“Хлеб – святая справа!”

157

“Хлеб – святая справа!”“УСЛЕД за сонейкам” — такую прыгожую назву мела раённае свята зажынак, якое адбылося ў ААТ “Занарацкі” і па традыцыі дало старт уборачнай кампаніі на Мядзельшчыне. А сонейка і сапраўды лагодна пазірала ў гэты дзень з неба на святочна ўпрыгожаную пляцоўку на ўчастку хлебнага поля. Паабапал размясціліся магутныя збожжаўборачныя машыны, а ля іх застылі ў чаканні каманды хлопцы-камбайнеры мясцовага таварыства, шматлікія госці, жнейкі…

І вось разносяцца над полем пазыўныя свята, гучаць паэтычныя радкі:

Урадзіла сёння ніва.

Хлебаробу слава!

Гэта праца рук руплівых.

Хлеб — святая справа!“Хлеб – святая справа!”Сапраўды, убіраць хлеб — самая што ні на ёсць адказная і пачэсная праца для вяскоўца. Гучыць урачыстая музыка і вядучыя называюць прозвішчы камбайнераў таварыства “Занарацкі”, якія будуць сёлета шчыраваць на жніве. Вядома ж тон задаваць у рабоце будуць, як заўсёды самыя вопытныя, спрактыкаваныя. Такія, напрыклад, як Міхаіл Хільман, Іван Байко і Аляксандр Шчамель. Хлебаробскі стаж кожнага складае чвэрць стагоддзя! Ёсць у гаспадарцы і дэбютанты. Гэта Дзмітрый Усовіч, Іван і Анатоль Кумішчы, Дзмітрый Ахрэм. Яны ўпершыню самастойна выйдуць на ніву і няхай іх праца будзе плённай!

Спявае лірычную песню пра вёску Вольга Буянава з вёскі Старлыгі. І надыходзіць урачысты момант: старшыня райвыканкама І. І. Шацько прымае з рук дзяўчыны ў нацыянальным строі духмяны каравай, які спечаны з дажыначнага снапа мінулага ўраджаю. Ён — нібы эстафета, з пажаданнем, каб сёлетні быў яшчэ больш важкім. Ілья Іванавіч звяртаецца да“Хлеб – святая справа!” прысутных:

— Жніво, як вядома, завяршае намаганні вялікага калектыву, якія былі прыкладзены на працягу года на ўсіх этапах сельскагаспадарчых работ. І кіраўнікам гаспадарак, спецыялістам трэба ў першую чаргу памятаць, што за іх спіной людзі: механізатары, жывёлаводы, якія шчыруюць кожны дзень. Я ўпэўнены, што задачы, якія пастаўлены сёлета перад хлебаробамі Мядзельшчыны, будуць паспяхова выкананы, і новы каравай атрымаецца не менш важкім, чым леташні. Дзякуй за працу і ўдалага вам правядзення жніва!

“Хлеб – святая справа!”Так павялося, што перад жнівом заўсёды прамаўлялі нашы продкі малітву.

І зараз удзельнікі ўборачнай, хлебныя палеткі атрымалі божае благаславенне з вуснаў святара — ксяндза Уладзіслава Шышлы.

У круг выходзяць жнейкі, каб павесці свой спрадвечны рэй. Рассцілаюць абрус, кладуць на яго хлеб-соль. А затым накіроўваюцца да поля, каб зажаць першы сноп ураджаю 2013 года. Атрымлівае яго гаспадар зажынак — дырэктар ААТ “Занарацкі” П. У. Каўрус, які, у сваю чаргу, перадае сноп старшыні райвыканкама І. І. Шацько.

Ілья Іванавіч дзякуе жнейкам за іх працу, уручае ім сімвалічны падарунак.

Пранікнёна гучыць над занарацкімі палеткамі песня “За цябе, Беларусь” у выкананні салісткі Тэрэзы Іватовіч. Па склаўшайся традыцыі дзеці ўручаюць камбайнерам сувеніры і кветкі. А яшчэ паспыталі хлебаробы духмянага караваю. Адчуў яго незабыўны пах і аўтар гэтых радкоў.“Хлеб – святая справа!”

Камбайнераў запрашаюць заняць месцы ў кабінах іх машын, а затым намеснік начальніка ўпраўлення райсельгасхарчу А. В. Марозаў дае старт жніву-2013 на Мядзельшчыне. Разносіцца па наваколлі моцны гукавы сігнал сельскагаспадарчых машын, быццам хлебаробскі набат. Што ж, хлеб, сапраўды, усяму галава! Закончыць хачу такімі вось радкамі, якія пачуў на свяце зажынак:

За гулам працоўным,

за сонечным звонам

Душа хлебароба чакае, як свят,

Ад нівы шчаслівай

апошніх паклонаў,

І чыстых, як золата,

цёплых зярнят!

Аляксандр БЫКАЎ.“Хлеб – святая справа!”

На здымках: 1. Дырэктар ААТ «Занарацкі» П. У. Каўрус з зажыначным снапом; 2. Камбайнеры мясцовага таварыства Мікалай Міхнёў і Міхаіл Хільман перад стартам жніва; 3. Сімвал зажынак — духмяны каравай; 4. Выйшлі ў поле жнейкі.

Фота Аляксандра Высоцкага.