І на “залу” cпадзяюцца

135

І на “залу” cпадзяюццаВЯСНОЙ гэтага года, а дакладней, 2-га красавіка ва УП “Габы-Агра” на ферме “Новыя Габы” здалі ў эксплуатацыю даільную залу. Што паказалі першыя месяцы работы? Пра гэта расказвае дырэктар прадпрыемства С. І. БУДЗЬКО:

— Пачну з кадраў. На гэтай ферме зменшылася колькасць работнікаў. Працуюць тут усяго дзве асноўныя даяркі: Наталля Васькоўская і Людміла Зылінская. Яны маюць пэўны вопыт, думаю, справяцца і ў новых умовах. Так што, спадзяёмся на іх адказнае стаўленне да сваіх абавязкаў. Праўда, зала яшчэ не поўнасцю загружана, тут утрымліваецца зараз 238 кароў. Пасля завяршэння рэканструкцыі другога памяшкання давядзём колькасць рагуль да 400. Цяпер непасрэдна аб вытворчасці. З пераходам на залу істотна прыбавілі па надоях. Палепшылася значна, што немалаважна, і якасць малака. Калі ў мінулым годзе ў нас прадукцыя ішла, здаралася, і другім гатункам, дык сёлета — толькі першым і вышэйшым. Травы ад фермы непадалёку, што дазваляе арганізаваць кругласутачную пасьбу жывёлы. А непасрэдна дойка займае паўтары-дзве гадзіны. Каровы добра выдойваюцца. Лепш захоўваецца і малако, бо маем два пяцітонныя халадзільнікі, дзе яно ахалоджваецца на працягу дзвюх гадзін да 4-5 градусаў. Жывёла не так хварэе, менш, у прыватнасці, мастыту. Што тычыцца кармлення, выдаём дойнаму статку канцэнтраты ў разліку 350 грамаў на літр малака, возім зараз на ферму і зялёную падкормку, якая складаецца з люцэрны (70 працэнтаў), канюшыны і цімафееўкі ў аб’ёме 20 кілаграмаў на галаву.

Як патлумачыў С. І. Будзько, каб акупіць затрачаныя на даільную залу бюджэтныя грошы (і немалыя), патрабуецца прыкладна гады тры. Вядома ж, пры ўмове дасягнення адпаведных вынікаў.

— А зала гэта з’явілася ў гаспадарцы так своечасова! — падсумаваў Станіслаў Іванавіч. — Людскія рэсурсы вычэрпваюцца, ды і ўвогуле ў жывёлагадоўлі даўно наспелі тэхналагічныя перамены. І ў дзень заўтрашні паглядаем цяпер больш упэўнена. Вось і кармоў сёлета на зіму для грамадскага статка павінны нарыхтаваць больш, асабліва разлічваем на кукурузу. На вырашэнне ўсіх гэтых задач і настройваем людзей.

Аляксандр БЫКАЎ.