандр Быкаў.

На здымку: Іосіф і Людміла Вайнілкі — спраўныя гаспадары з вёскі Валодзькі.

Фота Георгія Прысмакова.