І зерне дасць прыбытак

131

І зерне дасць прыбытакУ АКЦЫЯНЕРНЫМ таварыстве “Свір-Агра” пакінулі сёлета на зерне больш за 60 гектараў кукурузы. І не памыліліся. Каралева палёў дае зараз нядрэнны ўраджай — па 50-60 цэнтнераў з гектара. Галоўны аграном гаспадаркі Л. П. Холад, з якім сустрэўся на збожжаскладзе ў вёсцы Лушчыкі, патлумачыў:

— Вясна сёлета была зацяжная, кукурузу пасеялі позна. Тым не менш, урадзіла яна добра. У тым ліку радуюць вока і ўчасткі, прызначаныя для абмалоту. Надвор’е пакуль спрыяе, і пастараемся намалаціць максімум магчымага. Сёння вось, 8 кастрычніка, ужо маем 25 тон сухога зерня. А ўсяго разлічваем атрымаць тон 500, не менш. Выкарыстаем яго ў цэлым выглядзе на корм для малых цялятак, будзем таксама здрабняць і дадаваць у рацыён дарослай жывёле. І, канечне, пэўная частка пойдзе на рэалізацыю.

— А наколькі, Леанід Паўлавіч, выгадная сёння гэта справа?

— Выгадная і нават вельмі, асабліва калі ўлічыць, што для дапрацоўкі зерня выкарыстоўваем сушылку, якая працуе на дрывах. Наша “дваццацьпятка” цяпер кругласутачна ў рабоце. Спецыяльная брыгада займаецца нарыхтоўкай дроў, а патрабуецца іх нямала. Вільготнасць зерня, якое паступае з поля, дапушчальная 32, максімум 37 працэнтаў. Так што, тэхналагічны працэс ідзе без затрымкі.

— А хто шчыруе на кукурузным палетку?

— Убірае кукурузу на зерне вопытны механізатар Генадзь Лобач на камбайне “КЗС-1218”, абсталяваным спецыяльнай прыстаўкай. У першы дзень намалаціў 36 тон, у другі — 48. Зрэшты, тэмпы можна і павялічыць. Калі Генадзь Мікалаевіч будзе працаваць з ранку да вечара, да 100 тон выдасць на сваім камбайне на гара. Але гэта пры ўмове невысокай вільготнасці. Бо трэба, каб і сушылка ўслед спраўлялася. А так зерне доўга не паляжыць — праз гадзіны чатыры пачынае “гарэць”.

Пакуль гутарылі, прыйшла чарговая машына з зернем. Было яно, сапраўды, даволі сухім, ды і на выгляд прываблівым. І калі ўправяцца як след свіране на кукурузным палетку, хопіць і на корм жывёле, і на рэалізацыю таксама. Што дазволіць папоўніць бюджэт гаспадаркі.

Заканчваюць адначасова ў ААТ “Свір-Агра” закладку кукурузнага сіласу. А яшчэ ўбіраюць на корм люцэрну і канюшыну.

— Змешваем з сіласам і даём жывёле, каб узбагаціць яе рацыён бялкамі і пратэінамі — гаворыць Л. П. Холад. — Тым больш, што камбікорм каштуе дорага. Люцэрна і канюшына стаяць па калена. Калі прамарудзіць, можа травы і снегам накрыць. У такім выпадку яны проста прападуць. Чаго, вядома ж, дапусціць нельга. Таму вось і рупімся.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: Г. М. Лобач на кукурузным палетку.

Фота Георгія Прысмакова.