… І дзякуй парку “Нарачанскаму” !

130

… І дзякуй парку “Нарачанскаму” !ЖНІВЕНЬ на зыходзе. Прыйшла пара і вяскоўцам парупіцца на ўласных сотках. Па даўняй завя¬дзёнцы дапамагаюць ім мясцовыя гаспадаркі. Вядома ж, пасля таго, як самі ўправяцца з уборкай хлеба. Аператыўна вырашаецца сёлета гэта пытанне на тэрыторыі Нарацкага сельскага Савета. Вось што расказаў пры сустрэчы ўпраўляючы справамі тамтэйшага сельвыканкама Р. В. Жук:

— Мы загадзя склалі спіс гаспадароў, якім патрэбна дапамога ва ўборцы прысядзібных участкаў. Зыходзячы з яго, размеркавалі фронт работ на дзве зоны. Напрыклад, у вёсках Чараўкі, Пасынкі, Целякі, Антонізберг, Ляшчынск, Скары апрацоўваў участкі Нацыянальны парк “Нарачанскі”. Выдзелілі для гэтай мэты тры камбайны, і практычна за адзін дзень былі выкананы ўсе заяўкі. У другую зону ўвайшоў аграгарадок Нарач і навакольныя вёскі. Тут ужо не абышлося без дапамогі таварыства “Нарацкая ніва-2004”. Людзі таксама задаволены, скаргаў ні ад каго не паступала. На сёння (аўторак 20 жніўня) заставаліся невыкананымі ўсяго 7 заявак. Да канца тыдня гэта работа будзе завершана. Цана соткі вагаецца ад 10 да 13 тысяч рублёў. Можа для каго і зашмат, але, у любым выпадку, вяскоўцы засталіся ў прыбытку. Убралі іх участкі своечасова і, што не менш важна, якасна! Іншая справа, калі сам гаспадар нядбайны: два мяшкі пасеяў, два мяшкі сабраў…

Пацвердзіў словы спецыяліста жыхар вёскі Антонізберг Г. С. Казлоўскі, да якога мы завіталі ў гэты ж дзень.

— У мяне на 40 сотках вырасла азімая і яравая пшаніца, а таксама трыцікале, — тлумачыць Генадзь Станіслававіч. — Яравыя атрымаліся сёлета нядрэнныя, чаго не скажаш пра азімыя. Тым не менш, ураджаем магу задаволіцца, бо ўдалося захаваць яго да зярнятка. Прыехалі да нас у нядзелю ў 9 гадзін тры камбайны і да трох гадзін абмалацілі ўчасткі. Вось таму ад імя жыхароў вёскі збіраемся напісаць падзяку кіраўніцтву Нацыянальнага парку “Нарачанскі”. Ёсць за што: убралі хутка, чыста. У кожнага гаспадара, як кажуць, паспакайнела на душы.

— А не дарагаваты для вас кошт паслугі?

— Палічыце самі. З участка атрымаў 35 мяшкоў збожжа. За тыя грошы, што аддаў за абмалот, на рынку столькі б не купіў. Ды яшчэ прывезці дадому трэба. А тут усё на месцы, і нікуды бегаць не трэба. Гаспадарка ў мяне вялікая, жывёлы хапае. Трох кароў трымаю. Ёсць і конь. Так што, кармоў патрабуецца шмат. І сёлетні ўраджай, вядома ж, пойдзе ў справу.

Аляксандр БЫКАЎ.

На здымку: жыхар вёскі Антонізберг Г. С. Казлоўскі з пшанічкай новага ўраджаю.

Фота Аляксандра Высоцкага.