Хлебаробская дынастыя Сурвілаў

143

Хлебаробская дынастыя СурвілаўУ ААТ “Занарацкі” на добрым рахунку Віктар Вацлававіч і Яўген Сурвілы. Іх тут ведаюць як руплівых і дбайных хлебаробаў. За гэта бацьку з сынам цэніць кіраўніцтва таварыства, паважаюць калегі па працы. Але яны ніколькі не зазнаюцца, а, надварот, яшчэ больш стараюцца. Бо інакш проста не могуць, не ўмеюць.

Па сутнасці ўсё свядомае жыццё Віктара Вацлававіча звязана з тагачасным ААТ “Міжазёрны край”, а зараз ААТ “Занарацкі”. Ён мясцовы, нарадзіўся і вырас у Шэметаве. Яшчэ падчас вучобы ў Свірскай сярэдняй школе атрымаў правы трактарыста. Затым была служба ў арміі, вучоба ў Маладзечне. Але не прывабіў вясковага хлопца горад з пастаянным шумам, мітуснёй. Яму больш па душы было жыццё ў сельскай мясцовасці, вось і вярнуўся дадому, уладкаваўся на работу ў мясцовую гаспадарку. Вопыту пакрысе набіраўся ў бацькі Вацлава Баляслававіча, які таксама быў механізатарам, шчыраваў і на трактары, і на камбайне. Дапамагалі і іншыя хлебаробы, за што ён усім вельмі ўдзячны.Калі б Вацлаў Баляслававіч быў жывы, ён, безумоўна, парадаваўся б за сына, які прадоўжыў пачатую ім сямейную дынастыю. За доўгія гады працы на зямлі Віктар Вацлававіч розныя работы выконваў: апрацоўваў глебу, араў, сеяў, на камбайне ўбіраў вырашчаную збажыну. Ніколі не скардзіўся на цяжкасці, быў заўсёды прыкладам для ўсіх. І на “МТЗ” працаваў, цяпер яму даручаны “Фэндт-930”, на якім рыхтуе глебу пад азімую сяўбу. З дня ў дзень перавыконвае даведзеныя заданні.

Хлебаробская дынастыя СурвілаўСёлетняе жніво выдалася для В. В. Сурвілы не менш адказным, чым папярэднія. А было яно дзясятае, юбілейнае, па ліку. Недабрала гаспадарка хлеба. Але і той, што вырас, камбайнеры імкнуліся ўбраць своечасова, да апошняга зярнятка. Прыклад стараннасці паказваў многім і Віктар Вацлававіч. З ранку да вечара шчыраваў у полі. І за камбайнам глядзеў, вось і не падводзіў ён гаспадара. На рахунку руплівага хлебароба 708 тон намалочанага збожжа новага ўраджаю, а гэта па сённяшніх мерках не так ужо і мала.

Пабач з В. В. Сурвілам завіхаўся на жніве і старэйшы сын Яўген. Ён працаваў на адвозцы збожжа на зернеток. Для гэтай мэты бацька даверыў яму свой “Фэндт”. Дарэчы, хлопец таксама вызначыўся. Ён перавёз ад камбайнаў 555 тон збожжа. Невыпадкова і бацька, і сын у ліку ганаровых гасцей раённых “Дажынак”, якія адбудуцца заўтра.

Стаў Жэня трактарыстам не выпадкова. Работа на зямлі была для яго зусім не складанай. Яшчэ ў маленстве хлапчук з зайздрасцю пазіраў на свайго руплівага тату, ганарыўся ім. Калі падрос, неаднойчы садзіўся за руль стальнога каня, якім упраўляў бацька. Пазней працаваў памочнікам камбайнера. Як сам прызнаецца, іншай справы, чым хлебаробская, для сябе не ўяўляў. Таму пасля заканчэння дзевяці класаў Старлыгскага вучэбна-педагагічнага комплексу дзіцячы сад-сярэдняя школа, не раздумваючы, паступіў у Камароўскі сельскагаспадарчы прафесіянальны ліцэй. Закончыў яго летась і дыпламаваным спецыялістам прыехаў на работу ў родную гаспадарку. І аб гэтым сёння зусім не шкадуе.

Другі сын Віктара Вацлававіча і Аксаны Антонаўны Ілья таксама выбраў для сябе прафесію механізатара. Зараз вучыцца ў Вілейскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы. Малодшы сын Віця яшчэ школьнік. Ён таксама марыць прадоўжыць сямейную дынастыю хлебаробаў. Хочацца спадзявацца, што ў яго ўсё атрымаецца. Што бацька і старэйшы брат ім будуць з часам па праву ганарыцца.

Марыя ЛУБНЕЎСКАЯ.

На здымках: 1. В. В. Сурвіла без справы не сядзіць; 2. Дастойны прадаўжальнік хлебаробскай дынастыі Я. В. Сурвіла.

Фота Аляксандра Высоцкага.